Купить антивирус касперского на Support.by        аренда виртуального cервера на Support.by

Б  Я  Р  Э  З  І  Н  С  К  А  Я  Ц Э Н Т Р А Л І З А В А Н А Я    Б І Б Л І Я Т Э Ч Н А Я   С І С Т Э М А

АДРАС: 223328, Беларусь, Мінская вобл., в. Сяліба

КАНТАКТНЫ ТЭЛЕФОН: (8 017 15) 47 441, E-MAIL: seliba96@mail.ru

БІБЛІЯТЭКАР ІІ КАТЭГОРЫІ: Заікіна Таццяна Сяргееўна

 

БЯРЭЗІНСКАЯ ЦБС

З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
ДА ЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ

ЛЕТАПІС ЦБС

СТРУКТУРА

БЯРЭЗІНСКАЯ ЦБ

БЯРЭЗІНСКАЯ ДБ

СЕЛЬСКІЯ ФІЛІЯЛЫ

ДЫНАМІКА ПАКАЗЧЫКАЎ

КАТАЛОГІ

ПАСЛУГІ

АМАТАРСКІЯ АБ'ЯДНАННІ

КЛУБ ТВОРЧЫХ СУСТРЭЧ

У НАС У ГАСЦЯХ

ПАЗНАЁМ БАЦЬКАЎШЧЫНУ

КАЛЕКТЫЎ

КАНТАКТЫ

МЫ Ў ДРУКУ, ДРУК ПРА НАС

НАВІНЫ

КАРТА САЙТА

ПРАФСАЮЗНАЕ ЖЫЦЦЁ

 

СЯЛІБСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА ўпершыню ўпамінаецца ў газеце “Юный пахарь” ад 23 красавіка 1923 года. Газета паведамляла, што ў Сялібе адкрыты новы клуб, а пры ім бібліятэка на 400 кніг. Тут жа працаваў гурток па ліквідацыі непісьменнасці.

У перадваенныя гады на тэрыторыі Сялібскага сельскага Савета меліся: 1 няпоўная сярэдняя школа, 3 клубы, сельская бібліятэка, 6 крам, пажарная, 3 пачатковых школы, а ў вёсцы Сяліба да 30-га года мелася яўрэйская нацыянальная школа, 3 грамадскія лазні, пошта. Вайна нанесла вялікі ўрон сельчанам. У пасляваенныя гады прыйшлося аднаўляць гаспадарку і развіваць культуру. Толькі ў студзені 1953 года была адноўлена работа Сялібскай хаты-чытальні з 200 экземплярамі кніг. Яна знаходзілася ў памяшканні сельскага Савета ў цэнтры вёскі. Загадваў установай Смольскі Андрэй Сямёнавіч, 1915 года нараджэння, які працаваў да 1954 года, затым быў назначаны на пасаду старшыні Сялібскага сельскага Савета. Андрэй Сямёнавіч навучэнец Сялібскай школы, скончыў ваеннае вучылішча. У час вайны – афіцэр, быў ранены. Вярнуўся да дому і усё жыццё жыў і працаваў у родных мясцінах. Памёр у 1990 годзе.

У красавіку 1954 года загадчыцай хаты-чытальні была прызначана Ахрамовіч Алена Зіноўеўна, на змену ёй у жніўні гэтага ж года прыйшоў Жабурдзёнак Васіль Міхайлавіч. З лістапада 1955 года працаваў Іўчык Мікалай Іванавіч, у чэрвені 1956 года быў прызначаны Тарабонда Іван Міхеевіч, якога ў снежні 1956 года змяніла ўраджэнка вёскі Сяліба Гіршык Соф'я Ізраілаўна, 1921 года нараджэння. К канцу 50-ых гадоў кніжны фонд павялічыўся нязначна і складаў усяго 500 кніг. У 1960 годзе сельскай бібліятэцы была аказна шэфская дапамога Мінскага аўтазавода ў набыцці кніг. Кніжны фонд павялічыўся да 5 000 экземпляраў рознагаліновай літаратуры.

