|
![]() |
![]() |
АДРАС: 223331, Беларусь, Мінская вобл., в. Уша КАНТАКТНЫ ТЭЛЕФОН: (8 017 15) 49 0 24, E-MAIL: usha-sb@mail.ru БІБЛІЯТЭКАР: Клімовіч Наталля Яўгенаўна |
З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
|
УШАНСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА паводле ўспамінаў старажылаў вёскі Уша была заснавана пасля вайны, называлася хатай-чытальняй і знаходзілася ў адным будынку з мясцовым сельскім Саветам ў былым панскім доме Равы. Загадвала хатай-чытальняй мясцовая жыхарка Мілько Марыя
У пачатку 60-ых гадоў сіламі вясковай моладзі быў пабудаваны Ушанскі сельскі клуб, у якім пачалі дэманстраваць адразу нямое, а потым агучанае кіно. Кнігі з хаты-чытальні былі перададзены ў клуб і захоўваліся ў шафа У верасні 1966 года па рашэнню выканкама сельскага Савета з прыклубнай бібліятэкі была створана Ушанская сельская бібліятэка. Загадчыцай установы быў прызначаны адукаваны спецыяліст з сярэдняй адукацыяй Завадская Фаіна Мікалаеўна, якая працавала на займаемай пасадзе 34 гады. На перыяд дэкрэтнага адпачынку яе замяняла Корсак Марыя Клімаўна (01.03.1981 – 23.10.1983гг.). На той час бібліятэка налічвала крыху больш за тысячу кніг. Яны размяшчаліся ў шафах без ніякай сістэмы, і таму наёпершай справай бібліятэкара было разабраць кнігі па аддзелах, апісаць іх на карткі, стварыць даведачны апарат, завесці інвентарныя кнігі. У 1967 годзе бібліятэка была пераселена ў невялічкі пакойчык плошчай 12 кв. м. з адным вакном памяшкання сельскага Савета. Палову памяшкання, дзе знаходзілася бібліятэка, займала кантора мясцовай гаспадаркі. Так па-суседску і працавалі. Ацяплялася памяшканне бібліятэкі з дапамогай печкі-стаяка. У гэтым жа годзе ў бібліятэку былі набыты першыя аднастароннія стэлажы: 2 драўляныя, пазней 2 жалезныя. Стала лягчэй працаваць, з'явілася магчымасць аформіць кніжную выставу. Затым прывезлі каталожныя скрынкі. У 1969 годзе адміністрацыйны цэнтр гаспадаркі перанеслі ў вёску Котава, і бібліятэка стала займаць усю плошчу памяшкання. Вось тады стала больш вальней. Сельскі Савет аддаў клубны тэлевізар “Зорька”, але працаваў ён дрэнна (захоўваецца ў бібліятэцы як рэрытэт і цяпер). Кніжны фонд з кожным годам павялічваўся, і на той час налічваў звыш 5 000 экз. Кнігі завозіліся транспартам вузла паштовай сувязі з абласнога аддзела камплектавання. Кожны завоз складаў да 200 экземпляраў. Бібліятэкар сама запісвала іх у інвентарныя кнігі, уносіла ў і каталогі. У год выпісвалася да 20 найменняў перыядычных выданняў. Пастаяннымі чытачамі значылася звыш шасцісот чалавек. Каб наблізіць кнігу да чытачоў, зрабіць яе больш даступнай, былі створаны тры бібліятэкі-перасоўкі ў вёсках Восава, Старая Уша і Любач, адказнасць за якія неслі Леанід Якімовіч, Рыгор Зоскавіч і Леанід Шукан. Гэтыя юнакі самі былі вялікімі аматарамі літаратуры і стараліся прывіваць любоў да кнігі іншым. Пастаянным чытачом бібліятэкі з'яўляўся рабочы саўгаса "Уша" Іван Маркевіч, які ў недалёкім будучым праславіў сваю малую радзіму журналісткім і пісьменніцкім талентам, а бібліятэка па рашэнню № 2 Ушанскага сельскага Савета ад 18 лютага 1994 года стане насіць яго ганаровае імя і беражліва захоўвае адзіныя экземпляры выдання земляка “Васількі”, “Камандзіроўка”. Бібліятэка годна выконвала місію галоўнага правадніка ідэй партыі і ўрада ў народныя масы. Актывізавалася работа бібліятэкі да векавога юбілею з дня нараджэння У.