Купить антивирус касперского на Support.by        аренда виртуального cервера на Support.by

Б  Я  Р  Э  З  І  Н  С  К  А  Я  Ц Э Н Т Р А Л І З А В А Н А Я    Б І Б Л І Я Т Э Ч Н А Я   С І С Т Э М А

АДРАС: 223311, Беларусь, Мінская вобл., в. Васілеўшчына

КАНТАКТНЫ ТЭЛЕФОН: (8 017 15) 32 737

БІБЛІЯТЭКАР ІІ КАТЭГОРЫІ: Клініцкая Людзміла Ігнатаўна

 

БЯРЭЗІНСКАЯ ЦБС

З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
ДА ЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ

ЛЕТАПІС ЦБС

СТРУКТУРА

БЯРЭЗІНСКАЯ ЦБ

БЯРЭЗІНСКАЯ ДБ

СЕЛЬСКІЯ ФІЛІЯЛЫ

ДЫНАМІКА ПАКАЗЧЫКАЎ

КАТАЛОГІ

ПАСЛУГІ

АМАТАРСКІЯ АБ'ЯДНАННІ

КЛУБ ТВОРЧЫХ СУСТРЭЧ

У НАС У ГАСЦЯХ

ПАЗНАЁМ БАЦЬКАЎШЧЫНУ

КАЛЕКТЫЎ

КАНТАКТЫ

МЫ Ў ДРУКУ, ДРУК ПРА НАС

НАВІНЫ

КАРТА САЙТА

ПРАФСАЮЗНАЕ ЖЫЦЦЁ

 

ВАСІЛЕЎШЧЫНСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА заснавана 3 кастрычніка 1962 года і першапачаткова найменавалася Кукараўскай па месцы першай дыслакацыі ўстановы. Першы бібліятэкар – Цэдрык Ніна Цярэнцьеўна працавала да выхаду на пенсію да 1978 года. Спачатку бібліятэка размяшчалася ў памяшканні Кукараўскага лясніцтва. Кніжны фонд быў сфарміраваны з фондаў Бярэзінскай раённай і дзіцячай бібліятэк і налічваў каля 1 000 экземпляраў.

У 1964 годзе пабудавалі Кукараўскі сельскі клуб і бібліятэка ў 1965 годзе перамясцілася ў адно з яго памяшканняў. Паступова павялічваўся кніжны фонд, абслугоўвалася звыш 500 чытачоў. На канец 1977 года кніжны фонд бібліятэкі складаў 8 436 экз. рознагаліновай літаратуры.

Кукараўская бібліятэка была ў ліку адстаючых. Але з прыходам у сакавіку 1978 загадчыцы Людзмілы Ігнатаўны Клініцкай, становішча значна выправілася. Быў зроблены рамонт бібліятэкі, прыгожа аформлены інтэр'ер. Сама абстаноўка гаварыла аб тым, што тут чакаюць чытача, і ён тут – жаданы госць. Людзміла Ігнатаўна заўсёды была гатова даць карысную параду, падтрымаць добрым словам, проста выслухаць чужыя праблемы і пытанні, і, канечне, параіць пачытаць што-небудзь цікавае – кнігу ці перыёдыку. Да таго ж бібліятэкар валодае артыстычнымі данымі і навыкамі выступлення перад аўдыторыяй, што адразу вылучыла бібліятэку як базу правядзення цікавых мерапрыемстваў для вяскоўцаў.