У 1964 годзе ў вёсцы Сяліба быў спецыяльна пабудаваны новы будынак сельскага клуба, дзе ў невялікім пакойчыку размясцілася і бібліятэка. Культурнымі ўстановамі адначасова загадвала Гіршык Софья Ізраілаўна. У ліпені 1965 года яе назначылі старшынёй сельскага Савета. Бібліятэку прыняла маладая, ветлівая дзяўчына Вольга Восіпаўна Клімовіч, якая працавала з камсамольскім запалам, старалася зацікавіць чытачоў. Звыш 300 чытачоў рэгулярна карысталася бібліятэчным фондам. Бібліятэка праводзіла вялікую і разнастайную палітычна-асветніцкую работу, у прыватнасці да 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна. Увазе наведвальнікаў быў прадстаўлены ленінскі куток, дзе былі размешчаны стэнд, кнігі і альбомы аб правадыру. Была арганізавана чытацкая канферэнцыя "Ленін - настаўнік, правадыр", удзельнікі якой горача абмяркоўвалі пытанне "Жыццё і дзейнасць Уладзіміра Ільіча ў Самары". Аб рабоце бібліятэкара шмат друкавалася на старонках раённай газеты, быў змешчаны яе фотаздымак. Камсамолка Вольга Клімовіч праводзіла вялікую работу па прапагандзе літаратуры, удзельнічала ў грамадскім жыцці, адначасова завочна навучалася ў БДУ.

Цякучасць кадраў негатыўна сказвалася на рабоце бібліятэкі ў перыяд 70-ых гадоў. У верасні 1970 бібліятэку ўзначаліла Жукоўская Таіса Рыгораўна. Затым працавалі са снежня 1972 года Грыбко Ала Міхайлаўна, са снежня 1973 года Зінкевіч Тамара Пятроўна, з кастрычніка 1974 года Лыско Марыя Пятроўна. У верасні 1975 года бібліятэку прыняла Паркалава Раіса Аляксандраўна, у жніўні 1977 года яе змяніла Нямірка Людзміла Анатольеўна, у кастрычніку гэтага ж года прыйшла працаваць Калячка Людзміла Восіпаўна, затым - Шунэйка Нэля Васільеўна і Хахол Валянціна Віктараўна. 15 верасня 1979 года загадчыцай бібліятэкі была прызнгачана Койпіш Галіна Уладзіміраўна, якая затым у 1985 годзе завочна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна і сваёй работай унесла значны ўклад у развіццё бібліятэчнай справы на вёсцы. Галоўным напрамкам сваёй дзейнасці загадчыца бібліятэкі лічыла наладжванне цесных кантактаў з чытачамі – калгаснікамі калгаса імя Ільіча. Гэтаму і падпарадкавана была ўся яе работа. Таму не дзіўна было, што ведалі Галіну Уладзіміраўну паляводы і механізатары, жывёлаводы і спецыялісты гаспадаркі, вучні мясцовай дзесяцігодкі. З кожнай катэгорыяй насельніцтва яна ўмела працаваць: для адных праводзіла вусны часопіс, з другімі абмяркоўвала цікавую кнігу, для трэціх наладжвала вечар ушанавання, для чацвёртых арганізоўвала віктарыну… Багаты быў арсенал сродкаў масавай работы ў Г.У. Койпіш. І гэта акрамя штодзённай выдачы кніг чытачам, якіх налічвалася на канец 1980 года 450 чалавек, з іх 131 - вучні мясцовай школы. Было выдадзена 8 901 экземпляраў рознагаліновай літаратуры. Кніжны фонд на той час складаў 8 222 экз. кніг.

