Купить антивирус касперского на Support.by        аренда виртуального cервера на Support.by

Б  Я  Р  Э  З  І  Н  С  К  А  Я  Ц Э Н Т Р А Л І З А В А Н А Я    Б І Б Л І Я Т Э Ч Н А Я   С І С Т Э М А

АДРАС: 223320, Беларусь, Мінская вобл., в. Пагост

КАНТАКТНЫ ТЭЛЕФОН: (8 017 15) 33 361, E-MAIL: Berezino-Pogostskaia_SB@tut.by

БІБЛІЯТЭКАР ІІ КАТЭГОРЫІ: Шынкевіч Ала Іванаўна

 

БЯРЭЗІНСКАЯ ЦБС

З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
ДА ЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ

ЛЕТАПІС ЦБС

СТРУКТУРА

БЯРЭЗІНСКАЯ ЦБ

БЯРЭЗІНСКАЯ ДБ

СЕЛЬСКІЯ ФІЛІЯЛЫ

ДЫНАМІКА ПАКАЗЧЫКАЎ

КАТАЛОГІ

ПАСЛУГІ

АМАТАРСКІЯ АБ'ЯДНАННІ

КЛУБ ТВОРЧЫХ СУСТРЭЧ

У НАС У ГАСЦЯХ

ПАЗНАЁМ БАЦЬКАЎШЧЫНУ

КАЛЕКТЫЎ

КАНТАКТЫ

МЫ Ў ДРУКУ, ДРУК ПРА НАС

НАВІНЫ

КАРТА САЙТА

ПРАФСАЮЗНАЕ ЖЫЦЦЁ

 

ПАГОСЦКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА пачала дзейнічаць у пачатку 30-ых гадоў ХХ стагоддзя як хата-чытальня. Першым бібліятэкарам быў Маркоўскі Антон Барысавіч, 1908 года нараджэння. З яго ўспамінаў: “Працуючы загадчыкам Пагосцкай хаты-чытальні, я добра бачыў, як цягнецца народ да культуры і ведаў. З якой ахвотай непісьменныя жанчыны і мужчыны, зачастую пажылога ўзросту, вучыліся пісаць, чытаць, наведвалі гурток па ліквідацыі непісьменнасці. Хапала з імі хлопат і настаўнікам, і вясковым актывістам.

Вялікай падзеяй у той час з'явілася радыё. Першы прыёмнік устанавілі ў хаце-чытальні. Быў ён не лямпавы, а дэтэктарны, гэта значыць даводзілася карыстацца ім пры дапамозе навушнікаў. Тым не менш, паслухаць яго звычайна збіралася шмат народу. Слухалі па чарзе. Некаторыя ніяк адразу не маглі паверыць, як гэта тут, у Пагосце, можна чуць тое, што гавораць у Мінску ці Маскве. Думалі, што нехта з іх жартуе. А потым паверылі, прывыклі. Затым такі ж прыёмнік устанавілі ў мясцовай МТС.

Мастацкую самадзейнасць наладзіць давялося не адразу. Не ўсе ахвотна ішлі ў гурток. Асобныя баяліся, або проста сароміліся выступаць. Некаторыя спачатку прыходзілі проста паглядзець, а затым самі ўключаліся ў работу. Пелі, вершы расказвалі, п'ескі невялікія ставілі. Афішы расклейвалі ўсюды, запрашалі на вечары ўсіх вяскоўцаў. Хата-чытальня ужо стала цеснай. Трэба было шукаць больш прасторнае памяшканне. І мы яго знайшлі. Склікалі сход калгаснікаў і заявілі, што пара падумаць: ці не лепш замест царквы ў Пагосце мець добры клуб. І сяляне вырашылі: правільна, царква нам не патрэбна, варта яе закрыць, а ў тым памяшканні зрабіць клуб…”