І. Леніна. Былі аформлены стэнды для дарослых і дзяцей, складаліся рэкамендацыйныя спісы, праводзіліся масавыя мерапрыемствы, наладжваліся гучныя чытанні сярод вучняў мясцовай школы. У бібліятэцы быў створаны куток перадавога вопыту, дзе была прадстаўлена сельскагаспадарчая літаратура, аб перадавіках і наватарах сельскагаспадарчай вытворчасці, аб вопыце іх работы. Бібліятэка была пярвейшым прапагандзістам перадавога сельскагаспадарчага вопыту сярод спецыялістаў мясцовай сельскагаспадарчай вытворчасці – саўгаса “Уша”. У 1976 годзе ў сувязі з цэнтралізаваным уключэннем бібліятэкі ў склад раённай сістэмы значна палепшыліся ўмовы яе работы. Бібліятэка папоўнілася новым абсталяваннем: набыта кафедра выдачы, часопісныя столікі, банкеткі. Кнігі дастаўляліся з Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі ўжо апрацаваныя. Аказвалася кваліфікаваная метадычная дапамога, наладжваўся абмен вопытам работы. Па выніках 1977 года ў бібліятэцы налічвалася 8 200 экземпляраў рознагаліновай літаратуры. Наладжанае цеснае супрацоўніцтва з адміністрацыяй сельскага Савета, настаўніцкім калектывам мясцовай школы, супрацоўнікамі іншых структур вёскі дазваляла весці індывідуальную і калектыўную інфармацыю аб навінках літаратуры, як мастацкай, так і ў дапамогу спецыялістам, у правядзенні масава-прапагандыскай работы. У бібліятэцы пастаянна афармляліся выставы, тэматычныя паліцы, стэнды на актуальныя тэмы таго часу. Бібліятэка карысталася запытам у вяскоўцаў. За 1980 год бібліятэку наведалі 6 242 разы 716 чытачоў, якім было выдана 14 128 экземпляраў рознагаліновай літаратуры. Ішоў час. Становішча бібліятэкі пагаршалася: памяшканне патрабавала рамонту, слаба папаўняўся кніжны фонд, што, адпаведна, выклікала значнае зніжэнне колькасці чытачоў. Каб прыцягнуць мясцовае насельніцтва да чытання бібліятэчнай кнігі ў бібліятэцы наладжваліся Дні адчыненых дзвярэй “Кніга адкрывае свет”. Праз рэкламнік “Самы, самы” вялася прапаганда лепшых чытачоў і чытацкіх сем'яў бібліятэкі. Юным наведвальнікам прысвойваўся тытул “Бібліятэчны грамацей”. Аформленая выстава “Кніга лечыць” прадстаўляла рубрыкі “Сам сабе доктар”, “Прымяненне лекавых раслін у медыцыне”. Праводзіліся гадзіны інфармацыі па перыядычных выданнях “Сёння ў друку”, “Часопіс раіць”, “Газета для вас”, “А вы чыталі?” і іншыя. Большасць мерапрыемстваў праводзілася ў школе з дапамогай настаўнікаў. У сваю чаргу бібліятэка інфармавала педкалектыў аб паступленні новай літаратуры і дапаможных матэрыялаў у дапамогу школьным прадметам і выхаванню падрастаючага пакалення. З ліку школьнікаў на базе бібліятэкі ў 1989 годзе пачаў працаваць лялечны гурток “Пятрушка”, у рэпертуары якога значыліся лялечныя спектаклі “Калабок”, “Лісіца-хітрыца”, “Заяц-агароднік”, “Маша і мядзведзь” і іншыя. У 1990 годзе бібліятэку перасялілі ў старое памяшканне школы, а былы будынак аддалі пад кватэры работнікам калгаса. У зімовы перыяд у гэтым памяшканні было вельмі халодна, не ўратоўвалі нават печкі. Па выніках 1995 года ў бібліятэцы чытала толькі 300 чытачоў, з іх 119 дзяцей школьнага ўзросту. Кнігавыдача склала 4 413 экземпляраў, з іх 68 % кніг, хаця і перыядычныя выданні карысталіся запытам. За год паступіла толькі 35 кніг. Кніжны фонд налічваў 6 443 экземпляры друкаваных выданняў. У 1996 годзе камплект лялек перададзены ў школу, гурток “Пятрушка” працягнуў існаванне ўжо ў школьнай ўстанове, яго кіроўніком стала важатая Цюхай А.М. Асноўныя накірункі дзейнасці прадугледжвалі садружнасць са школай па прапагандзе літаратуры беларускіх аўтараў і краязнаўчых матэрыялаў, назапашаных у ходзе пошукавых аперацый “Быць гісторыкам сваёго краю”. Праз краязнаўчыя гадзіны “Вёска ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Вёска, якой няма на карце Бярэзіншчыны (знікшая в. Пісюта)”, “Вось якія мы” (па кнізе рэкордаў Гінеса вёскі Уша), “Вёска мая, я – часцінка твая: людзі і справы ушанскай зямлі”, “Нарадзіліся ў нашай вёсцы: вядомыя за яе межамі: пісьменнік І. Маркевіч, мастак В. Ваньковіч”, “Паплечнік