Многія людзі сваё працоўнае месца называюць другім домам, і паводзяць сябе там як дома: гасцінна, добразычліва, з радасцю сустракаючы наведвальнікаў. За гады работы Г.У. Койпіш у Сялібскай бібліятэцы гэтая ўстанова культуры стала для яе роднай. Заўсёды тут было чыста і ўтульна, кнігі на паліцах расстаўлены згодна табліц ББК. Умела выкарастоўваліся элементы нагляднай прапаганды, якая адлюстроўвала галоўныя палітычныя падзеі і знамянальныя даты краіны: “Новая веха на шляху к камунізму”, “Два мира – две социальные системы – два образа жизни ”, “Цвярозасць – норма жыцця”. Сабраны багаты ілюстрацыйны матэрыял краязнаўчага характару прадстаўлены ў краязнаўчым кутку бібліятэкі і ўпрыгожаны экспанатамі народнага мастацтва. Прадумана вялася прапаганда перыядычных выданняў з дапамогай стэнда “Сёння ў друку”. Кнігі, не згубіўшыя чытацкіх якасцей, але забытыя прапагандаваліся чытачам з дапамогай падборкі “Незаслуженно забытые книги снова ищут встречи с вами”. Пастаянна і своечасова выпускаўся Каляндар знамянальных і памятных дат. У даведачна-інфармацыйным цэнтры па сельскай гаспадарцы шырока прапагандавалася літаратура па брыгаднаму падраду перадавой форме арганізацыі труда, навукова-тэхнічнаму прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, аграпрамысловаму комплексу, перадавы вопыт лепшых гаспадарак раёна, вобласці, рэспублікі. Штомесячна выпускаўся бюлетэнь “Хто сёння наперадзі”. Творча, з густам быў аформлены дзіцячы куток, які вабіў дзяцей усіх узростаў шматлікімі самаробкамі, забаўлянкамі, рэкламнікамі-цікавінкамі.

Асобая ўвага надавалася набліжэнню масава-палітычнай работы да месца жыхарства. На базе аддаленых вёсак Месціна, Барсучна, Пуцькава, чырвоных кутках ферм прашлі вусныя часопісы “Дзяржава – гэта мы”, прымеркаваныя да выбараў у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя Саветы, “Мужнасці – вечны агонь” - да 40-годдзя Перамогі, “Абвінавачваецца п'янства” і іншыя. Да прафесійных святаў працаўнікоў сельскай гаспадаркі і настаўнікаў былі прымеркаваны тэматычныя вечарыны “Слава і праца побач ідуць”, “Учитель, перед именем твоим позволь смиренно преклонить колени”. Вяла бібліятэкар вялікую работу са школьнікамі. Для іх арганізоўваліся прафарыентацыйныя гутаркі і выстаўкі кніг, святы, чытацкія канферэнцыі, разнастайныя гульні, конкурсы, падарожжы, якія дазвалялі дзецям, актыўным памочнікам бібліятэкара, цікава праводіць свой вольны час. Для іх жа у бібліятэцы была наладжана работа клуба “Мастерок”, дзе школьнікі ляпілі, выпальвалі, малявалі, выраблялі паробкі з розных прыродных матэрыялаў, а іх творчасць пастаянна экспанавалася на выставах у дзіцячым кутку бібліятэкі. У правядзенні масавых мерапрыемстваў актыўна прымяняліся вобразна-эмацыянальныя элементы. Так, да тэматычных вечароў “Помни, мир спасённый” была аформлена выстава дзіцячай творчасці “Твой падарунак ветэрану”, да Дня настаўнікаў – кампазіцыя з восеньскіх кветак і фотавернісаж “Настаўнік у маім жыцці”. Да кожнага мерапрыемства ўмела падбіралася музычнае афармленне, актыўна выкарыстоўваўся мясцовы матэрыял, назапашаны ў ходзе акцый “Быць гісторыкам сваёй вёскі”. У практыку работы бібліятэкі было ўведзена штогадовае правядзенне рытуалаў, урачыстых провадаў хлебаробаў ў поле. Для масава-палітычнай работы бібліятэкі была характэрна цесная сувязь з адміністрацыяй, з партыйнай і камсамолькай арганізацыямі гаспадаркі. Да правядзення масавых мерапрыемстваў прыцягваўся актыў бібліятэкі, з мэтай маральнага заахвочвання актывістаў-кнігалюбаў у бібліятэцы быў аформлены фотастэнд “Лепшыя чытачы бібліятэкі”.

Дастойнай ацэнкай дзейнасці бібліятэкара Сялібскай бібліятэкі Койпіш Галіны Уладзіміраўны занясенне яе фотаздымка ў 1986 годзе на раённую Дошку гонару.