Набыткі ў культурнай справе 30-ых гадоў разрушыла вайна. У пачатку вайны Антон Барысавіч Маркоўскі – камандзір стралковага палка. Выйшаў з акружэння, вярнуўся дамоў, дзе стаў партызанам 120-га атрада, у маі – ліпені 1944 года яго камісар. З дзённіка камандзіра 752-га партызанскага атрада В.І. Лівенцава: “У ноч з 1 на 2 чэрвеня 1942 года партызаны ўзялі вёску Пагост. Пры дапамозе мясцовага насельніцтва дасталі скрыню толу, шмат вінтовачных патронаў, гранат, 3 дыскі да ручнога кулямёта. У атрад уступілі мясцовыя камуністы-падпольшчыкі І.Ф. Крукоўскі, І.С. Жалудоў і А.Б. Маркоўскі ”. Пасля вайны А.Б. Маркоўскі знаходзіўся на савецкай рабоце. Памёр у 1979 годзе.

Канец 40-ых – начала 50-ых – даводзілася ўзнаўляць нанава разрушанае вайной. Канец 50-ых стаў пачаткам новай эры ў бібліятэчнай справе. У 1959 годзе загадчыцай Пагосцкай сельскай бібліятэкі была прызначана Зубчонак Настасся Васільеўна. Бібліятэка на той час размяшчалася ў асобным будынку з чатырох пакояў. Нямала давялося папрацаваць загадчыцы, каб прыдаць светлае аблічча культурнай установе, якая б вабіла вока наведвальнікаў сваёй утульнасцю і чысцінёй. На падаконніках квітнелі бухматыя вазоны. Кніжны фонд на той час налічваў 1 887 экземпляраў, з якіх вялікая колькасць дзіцячай літаратуры, якая выдзелена на асобных паліцах, расстаўлена па класах і тэмах. Штогод кніжны фонд бібліятэкі папаўняўся рознагаліновай літаратурай з бібкалектара, кніжных магазінаў, выпісваліся перыядычныя выданні. Увазе наведвальнікаў бібліятэкі быў прапанаваны фотастэнд "Памяці загінуўшых будзьце дастойны", на якім размешчаны фотаздымкі жыхароў Пагосцкага сельскага Савета, якія загінулі ў баях за Радзіму. Гэтай жа тэме прысвечаны альбом "Яны змагаліся за Радзіму". Аформлены выстаўкі: "Квітней і красуйся, мая Беларусь, плакаты "Гэтых дзён не змоўкне слава", "Іх подзвіг мацней за смерць" і іншыя. Настасся Васільеўна ладзіла для насельніцтва розныя культурна-масавыя мерапрыемствы. Сваю работу цесна ўвязвае з партыйнай і камсамольскай арганізацыямі і настаўніцкім калектывам мясцовай сярэдняй школы. Яна з'яўлялася прапагандыстам навуковых ведаў і памочнікам школы ў ідэйным і культурным выхаванні падрастаючага пакалення, у барацьбе за трывалыя веды і добрую дысцыпліну ў школе, кіруючыся на вызначаны напрамак і змест бібліятэчнай работы з дзецьмі, сувязь бібліятэкі са школай, рашэнні ХХІУ з'езда КПСС і прынятых Дырэктыў на пяцігодку, план развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1971 - 1975 гады. Работа бібліятэкі па прапагандзе кнігі сярод дзяцей праводзілася ў адпаведнасці з вучэбна-выхаваўчымі патрабаваннямі і планамі школы, з улікам узроставых асаблівасцей юных чытачоў. Складаліся спісы літаратуры па класах, робіліся інфармацыі настаўнікаў аб паступіўшых навінках дзіцячай літаратуры, аб новых кнігах па прадметах школьнай праграмы. Бібліятэка аказвала дапамогу класным кіраўнікам у падборы літаратуры для арганізацыі пазакласных мерапрыемстваў. У час гутарак і чытак перад навучэнцамі раскрываліся прыгажосць нашага грамадскага ладу, жыцця савецкага народа, дасягненняў кожнага савецкага чалавека, яго адносіны да працы, грамадства, Радзімы. Сумесна са школьнай бібліятэкай наладжваліся сустрэчы з цікавымі людзьмі і перадавікамі саўгаснай вытворчасці. Былі праведзены сустрэчы з земляком-пісьменнікам Я.С. Ермаловічам, беларускім пісьменнікам Алегам Фомчанка, удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны В.В. Яроцкім, М.Я. Міхалёвым, партызанамі А. Б. Маркоускім, М.С. Зубчонкам, камандзірам партызанскага атрада К.А. Баранавым, перадавой даяркай саўгаса А.М. Захожай, цялятніцай З.Д. Грэчка. Бібліятэка фарміравала ў школьнікаў цікавасць да сельскагаспадарчых прафесій праз кнігі, а таксама праз выставы і тэматычныя падборкі "Маладому міханізатару", "Парады даярцы", "Вырошчванне маладняку", а таксама рэкамендавала кнігі аб прыродзе, родным краі.