А. Міцкевіча – В. Ваньковіч”, “Трагічны лёс, гучная песня” (кампазітар М. Равенскі, ураджэнец в. Капланцы) і іншыя вучням школы даведваліся аб гісторыі свайго краю і людзях, якія яго праслаўлялі. У 1998 годзе, дзякаючы намаганням раённага кіраўніцтва аддзела культуры, бібліятэку перасяляюць у вялікі пакой на першым паверсе двухпавярховага будынка Ушанскага сельскага Савета. Сіламі бібліятэкара быў зроблены рамонт: пафарбаваны вокнавыя рамы і падлога, пабелена столь і паклеены шпалеры. Памашканне атрымала спрыяльныя ўмовы для размяшчэння кніжнага фонда і афармлення выстаў. Пастаянную прапіску атрымалі экскурсіі ў бібліятэку вучняў малодшых класаў, Дні казак па творах вядомых казачнікаў. Асноўная праблема ў рабоце канца 90-ых гадоў – фінансавая: няма новых паступленняў, скарацілася падпіска на перыядычныя выданні. Таму асаблівая ўвага надавалася прапагандзе беларускай літаратуры. Кожны чацвер тыдня праводзіліся Дні беларускай літаратуры, у рамках якіх ладзіліся літаратурныя і паэтычныя гадзіны, гутаркі, інфарміны па творах, якія друкаваліся на старонках часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, “Неман”. У сакавіку 2000 года ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак Фаіна Мікалаеўна Шумская перадала бібліятэку зямлячцы Клімовіч Наталлі Яўгенаўне, якая працуеі пацяперашні час. Усё сваё працоўнае жыццё Фаіна Мікалаеўна прысвяціла бібліятэчнай справе. З яе слоў, яшчэ школьніцай, яна марыла стаць бібліатэкарам, бо вельмі любіла чытаць кнігі. Калі мара яе здзейснілася, то без увагі не засталася ніводная бібліятэчная кніга – ўсе прачытваліся ад коркі да коркі. І калі прыходзілі чытачы, бібліятэкар беспамылкова ведала, што прапанаваць кожнаму, зыходзячы з чытацкіх густаў: каму прыгоды, каму паэзію а каму класіку. У бібліатэцы заўсёды было ўтульна па-дамашняму. Яна заўсёды нешта пісала, малявала, афармляла, аб чым сведчыць архіў са шматлікіх альбомаў, папак і іншых матэрыялаў. Частымі наведвальнікамі былі школьнікі. Нават цяперашні бібліатэкар, Клімовіч Наталля, у бытнасць навучання ў школе, з першага класу штодня бегала да “цёці Фені” пагартаць кніжкі або проста пагутарыць, бо яна валодала здольнасцю выслухаць, пажартаваць ці што-небудзь расказаць малым. З Фаінай Мікалаеўнай школьнікі рыхтавалі канцэрты, з якімі пасля ездзілі на “гастролі” па фермах, па брыгадах калгаса, выступалі ў сваёй школе. Вясковым гледачам вельмі падабаліся гэтыя выступленні бібліятэчных артыстаў. Цяпер, будучы на пенсіі, Фаіна Мікалаеўна ніколі не абыходзіць бібліятэку. Заўсёды зойдзе і пацікавіцца справамі, калі што трэба – падкажа, параіць, як лепей зрабіць. Яна ніколі не пакідае без увагі ніводную новую кніжку. Вось такая гэта жанчына – сапраўдны бібліатэкар, адданая сваёй справе на ўсё жыццё. Яе не аднойчы ўзнагароджвалі Ганаровымі граматамі, падзячнымі лістамі і грашовымі прэміямі за добрсумленную працу. Не адзін созыў Фаіна Мікалаеўна была дэпутатм сельскага Савета. Пад час афганскай вайны страціла сына Уладзіміра, які пасмяротна ўзнагароджаны і занесены ў рэспубліканскую кнігу “Памяць”, яго імя носіць вуліца горада Беразіно. Наталля Яўгенаўна Клімовіч дастойна працягвае традыцыі калегі. Дэталёва прадумана расстаноўка кніжнага фонду, афармленне памяшкання; прыцягваюць увагу наведвальнікаў розныя формы нагляднасці. Радуе вока чытачоў і мноства пакаёвых кветак. Атмасфера ўтульнасці і камфорту прыцягвае наведвальнікаў. Ушанская сельская бібліятэка забяспечвае абслугоўванне 13 населеных пунктаў: Беліца, Грады, Дзямешкава, Замак, Калюжыца, Любач, Мурава, Новая Машчаніца, Восава, Сялянка, Снуя, Старая Машчаніца, Уша, у якіх па выніках 2002 года пражывала 701 чалавек. 