1987 год стаў перыядам далейшага ўдасканалення масавай работы па ўшанаванні лепшых людзей роднай вёскі. Сумесна з партарганізацыяй і праўленнем калхоза імя Ільіча прайшлі свята “Дажынкі” і свята вёскі Сяліба “Деревня, жить твоей судьбой – прекрасней нет судьбы на свете”. Такія формы толькі яшчэ прапісваліся ў практыцы бярэзінскіх культустаноў.

На працягу другой паловы 80-ых гадоў Сялібская бібліятэка з'яўлялася раённай школай перадавога вопыта па рабоце з дзецьмі і падлеткамі. Масава-прапагандысцкая, індывідуальная работа з дзецьмі вялася ў цеснай сувязі з педкалектывам мясцовай школы. Стала традыцыйным правядзенне школьных, працоўных святаў і рытуалаў. Штогод сумесна з мясцовым Домам культуры, пад адным дахам з якім знаходзілася бібліятэка, арганізоўваліся рытуал урачыстага ўручэння пашпартоў на свяце паўналецця, сумесна са школай – святаў першага і апошнага званка, Дзён памяці “Памяти павших будьте достойны”. З ліку школьнікаў у 1989 годзе на базе бібліятэкі створаны лялечны гурток “Бураціна”, тэатралізаваныя выступленні якога наладжваліся ў школе, дзіцячым садку, аддаленых вёсках зоны абслугоўвання бібліятэкі.

Галіна Уладзіміраўна Койпіш не мясцовая. Але яе дапытлівасць і цікаўнасць да мясцін, дзе яна ўжо шмат гадоў жыве, не ведала межаў. Паступова краязнаўства стала асноўнай спецыялізацый ў рабоце Сялібскай сельскай бібліятэкі і галоўным напрамкам дзейнасці яе загадчыцы Галіны Уладзіміраўны Койпіш. З 1993 года бібліятэкар праводзіла сістэматычны збор матэрыялаў па гісторыі Сялібскага краю. Вынікам гэтай работы стаў шэраг фактаграфічных матэрыялаў з гісторыі вёсак, з біяграфій славутых землякоў і цікавых людзей вёскі, з максімальнай паўнатой прадстаўленых у краязнаўчых падборках: “Летапіс вёскі”, “Наш калгас на старонках раённай газеты”, “Кніга ўспамінаў землякоў – сведак памятных падзей”, “Кніга сялібскіх рэкордаў”, “Назвы зямлі сялібскай”, “Мясцовы фальклор і абрады”, “Ручнік у мясцовым побыце”, “Сімволіка рэчаў хатняга ўжытку”, “Зніклыя вёскі”, “Цікавыя людзі Сялібшчыны”, змешчаных у бібліятэчным краязнаўчым кутку “Зямля бацькоў маіх, зямліца - ты мой выток, мая крыніца”. Тут жа прадстаўлены вытрымкі паэтычных санетаў, вершаў, прысвечаных роднай вёсцы, візіткі народных умельцаў, знаўцаў вясковага побыту. Знайшлося ў кутку месца і для вырабаў вясковых майстроў. Вабілі асаблівай сялянскай прыгажосцю самабытныя помнікі вёскі – прылады працы рэдкай каларытнасці і сапраўднай беларускасці – пры ўсёй сваёй выключнай прастаце. Пра паэтаў і празаікаў – выхадцаў з Сялібскай зямлі расказваў стэнд “Славутыя землякі” , сярод іх Рыгор Няхай, чыё імя па рашэнню № 1 Сялібскага сельскага Савета ад 18 лютага 1994 года носіць бібліятэка. Тут можна было пазнаёміцца і з мясцовымі паэткамі – Нінай Насульскай і Вольгай Іўчык. Народны фальклор, які Г.У. Койпіш сама збірала ў аднавяскоўцаў, прадстаўлены ў аднайменным альбоме. Папка “Маленства – краіна святла” са слоў пажылых людзей расказвае пра іх дзяцінства. Вялікі плён прынеслі творчыя сувязі бібліятэкі з цікавымі людзьмі: мясцовым краязнаўцам М.М. Масарноўскім, са знакамітым земляком, былым прэзідэнтам Акадэміі Навук Беларусі М.А. Барысевічам, роднымі заслужанага настаўніка Беларусі Р.І. Еўдакімчыка. Усе яны перадалі ў бібліятэку шмат матэрыялаў з сямейных архіваў. Была наладжана перапіска з родзічамі мясцовых пісьменнікаў М. Скрыпкі і Р. Нехая. За што ні бралася Галіна Уладзіміраўна, рабіла творча і з густам. Усе матэрыялы ў краязнаўчым кутку аформлены з фотаздымкамі, што надавала ім большую нагляднасць і каштоўнасць, а значыць і цікавасць. І збірала матэрыял, і афармляла яго сама бібліятэкар. У 1995 годзе была фіналістам раённага конкурса прафмайстэрства “Лепшы бібліятэкар сяла”, па выніках 1996 года бібліятэкар Сялібскай бібліятэкі ў рамках раённага конкурса на творчую індывідуальнасць бібліятэк атрымала тытул “Самабытны мастак-афарміцель”. Галіна Іванаўна актыўны заўсёднік краязнаўчых творчых справаздач бібліятэкараў раёна, выходзіла пераможцам у конкурсе на лепшы рэкламнік вёскі, лепшы рэкламнік мясцовай Кнігі рэкордаў “Вось дык вёска, вось дык мы!”, лепшы моўна-абрадавы рэкламнік вёскі, лепшы запіс самабытных песен. На пасяджэнні бібліятэчнай гасцёўні да Дня 8 сакавіка атрымала тытул “Самая кулінарная жанчына ЦБС”. Пра работу Сялібскай бібліятэкі неаднаразова пісалася на старонках раённай газеты “Сцяг Леніна”. У 1996 годзе была змешчана абшырная публікацыя супрацоўніцы раённай газеты А. Альфер “І пра вёску раскажа бібліятэкар” з фотаздымкам бібліятэкара ў сценах бібліятэкі на фоне краязнаўчага кутка.