Творчая садружнасць загадчыцы з калегамі Вяшэўскай і Пагосцкай бібліятэк прывяла к стварэнню ў 1988 годзе літаратурна-прапагандысцкай групы “ЛІРА”, якая яшчэ больш спрыяла ўдасканальванню масавай работы сіламі бібліятэкараў аднаго сельскага Савета. Сустрэчы ў чырвоных кутках ферм у хвіліны адпачынку жывёлаводаў за кубкам чаю сталі нормай для ЛПГ. Шырокае прызнанне ў слухачоў атрымала выступленне па тэме “Беларусы смяюцца і жартуюць”. Сустрэчы ЛПГ з працаўнікамі і жыхарамі вёсак Пагосцкага сельскага Савета не заціхаюць і цяпер. Іх увазе адрасаваны літаратурна-музычныя кампазіцыі “Здароўе – мудрых ганарар”, “За здаровы лад жыцця”, “Вясна і каханне”, “Слаўлю ў песнях цябе, Беларусь”, “Ад гарэлкі розум мелкі”, “Краса зямная – жанчына”, “Хлеб – гэта будні і святы”, “Смех – лепшае лякарства”, “Век жыві – век вучыся”, “Для мілых дам”, “Свята бульбы”, “Медыцынскі веснік - перасмешнік” і іншыя. Задавальненне ад такіх сустрэч узаемнае. Выступленні членаў ЛПГ дапамагаюць адпачынак людзей рабіць больш насычаным, эмацыянальным, садзейнічаць павышэнню прэстыжу культработніка на сяле.

Прыярытэтнамі накірункамі дзейнасці бібліятэкі стала краязнаўства і прапаганда беларускай літаратуры. Вялася пошукавая работа ў рамках кампаніі “Быць гісторыкам сваёй вёскі”. Краязнаўчы куток папоўніўся новымі матэрыяламі: “Гісторыя вёскі ў імёнах і фактах”, “Кніга рэкордаў Гінеса вёскі Кукарава”, “Хата – мой сусвет: сімволіка рэчывага свету хатняга абсталявання, прадметаў побыту, цацак, адзення”, “Бярэзіншчына ў легендах і паданнях”…. З мэтай прапаганды сабраных матэрыялаў праводзіліся краязнаўчыя пятніцы з цыклам мерапрыемстваў “О, вёска, ты – мая калыска”.

Амаль кожны чацвер месяца праводзіліся дні беларускай літаратуры з абавязковым выкарыстаннем беларускай мовы як сродка зносін бібліятэкара і чытача, папулярызаваліся лепшыя мастацкія творы беларускіх аўтараў цыкла “Чарговы, звыклы, неабходны беларускі раман”, праводзіліся літаратурныя гадзіны, інфарміны да юбілейных дат вядомых беларускіх пісьменнікаў.

У 1994 годзе Кукараўскай бібліятэцы па рашэнню №4 Пагосцкага сельскага Савета ад 28 лютага прысвоена імя ўраджэнца вёскі Кукарава, вядомага літаратуразнаўцы Паўла Кузьміча Дзюбайлы.

У зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзілі 5 вёсак: Кукарава, Васілеўшчына, Вярхлёўка, Гацец, Стайчанка. На 1 студзеня 1996 года колькасць насельніцтва складала 493 жыхары. На базе вёскі Васілеўшчына працаваў пункт выдачы, а жыхары вёсак Гацец, Вярхлёўка, Стайчанка абслугоўваліся з дапамогай кніганош з ліку вучняў старэйшых класаў. Па выніках 1995 года ў бібліятэцы чытала 226 чытачоў, якім было выдадзена 3 325 экз. друкаваных выданняў. Фонд бібліятэкі налічваў 4 945 экземпляраў кніг, часопісаў, газет і іншых дакументаў.

У рамках акцыі “Дапамажы бібліятэцы” 2000 года чытачамі было падорана 25 кніг, кіраўніцтвам ПСГ МАЗа аформлена падпіска на ІІ квартал (3 найменні часопісаў і 2 газет). У сувязі са слабым папаўненнм кніжнага фонда вялася пашыраная прапаганда перыядычных выданняў, рэклама творчасці мясцовых аўтараў.