За добрасумленную работу ў 1971 годзе фотаздымак Настассі Васільеўны Зубчонак быў вынесены на раённую Дошку гонару.

Зубчонак Настасся Васільеўна зрабіла нямала дзеля таго, каб папоўніць кніжны фонд бібліятэкі, стварыць ўтульнасць і атмасферу сапраўднага задавальнення для чытачоў. А іх было каля тысячы чалавек. Кожная сям'я хлебаробаў карысталася паслугамі сельскай бібліятэкі. Аднасяльчане прыходзілі сюды пасля работы, у выхадныя дні. Чыталі свежыя газеты, часопісы. Настасся Васільеўна ведала кожнага густ, характар, заўсёды прапаноўвала што ўзяць, каб з задавальненнем і карысцю прачытаць. Не заставалася па-за ўвагай і жыхары іншых вёсак сельскай гаспадаркі, якім кнігі дастаўляліся на дом і па месцы працы. На базе аддаленых вёсак былі наладжаны перасоўкі: грамадскімі памагатымі бібліятэкара ў вёсцы Лісітнік быў вучань Пагоскай школы Пётр Рассека, зямляк Валерый Несцяровіч у вёсцы Хватаўка. Актыўнымі ўдзельнікамі савета бібліятэкі з'яўляліся Л.М. Гарошка, М.Я. Міхалёў, Г.І. Невядомскі, якія аказвалі дапамогу ў правядзенні канферэнцый чытачоў і іншых мерапрыемстваў. Акрамя ўсяго Настасся Васільеўна вяла вялікую масава-палітычную работу. Прыгожа, змястоўна былі аформлены выставы "У дапамогу палітычнай саадукацыі", "Рэлігія - перажытак мінулага", "Агразаатэхнічны куток", "Для вас, жанчыны", на якіх увага звярталася не толькі на знешняе афармленне, а і на ўнутранае ўздзеянне на розумы і светапогляд чытачоў. Праверанымі формамі і метадамі ў даным выпадку з'яўляліся дыскусіі, абмен думкамі аб прачытаным. Прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў і аформленыя стэнды "Жыццё і дзейнасць Ільіча", "Іх імёны - бессмяротныя", "Саўгас "Камунар" у девятай пяцігодцы".

Па абавязку службы вясковы бібліятэкар часта бывала сярод жывёлаводаў, дапамагала ім у аформленні нагляднай агітацыі ў чырвоным кутку. Не абміноўвала яна даярак, пастухоў, вяла з імі гутаркі, расказвала свежыя навіны. Настасся Васільеўна заўсёды ішла насустрач людзям, проста па сваёй чуласці дапамагала ім у розных жыццёвых сітуацыях.

На працягу 60 – 70 гадоў Пагосцкая сельская бібліятэка з'яўлялася адной з лепшых у раёне. Прысвоенае ў студзені 1964 года ганаровае званне “Бібліятэка выдатнай работы” пацвярджалася на працягу ўсяго працоўнага перыяду яе загадчыцы – Зубчонак Настассі Васільеўны. Пра поспехі ж у рабоце гаварылі шматлікія ўзнагароды, сярод якіх Ганаровая грамата Міністэрства культуры СССР, юбілейны Ленінскі медаль, ордэн "Знак пашаны".

У сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак у жніўні 1979 года Н. В. Зубчонак перадала бібліятэку выпускніцы Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна Шаўловіч Валянціне Браніславаўне. Кніжны фонд на гэты перыяд налічваў каля 10 тысяч экземпляраў рознагаліновай літаратуры, якім карысталася па выніках 1979 года 548 чытачоў. У жніўні 1980 года бібліятэку прыняла Пятрова Ларыса Захараўна, якую змяніла ў лістападзе 1981 года спецыяліст з сярэдняй адукацыяй Ермаловіч Раіса Іванаўна. З 18 лютага па 18 жніўня 1983 года бібліятэкай загадваў Усачэнка Яўген Рыгоравіч, каля месяца ў 1983 годзе праробіла выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна Дуброўская Галіна Ігнатаўна. 1 лістапада 1983 года загадчыцай Пагосцкай бібліятэкі прызначана Уласавец Ганна Аляксандраўна. Зімой гэтага ж года з-за няспраўнага пячнога ацяплення ў бібліятэцы адбыўся пажар. У выніку бібліятэка, абсталяванне і ўвесь кніжны фонд (13 384 экз. кніг, перыядычных выданняў і іншых дакументаў) згарэлі. Каб задаволіць запыты чытачоў ад раённай бібліятэкі пры мясцовым Доме культуры была наладжана перасоўка, работу якой ажыццяўляла з 1 жніўня па 22 лістапада 1984 года выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума Саматыя Іна Яўгенаўна. Пасля і перасоўка перастала дзейнічаць.

Толькі ў жніўні 1987 года Пагосцкая бібліятэка аднавіла сваю дзейнасць у спецыяльна пабудаваным будынку з новым абсталяваннем у цэнтры вёскі цэнтральнай сядзібы сельскага Савета. Узначаліла бібліятэку мясцовая жыхарка Шынкевіч Ала Іванаўна, якая ў 1991 годзе завочна атрымала спецыяльную адукацыю і працуе па цяперашні час. Фонд быў занава скамплектаваны з ліку закрытай Мураўскай сельскай бібліятэкі і дублетнай літаратуры кнігасховішча цэнтральнай бібліятэкі. Па выніках 1988 года ён налічваў 8 936 экземпляраў друкаваных выданняў. У бібліятэцы чытала 523 чытачы, якім было выдана 6 175 экземпляраў кніг, перыядычных выданняў і іншых дакументаў.

Творчая садружнасць бібліятэкара з калегамі Вяшэўскай і Кукараўскай бібліятэк Пагосцкага сельскага Савета прывяла да стварэння ў 1988 годзе на базе Пагосцкай бібліятэкі літаратурна-прапагандысцкай групы “ЛІРА”. Бібліятэкары сталі частымі гасцямі ў аддаленых вёсках, на прадпрыемствах і на фермах Пагосцкага сельскага Савета. Стала традыцыйнымі выступленні ЛПГ на базе Пагосцкай бальніцы і сельскага Савета перад ветэранамі і дэпутатамі. Ні адно вясковае свята не абходзілася без удзелу самабытных бібліятэчных артыстаў, прапагандыстаў і агітатараў. Шырокае прызнанне ў слухачоў атрымалі выступленні па тэмах “Беларусы смяюцца і жартуюць”, “Здароўе – мудрых ганарар”, “За здаровы лад жыцця”, “Вясна і каханне”, “Слаўлю ў песнях цябе, Беларусь”, “Ад гарэлкі розум мелкі”, “Краса зямная – жанчына”, “Хлеб – гэта будні і святы”, “Смех – лепшыя лекі”, “Век жыві – век вучыся”, “Для мілых дам”, “Свята бульбы”, “Медыцынскі веснік - перасмешнік” і іншыя. 3 1-ых гадоў існавання творчая садружнасць бібліятэкараў Пагосцкага сельскага Савета дала творчы плён, служыла ўзорам для пераймання для калег. Выступленні ЛПГ пагосцкіх бібліятэкараў неаднаразова прадстаўлаліся як паказальным на раённых семінарах бібліятэчных работнікаў. Флагманам у гэтай справе была Пагосцкая цэнтральная сельская бібліятэка, дзе і адбываліся генеральныя рэпетыцыі, метадычныя дні па абмеркаванні сцэнарыяў ЛПГ, абмену вопытам “Я раблю так”, вёўся калектыўны пошук выйсця з асобных праблемных сітуацый ў бібліятэчным абслугоўванні Пагосцкай, Вяшэўскай і Кукараўскай зон і ўсяго насельніцтва Пагосцкага сельскага Савета. Узаеманаведванні бібліятэкараў Пагосцкага сельскага Савета пад дэвізам “Умееш сам – навучы таварыша” спрыялі абмену вопытам, перайманню лепшых напрацовак, удасканаленню элементаў нагляднага афармлення, методык работы з чытачамі і папулярызацыі ўзорных мастацкіх твораў.