Бібліятэка паступова станавілася цэнтрам краязнаўчай інфармацыі, збіральніцай і захавальніцай матэрыялаў з гісторыі раёна, вёскі. Багаты краязнаўчы матэрыял шырока выкарыстоўваўся пры правядзенні мясцовымі ўладамі і культурнымі ўстановамі вечароў ушанавання, вахт памяці, святаў вёскі, вечароў-партрэтаў, сустрэч са славутымі землякамі, краязнаўчых пасядзелак, быў багатай падмогай для школьнікаў пры вывучэнні гісторыі роднага краю. Сярод форм дзейнасці – краязнаўчыя гадзіны цыкла “Гісторыя раёна ў імёнах, падзеях, фактах”, вечарыны “Цікавыя жанчыны-сялібчанкі”, “Вось дык бабуля!” фальклорныя вячоркі “Спадчына – песня мая”, “Пяю цябе, мой родны кут!” і інш..

Акрамя краязнаўчай работы, Галіна Уладзіміраўна забяспечвала бібліятэчным абслугоўваннем 11 населеных пунктаў, у якіх на перыяд 1997 года пражывала звыш каля 750 чалавек. Толькі 2 перыферыйных пункты - Месцін і Пуцькава мелі больш 90 чалавек насельніцтва, астатнія вёскі-маланаселеныя. Вёскі Зорка, Краснае, Лучны Мост – выміраючыя, колькасць пражываючага насельніцтва менш 10 чалавек. Найбольш населеная цэнтральная сядзіба: у Сялібе на той час пражывала звыш 450 чалавек. На базе вёскі Месцін працаваў бібліятэчны пункт, сярод наведвальнікаў вясковага магазіна вялася вусная рэклама кніг, краязнаўчых матэрыялаў. Кніжны фонд па выніках 1997 года налічваў 8 993 экземпляраў кніг, перыядычных выданняў і іншых дакументаў, якім карысталася 350 чытачоў. Кнігавыдача за год складала 5 212 экземпляраў друкаваных выданняў. Мэтанакіравана вялася рэклама лепшых чытачоў вёскі праз выпускі рэкламнікаў “Самая чытаючая сям'я”, “Чытач года”. Паступленне новай літаратуры было зусім дрэнным. Па прычыне слабага выдаткавання сродкаў на камплектаванне за год паступіла толькі 84 кнігі. У рамках дабрачыннай акцыі “Дапамажы бібліятэцы” упраўленнем калгаса імя Ільіча выдаткаваны Сялібскай бібліятэцы 1 млн. рублёў на набыццё новых кніг.