351 жыхар быў карыстальнікам бібліятэкі. Намаганнямі бібліятэкара для жыхароў аддаленых вёсак Любач, Восава былі арганізаваны пункты выдачы кніг. Аб'екты павышанай увагі і клопату бібліятэкара - састарэлыя людзі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, а таксама інваліды дзяцінства і інваліды І – ІІ груп, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якім кнігі дастаўляюцца на дом. У 2003 годзе ў сувязі з закрыццём блізляжачай Котаўскай сельскай бібліятэкі пашырылася зона абслугоўвання Ушанскай бібліятэкі з дадатковым уключэннем 6-ці населеных пунктаў Бярозаўка, Клёнаўка, Котава, Крупа, Новая Князеўка, Старая Князеўка. Ушанская сельская бібліятэка стала адзінай культурнай установай у сельскім Савеце, у зону якой уваходзяць 19 населеных пунктаў з а гульнай колькасцю насельніцтва звыш 1 000 чалавек. На базе вёскі Котава цяпер працуе бібліятэчны пункт выдачы . Па выніках 2003 года Ушанскай бібліятэкай было абслужана 460 чытачоў, якім выдадзена 5 289 экз. кніг і іншых друкаваных выданняў. Кніжны фонд бібліятэкі налічваў 4 775 экземпляраў. Аднак гэта літаратура не карыстваецца попытам у наведвальнікаў, а новай паступае зусім мала: за 2003 год паступіла толькі 13 кніг. Таму, каб задаволіць запыты чытачоў, кнігі бяруцца ў часовае карыстанне з кнігасховішча цэнтральнай бібліятэкі. У 2006 годзе апрабіравана выдача кніг з камерцыйнага фонду на платнай аснове. На заклік акцыі “Дапамажы бібліятэцы!” адгукнуліся Аксана Юльянаўна Лютарэвіч, Наталля Іосіфаўна Паляшчук, Ала Іванаўна Бяльковіч, Марыя Сямёнаўна Мілько і інш. Сярод чытачоў бібліятэкі ёсць і такія, што прапануюць свае кнігі ў часовае карыстанне. Гэта Жанна Іванаўна Лук'янчык. А гэта лепшы доказ таго, што традыцыі мясцовых работнікаў культуры па далучэнню да друкаванага слова не забыты і знаходзяцца ў надзейных руках. Рэклама і прапаганда лепшых літаратурных твораў прысутнічае ва ўсіх масавых мерапрыемствах бібліятэкі, ва ўсёй сістэме бібліятэчных выстаў, у афармленні якіх удала выкарыстана спалучэнне выяўленча-мастацкага і камп'тэрнага афармлення. Назапашаны за гады дзейнасці бібліятэкі краязнаўчы матэрыял арыгінальна і адметна прадстаўлены на выставе “Мой край – зямля Ушанская Бярэзіншчыны любай”. Цікавіць матэрыяламі пра сусветныя беларускія рэкорды, пра беларусаў, якія праславілі краіну ў свеце, пра старажытныя беларускія гарады выстава “Жыву ў Беларусі - і тым ганаруся!”. Выстава кантрастаў і супрацьпастаўленняў “Прырода велічная і безабаронная” нагадвае пра экалагічную праблему ў двухварыянтным аспекце. Тут удала пададзены літаратурныя мастацкія творы пісьменнікаў-песняроў прыроды В. Карамазава і В. Казько, трывожныя праблемныя творы постчарнобыльскага часу. Выстава “Сям'я – вянец чалавечага грамадства” неардынарна паказвае спрадвечную тэму бацькоў і дзяцей, сямейных традыцый у выбары прафесіі і фарміраванні паводзін маладых, свет сямейных захапленняў. Не мае аналагаў у бібліятэчнай практыцы і выстава “Чорнае на светлым”, дзе шкодныя звычкі прадстаўлены чорнай небяспечнай плямай на твары грамадства. Маштабы наступстваў п'янства ў сям'і, наркаманіі ў маладзежным асяроддзі, СНІД-рызыкі ў сферы пачуццяў, тытунёвай моды ў грамадстве выступаюць на выставе ярка і лаканічна – формай плаката “Праблема літаратурным пункцірам – мовай шок-статыстыкі”. Рэкамендуецца ўзорная беларуская літаратура, якой ёсць чым здзівіць свет у асяроддзі імён т твораў лаўрэатаў міжнародных і дзяржаўных літаратурных прэмій, класікаў і першапачынальнікаў літаратурных жанраў на выставе “Літаратурнае суквецце Беларусі”. Дзіцячы куток – прыклад інфармацыйна-рэкламнага прадстаўлення лепшых кніг для дзяцей і падлеткаў, асабліва казак – спадарожнікаў дзяцінства ўсіх часоў.