У 1990 годзе Пагосцкая бібліятэка адной з першых у раёне набыла каляровы тэлевізар і прайгравальнік, якія дазволілі разнастоіць культурны досуг вяскоўцаў, наведвальнікаў бібліятэкі.

У пачатку 90-ых гадоў пачалося пераафармленне нагляднасці і выставачных форм бібліятэкі на беларускую мову. Амаль кожны чацвер у бібліятэцы практыкаваліся дні беларускай літаратуры з абавязковым выкарыстаннем беларускай мовы як сродка зносін бібліятэкара і чытача, папулярызаваліся лепшыя мастацкія творы беларускіх аўтараў, праводзіліся літаратурныя гадзіны, інфарміны да юбілейных дат вядомых беларускіх пісьменнікаў. У 1990 годзе на базе мясцовай школы бібліятэкай была наладжана сустрэча школьнікаў і вяскоўцаў з беларускім пісьменнікам М. Герчыкам. Неаднаразова наладжваліся сустрэчы са знакамітым жыхаром Пагосцкага сельскага Савета паэтам-сатырыкам Ігнатам Сабчуком. Арганізоўваліся выступленні зводнай ЛПГ “ЛІРА” па тэме “Беларусы смяюцца і жартуюць” з уключэннем твораў паэтаў-сатырыкаў Бярэзіншчыны. Створаны ў 1991 годзе лялечны гурток “Чараўнікі” стаў добра вядомы сярод малодшых школьнікаў мясцовай школы і выхаванцаў дзіцячага сада. У рэпертуары бібліятэчных лялечнікаў значыліся імправізаваныя тэатралізаваныя выступленні “Каза-манюка”, “Коцік, пеўнік і лісіца”, “Як лісіца ваўка вучыла”, “Зайчыкава хатка”, “Унучка і ягады”, “Агароднікі”, “Сябры пазнаюцца ў бядзе”, “Падарунак дзеду Марозу”, “Калабок”, “Каза-дзераза” і іншыя. Неаднаразова лялечны тэатр Пагосцкай бібліятэкі ўдзельнічаў у раённых аглядах-конкурсах на лепшую пастаноўку работы лялечных гурткоў.

Бібліятэка стала аснаўной базай назапашвання матэрыялаў пра знакамітых землякоў. У 1994 годзе Пагосцкай сельскай бібліятэцы па рашэнню №4 Пагосцкага сельскага Савета ад 28 лютага было прысвоена імя пісьменніка-земляка, ураджэнца вёскі Вяшэўка Пагосцкага сельскага Савета Якуба Ермаловіча. У бібліятэчным краязнаўчым кутку аформлена міні-экспазіцыя з прадстаўленнем візітнай карткі вядомага земляка, яго фотаздымкаў, уласных рэчаў і кніг з аўтографам аўтара. Сабраны матэрыял выкарыстоўваўся пры правядзенні краязнаўча-літаратурных гадзін “Літаратурнымі сцежкамі роднага краю” , “Творчы партрэт пісьменніка, родам з Бярэзіншчыны” і інш..