Насельніцтва вёскі Кукарава складалі у асноўным састарэлыя людзі, паступова вёска Кукарава перайшла ў разрад малаперспектыўных населеных пунктаў, школы не мелася, таму прыерытэтнай ў дзейнасці бібліятэкі стала сацыяльная функцыя. У 2001 годзе было апрабіравана правядзенне акцыі міласэрнасці “Бібліятэка дапаможа”. Пашырылася не толькі надомнае абслугоўванне бібліятэчнай кнігай інвалідаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, хворых, адзінока-пражываючых састарэлых людзей, а і аказавалася ім практычная дапамога па гаспадарцы, дастаўцы прадуктаў харчавання, лекаў, медыцынскія паслугі ў вымярэнні крывянога ціску танометрам, станаўленні банак, гарчычнікаў, правядзенні ін'екцый. Бібліятэка набыла статус бібліятэкі сацыяльнага абслугоўвання з распрацоўкай спецыяльнага палажэння і зацвярджэннем адміністрацыяй ЦБС і кіраўніцтвам аддзела сацыяльнай абароны райвыканкама..

З нагоды святкавання 125-гадовага юбілею славутых беларускіх пісьменнікаў Я. Купалы і Я. Коласа ў 2002 годзе праводзілася значная работа па прапагандзе іх творчасці праз літаратурныя і паэтычныя гадзіны,літаратурна-музычныя кампазіцыі, конкурсы на лепшага знаўцу творчасці класікаў і інш.

Негатыўныя змены апошніх гадоў у дэмаграфічнай структуры насельніцтва вёскі Кукарава, дзе пражывала ўсяго 90 чалавек з перавагай людзей сталага ўзросту і патрэба капітальнага рамонту будынка бібліятэкі, вымусіла ў ліпені 2003 года прыняць рашэнне аб перамяшчэнні бібліятэкі на базу канторы ПСГ МАЗа ў вёску Васілеўшчына. Тады ж загадам №23 Бярэзінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ад 1 верасня 2003 года бібліятэка была перайменавана ў Васілеўшчынскую. Бібліятэка размясцілася ў двух пакоях: адзін адведзены пад кнігасховішча, у другім – выставачныя формы і куток дзіцячай літаратуры. Адбылося поўнае пераафармленне нагляднасці выставачных форм бібліятэкі. На базе вёскі Кукарава стаў функцыяніраваць пункт выдачы. Па выніках 2004 года ў ім налічвалася 68 чытачоў, якім выдадзена 635 экз. кніг, часопісаў і газет. Усяго за год кнігавыдача склала 3 936 экз., у бібліятэцы чытала 250 чалавек. Кніжны фонд складаў 4 718 экз. кніг і іншых матэрыялаў.

У сувязі з пераездам змяніўся профіль работы бібліятэкі і ўстанова стала спецыялізавацца як бібліятэка сямейнага чытання. У 2004 годзе пры бібліятэцы створаны клуб сямейнага чытання “Хатнічак”. Ён аб'яднаў актыўныя чытацкія сем'і, розныя па сацыяльнаму статусу, адакацыі і ўзросту. Сябры клуба – дзеці і дарослыя 7 вясковых сем'яў збіраюцца, каб разам правесці свой вольны час, абмеркаваць хвалюючыя пытанні, абмяняцца вопытам з практыкі хатніх майстроў і сямейнымі рэцэптамі пад дэвізам “Бібліятэчная сям'я – сем яркіх “Я”. Дзеці разам з бацькамі абмяркоўваюць апошнія кніжныя навінкі і праблемы сучаснай сям'і, у іх з'яўляюцца агульныя інтарэсы. Візітнай карткай прыбібліятэчнага клуба служыць разгорнутая выстава “Хатнічак” раскрывае сакрэты”, на якой знайшлі адлюстраванне цікавыя матэрыялы з практыкі калектыўнага жыцця клуба, сямейныя фотаздымкі, сямейны партрэт “Хатнічка”. З мэтай павышэння ўзроўню культуры бацькоў, аказання ім дапамогі ў выхаванні дзяцей створаны спецыялізаваны фонд “Бібліятэка сямейнага чытання”, дзе жадаючым прапаноўваецца шырокі выбар літаратуры: ад парад знакамітых педагогаў-псіхолагаў - да рэкамендацый па хатняму рамонт. Тут заўсёды можна знайсці нешта новае і цікавае, напрыклад, інфармацыйныя лісткі па тэмах “Як прывіць дзіцяці любоў да кнігі”, “10 “можна” і 10 “нельга” для дзіцяці”, паштоўкі “Пісьмы бацькам”. Добра зарэкамендавалі сябе рэкламнікі і чытацкія партрэты пад назвай “Тата, мама, я – чытаючая сям'я”, “Лепшая чытаючая сям'я”, “Мы выбіраем кнігу”, “Вясковая сям'я ў святле захапленняў”, “Сямейныя дынастыі”. У бібліятэцы створаны “сямейны кнігаабмен” з уласных бібліятэк вяскоўцаў.