Ушанскай сельскай бібліятэцы больш за паўвека. За гэтыя гады многае змянілася ў арганізацыі абслугоўвання чытачоў, у формах папаўнення фонду. Аднак нязменнай засталася любоў і павага чытачоў да кнігі і бібліятэкараў, якія прывучылі іх цаніць і шанаваць друкаванае слова. Пазітыўны імідж сельскай бібліятэкі працяглы час ствараўся, дзякуючы людзям, якія тут працавалі і працуюць. Наталля Яўгенаўна Клімовіч здолела замацаваць імідж сваёй установы як цэнтра літаратурнага выхавання, наладзіла адмысловую сістэму абслугоўвання навучэнцаў мясцовай школы, дэталёва прадумала інтэр'ер функцыянальных зон, выпрацавала формы творчых зносін з настаўнікамі, разнастаіла элементы літаратурна-выхаваўчай работы. Пэўны час пры бібліятэцы працуе клуб “Кнігавічок”, дзе збіраюцца актыўныя памочнікі бібліятэкара. Па выніках раённага агляду-конкурсу 2006 года “Мая бібліятэка” Ушанская бібліятэка па праву заняла заслужанае месца ў намінацыі “Бібліятэка літаратурнага выхавання”. Бібліятэка стала пераможцай і раённага агляду-конкурсу – 2007 “Масавае мерапрыемства – візітная картка бібліятэкі” у намінацыі “Лепшая мерапрыемства па рэкламе кнігі бібліятэкі”. адзначана ў рэйтынг-аглядзе-2007 “Новы твар бібліятэкі”. 13 снежня 2007 года Ушанская бібліятэка гасцінна вітала з творчай справаздачай калег па рабоце Бярэзінскай ЦБС на занятках выязной школы прафмайстэрства “Спецыялізацыя ў рабоце – аснова станоўчага іміджу бібліятэкі”. У 2008 годзе бібліятэка стала базай правядзення міжрэгіянальных творчых сустрэч бярэзінскіх бібліятэчных работнікаў у рамках узаеманаведванняў “Бібліятэчны прагрэс – у садружнасці ЦБС” з калегамі Чэрвеньскай ЦБС Мінскай вобласці. Вопыт работы Ушанскай бібліятэкі шырока асвятляўся на старонках раённага, абласнога і рэспубліканскага друку. У 2009 годзе Ушанская бібліятэка мадэфікавана ў бібліятэку аграгарадка, што спрыяла паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Бібліятэка перамясцілася на другі паверх сельскага Савета і займае прасторны пакой, у якім зроблены капітальны рамонт з выкарыстаннем новых будаўнічых тэхналогій. Кніжны фонд налічвае звыш 6 000 экземпляраў друкаваных выданняў. Штогод да паслуг бібліятэкі звяртаецца каля 350 чытачоў, выдаецца звыш 5 000 экземляраў розных выданняў. у 2010 годзе Ушанская СБ па рашэнню Бярэзінскага райвыканкама мадэфікавана ў бібліятэку аграгарадка, што значна палепшыла матэрыяльна-тэхнічную базу. Бібліятэка пераселена на 2-гі паверх будынка сельскага Савета, дзе зроблены капітальны рамонт з выкарыстаннем новых будаўнічых тэхналогій. Набыццё ў 2011 годзе камп'ютэра, прынтара, выхад у інтэрнэт дазволілі стварыць камфортныя ўмовы для карыстальнікаў бібліятэкі і разнастаіць сэрвіс платных паслуг. |