Прапаганда беларускай літаратуры, краязнаўча-пошукавая работа і работа са школай сталі асноўнымі напрамкамі дзейнасці бібліятэкі.

Умела выкарыстоўваючы пачуццё педагагічнага такту ў рабоце з дзецьмі, у арганізацыі работы лялечнага гуртка пры бібліятэцы, у стымуляванні творчасці здольных дзяцей, ва ўдалым выкарыстоўванні творчых дзелавых кантактаў з бібліятэкамі свайго сельскага Савета для наладжвання масава-прапагандысцкай і асветніцкай работы сярод насельніцтва, Шынкевіч Ала Іванаўна хутка дабілася поспеху і стала фіналісткай ІІІ раённага конкурса прафмайстэрства “Лепшы бібліятэкар года - 95” . На занятках абласной школы метадыста на базе Бярэзінскага раёна на тэму “Рэклама магчымасцей бібліятэкі – адна з умоў стварэння яе пазітыўага іміджу” 30 верасня - 1 кастрычніка 1997 года загадчыца Пагосцкай бібліятэкі Шынкевіч А.І. пазнаёміла калег з дзейнасцю ЛПГ “ЛІРА” бібліятэк Пагосцкага сельскага Савета, асвятліла ролю аматарскіх аб'яднанняў у рэкламе бібліятэк.

У 2002 годзе ў бібліятэцы адбылася аварыя ацяпляльнай сістэмы, і кніжны фонд быў перавезены ў прыстасаванае памяшканне сельскага Савета. Пэўны час бібліятэка тулілася ў невялічкім пакойчыку. Для чытачоў прапаноўваліся толькі кнігі павышанага попыту, астатнія былі звязаны ў кіпы.

У лістападзе 2003 года адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага будынка Цэнтра культуры ў самай буйной вёсцы Бярэзіншчыны – Пагост, якое стала сапраўды значнай падзеяй у культурным жыцці раёна. А дату адкрыцця – 9 лістапада – вызначылі самі вяскоўцы. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкома А.М. Зябко, загадчык аддзела культуры К.П. Ермакоў і старшыня сельсавета В.П. Давідовіч. Пагосцкая сельская бібліятэка была перабазіравана ў новае памяшканне і размясцілася пад адным дахам з клубнай установай, прадстаўляючы Цэнтр культуры вёскі Пагост, што спрыяла творчай садружнасці бібліятэчнай і клубнай ўстаноў у яднанні намаганняў па сацыяльна-культурнаму адраджэнню вёскі.