Бібліятэкар пастаянна трымала сувязь з сельскім Домам культуры, мясцовай школай, калгаснымі спецыялістамі, сельсаветам. Была налажана сістэма ўзаеманаведванняў і творчых кантактаў з сельскай бібліятэкай Клічаўскага раёна вёскі Востраў і Брадзецкай сельскай бібліятэкай Бярэзінскага раёна пад дэвізам “Умееш сам – навучы таварыша”, што дапамагала бібліятэкару ва ўдасканаленні сваёй дзейнасці. “Многае залежыць ад нас, проста не трэба апускаць рукі”, - лічыла Г.У. Койпіш.

У 1997 годзе пры бібліятэцы пачалі работу тры новыя аб'яднанні: клуб таленавітых дзяцей “Верасок”, клуб юных сяброў прыроды “Белая вежа”, клуб для дзяўчынак “Сялібчанка”. У рамках пасяджэнняў гэтых клубаў прайшлі конкурс “Міні-Міс сялібка”, дыспут “Мода: патрабаванне часу ці ўласныя капрыз?”, конкурс “Угадай-ка”, бліц-апытанне “Хто ёсць хто?”: “Самая, самая, самая, сярод дзяўчынак нашай школы”, конкурс малюнкаў, допісаў і вырабаў з падручных матэрыялаў “Мой хатні сябар”, урокі дабрыні “Браты нашы меншыя”, краязнаўчая трыбуна “Павер'і і абрады, звязаныя з хатняй жывёлай”, святы Лесу і Лугу, конкурс-віктарына “Мясцовыя назвы траў, грыбоў, ягад” , конкурс “Сялібскія зараначкі”: на лепшае сачыненне, верш, прымаўку, прысвечаныя роднаму краю, конкурс “Мая любімая вёска”. У 1998 годзе паношанасць камплектаў лялек прымусіла прыпыніць работу лялечнага гуртка.

У 1998 годзе Галіна Уладзіміраўна ўзначаліла Сялібскі гісторыка-краязнаўчы музей, у якім былопрадстаўлена 95 рэчавых экспанатаў – сімвалаў-рэліквій сялібчан, як напамін аб колішнім ладзе жыцця; матэрыялы аб славутых земляках, што сваімі талентамі праславілі бацькаўшчыну і значацца святынямі нязгаснай велічыні.

У 2002 годзе пры бібліятэцы пачаў дзейнічаць краязнаўчы клуб “Бацькаўшчына”: 16 вучняў мясцовай школы сталі яго ўдзельнікамі. У гэтым жа годзе бібліятэкар Сялібскай бібліятэкі трымала творчую справаздачу аб краязнаўчай рабоце перад калегамі з раёна, якую пабудавала ў форме экскурсіі па гісторыка-краязнаўчым музеі. Вопыт работы і справаздача па краязнаўству Сялібскай бібліятэкі быў прадстаўлены ў інфармдаведніку “Культурнае жыццё Мінскай вобласці: Хроніка падзей” за студзень 2003 года.

У жніўні 2003 года Койпіш Галіна Уладзіміраўна ў сувязі са зменай местажыхарства перадала бібліятэку маладому спецыялісту з сярэдняй адукацыяй Гаўрылінай Ірыне Віктараўне. У ходзе яе працы набыткі, зробленыя былым бібліятэкарам былі, на вялікі жаль, страчаны.