Жаданыя госці ў бібліятэцы падлеткі. З дапамогай кнігі Людзміла Ігнатаўна імкнецца выхоўваць у юных чытачоў станоўчыя адносіны да іншых людзей, вучыць весці здаровы лад жыцця, несці адказнасць за свае дзеянні і ўчынкі, быць міласэрнымі, добрымі і шчырымі, берагчы зямлю, на якой яны жывуць.

Не застаюцца без увагі бібліятэкара і такія групы чытачоў, як інваліды, ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, пажылыя людзі. А аднавяскоўцам з вёскі Кукарава Людміла Ігнацьеўна дастаўляе кнігі на дом. Неаднойчы жанчына чула такія словы: "Добрая кніга прымушае нас забыць аб многім, прыемныя пачуцці ад прачытанага ўздымаюць настрой і дапамагаюць выздараўленню".

Бібліятэка стала астраўком духоўнасці ў моры сённяшняй абыякавсці і раўнадушша. Гэта добра разумее бібліятэкар. Таму і бярэ з сабой кожны дзень на працу ўважлівасць, шчырасць і добрыя адносіны да кожнага.

Апроч гарантаваных бясплатных паслуг, бібліятэка ў 2007 годзе пачала аказваць платныя паслугі за выдачу кніг з камерцыйнага фонду .

1 раз у месяц працягваюцца ўзаеманаведванні-візіты да калег-бібліятэкараў Пагоскага сельскага Савета з абменным вопытам, калектыўнай парадай над сцэнарнымі матэрыяламі ЛПГ “ЛІРА” па абслугоўванні школы і вытворчых участкаў Пагосцка-Вяшэўска-Васілеўшчынскай зон.

У 2008 годзе ЛПГ адзначыла сваё 20-годдзе, тым самым зацвярдзіўшы жыццяздольнасць і запатрабаванасць такой формы насельніцтвам. Па выніках раённага агляду-конкурсу “Аматарскае аб'яднанне: імідж бібліятэкі – 2008” ЛПГ “ЛІРА” стала заслужаным пераможцай у намінацыі “Лепшае творчае аб'яднанне бібліятэкараў”, прыкладам для калег ў справе пашырэння творчых кантактаў і ўзаемадапамогі ў калектыўнай справе служэнне людзям праз кнігу адрасуючы пранікнёнае публічнае слова людзям сцвярджаючы дэвіз “Разам мы – сіла”. Кожны непаўторны, дапаўняе іншага. Яднанне намаганняў множыць патэнцыяльныя сілы і здольнасці творчага аб'яднання.

На канец 2011 года фонд бібліятэкі налічваў 4 115 экземпляраў друкаваных выданняў, якім карысталіся 254 чытачы. Запатрабаванай формай заставаўся бібліятэчны пункт на базе в. Кукарава. За год было абслужана 66 чытачоў, якім выдадзена 684 экземпляраў кніг і перыядычных выданняў.