19 студзеня 2005 года бібліятэкарам Сялібскай бібліятэкі прызначана мясцовая дзяўчына Заікіна Таццяна Сяргееўна, якая ў 2009 годзе завочна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна. У бібліятэчным жыцці пачалася новая старонка дзейнасці. У 56 кв.м. памяшкання, якое займае бібліятэка, дэталёва прадумана расстаноўка кніжнага фонда адпаведна табліц ББК і нагляднае афармленне выставычных форм, выдзелена зона адпачынку для наведвальнікаў. Увазе якіх прадстаўлены выставы па краязнаўству “Зямля бацькоў – жыцця крыніца”, па экалогіі “Жыву і дыхаю, мой родны край, табой!”, па прапагандзе здаровага ладу жыцця “Не будзь заложнікам шкодных звычак”, у дапамогу сямейнага выхавання “Чытаем усёй сям'ёй”, перыядычных выданняў “Выпісваем – чытайце”, дзіцячы куток “Кнігі з краіны дзяцінства”. Аформлены падборкі “Для вас, прыхільнікі прыгод і фантастыкі”, “Аматарам гістарычнага жанру”, “Вялікая Айчынная вайна ў творах беларускіх пісьменнікаў”, “Тэма дружбы і кахання ў беларускай літаратуры”, “Для тых, хто спяшаецца”, “Вечар з дэтэктывам – гэта цудоўна”, “Жанчынам пра каханне” і іншыя. У афармленні форм нагляднасці ўдала выкарыстана спалучэнне выяўленча-мастацкага і камп'тэрнага афармлення. У 2007 годзе з ліку школьнікаў мясцовай школы на базе бібліятэкі пачынае дзейнічаць клуб здаровага ўкладу жыцця “Рабяты-здаравяты”, у рэпертуары якога - урокі здароўя, гадзіны прафілактыкі і перасцеражэння, тэатралізаваныя прадстаўленні, гутаркі, інфарміны “Чисто жить – здоровым быть”, “Цыгарэта: праўда ці вымысел?!”, “СНІД – фактар рызыкі”, “Міфы і праўда пра наркотыкі” і іншыя. Акрамя гэтага юныя ўдзельнікі клуба з'яўляюцца ахвотнымі памагатымі бібліятэкара ў наладжванні розных іншых мерапрыемстваў і іх актыўнымі ўдзельнікамі. Маладым бібліятэкарам наладжана цесная творчая садружнасць з мясцовым Домам культуры. Гэтаму спрыяе не толькі размяшчэнне ўстаноў пад адным дахам, а і адзінства мэт і задач па культурна-асветніцкаму абслугоўванню насельніцтва.

У сувязі са слабым паступленнем у бібліятэку новых кніг, бібліятэкар выкарыстоўвае паслугі ўнутрысістэмнага кнігаабмена, каб задаволіць запыты чытачоў дастаўляе кнігі павышанага попуту з кнігасховішча раённай бібліятэкі. Апроч гарантаваных бясплатных паслуг бібліятэка ў 2007 годзе пачала аказваць платныя: па выдачы кніг з камерцыйнага фонду .

Па рашэнню Бярэзінскага райвыканкама № 1699 ад 14 снежня 2010 года Сялібская бібліятэка мадэфікавана ў бібліятэку аграгарадка. На канец 2010 года бібліятэка абслугоўвае 11 населеных пунктаў з агульнай колькасцю жыхароў 426 чалавек, з іх бібліятэчнымі паслугамі карысталася 250 чытачоў, якім было выдадзена 3353 экземпляры друкаваных выданняў. Кніжны фонд налічваў 4109 экземпляраў рознагаліновай літаратуры, перыядычных выданняў і іншых дакументаў.

У снежні 2010 года на базе бібліятэкі праведзена выязная школа прафмайстэрства бібліятэкараў Бярэзінскай ЦБС “Бібліятэка аграгарадка: місія арганізатара культурнага жыцця землякоў”. У праграме: рэкламная прэзентацыя Сялібскай СБ форм нагляднасці і агітацыі, клуба для падлеткаў “Рабяты-здаравяты” і вернісажа народнай творчасці “Сялібскія самацветы”.

У лютым 2011 года бібліятэку прыняла Калячка Ірына Мікалаеўна.

Набыццё камп'ютэра, прынтара, выхад у інтэрнэт дазволілі стварыць камфортныя ўмовы для карыстальнікаў бібліятэкі і разнастаіць сэрвіс платных паслуг.