Значна палепшыліся ўмовы камфортнасці абслугоўвання наведвальнікаў бібліятэкі. Для іх паслуг – тры рабочыя пакоі. Дэталёва прадумана расстаноўка кніжнага фонда з рацыянальным выкарыстаннем карыснай плошчы, афармленне памяшкання, і форм нагляднасці. У асноўным рабочым пакоі бібліятэкі прадстаўлены краязнаўчы куток, кніжная выстава да 60-годдзя вызвалення Беларусі і 60-годдзя Перамогі “Доўгі шлях да Перамогі”. Удала аформлена насценная карта “Бярэзіншчына літаратурная”, геаграфічна арыентаваная на месцанараджэнні мясцовых пісьменнікаў з прадстаўленымі партрэтамі літаратараў, планшэт “Яго імя носіць бібліятэка”. Шматлікія тэматычныя папкі краязнаўчага характару дапаўняюць інфармацыйныя рэкламнікі “Знакамітыя пісьменнікі і наш раён”, “Візітоўка горада Беразіно”, “Экалагічны пашпарт раёна”, “Аўтар кнігі пра Беразіно”, “Літаратурны партрэт пісьменніка-земляка – юбіляра”, “Бярэзінская зямля ўзрасціла”. На жалезным вітражы прадстаўлены ўзорныя мастацкія творы “10 кніг, патрэбных кожнаму хлопцу, кожнай дзяўчыне” з заклікам-эмблемай “Да дабра – праз кнігу!” і прыкніжнымі рэкламнымі анатацыямі. Дзіцячы пакой бібліятэкі невялікіх памераў, пагэтаму рацыянальная прадуманасць і спалучэнне выставак для дзяцей малодшага школьнага ўзросту ўключала кніжныя паліцы арыгінальнага афармлення “Парад казачнікаў”, “Музей літаратурных помнікаў” з выявай помнікаў і інфармацыяй “З кнігай – на п'эдэстал”, “Тэатр на кніжнай паліцы” па казцы А.С. Пушкіна “Залатая рыбка”, “Кніжка – санітар” па твору К. Чукоўскага “Майдадыр”, “Нехварэйка” з плакатам “Азбука здароўя”, “Парады Айбаліта Карлсану”. Дзецям сярэдняга школьнага ўзросту адрасаваны паліцы “Ганаруся табой, Беларусь!” з рэкламнікамі “Беларусь на карце свету”, “Паэма “Новая зямля” Я. Коласа – візітоўка нашай дзяржавы, помнік беларускай мове, летапіс сялянскіх традыцый”, “Чытайце беларускае!”, “Беларускія кніжкі, якія патрэбна прачытаць кожнаму школьніку”, “Беларускія сімвалы” з тэкстам гімна, выяваў герба і партрэтам Прэзідэнта РБ; падборкі ў дапамогу школьнай праграме “Дапамажы сабе вучыцца”; інфарм-рэкламнікі “Малавядомае пра вядомых” з цікавымі фактамі з біяграфій знакамітых дзіцячых пісьменнікаў з дэманстрацыяй іх партрэтаў, літаратурны парад “Вучымся дабрыні” з дэманстрацыяй мастацкіх твораў дзіцячых пісьменнікаў з прыкніжнай рэкламнай даведкай на кожнай кнізе. У афармленні форм нагляднасці было ўдала выкарыстана спалучэнне выяўленча-мастацкага і камп'тэрнага афармлення. Кніжны фонд бібліятэкі даволі багаты - 8 416 экз., таму і чытачоў хапае, каля 400 чалавек. Бібліятэка атрымала магчымасць акрамя традыцыйнага абанемента і дзіцячага пакоя стварыць спецыяльны пакой народнай медыцыны, што стала адметнай рысай Пагосцкай сельскай бібліятэкі. Цікавасць да народнай медыцыны з'явілася ў наведвальнікаў бібліятэкі даўно. Сярод карыстальнікаў бібліятэкі заўжды былі пацыенты і медыцынскі персанал Пагосцкай амбулаторнай бальніцы. У афармленні пакоя народнай медыцыны максімальна адлюстраваны нацыянальны стыль, самабытнасць вясковых поглядаў і традыцый у адносінах да здароўя, зроблены акцэнт на народных сродках лячэння і аздараўлення. Удалая творчая знаходка – прапаганда і папулярызацыя здаровага ладу жыцця грунтуецца на шматлікіх літаратурных прыкладах “Пісьменнікі – за здаровы лад жыцця”, “Кніга – агітатар здароўя” і інш.. Элемент супрацоўніцтва сельскай бібліятэкі з Пагосцкай амбулаторнай бальніцай – столік зваротнай сувязі, дзе вядзецца прыём “пытанняў дня” ад наведвальнікаў бібліятэкі і прадстаўлены адказы на гэтыя запыты ў папцы “Пыталіся? – Адказваем!” (па матэрыялах з газет і часопісаў, кансультацыі ўрача мясцовай бальніцы), а таксама кнігі па адзначанай праблеме (сітуацыі) “Кніга падкажа”, “Гэту кнігу прачытай, калі ў сям'і ёсць хворы на …”, картатэка “На выпадак крытычных сітуацый”. Тут жа змешчана Кніга водгукаў наведвальнікаў пакоя народнай медыцыны. Папулярызацыя здаровага ладу жыцця спалучаецца з крытыкай кепскіх звычак курэння, злоўжывання алкаголю, наркотыкаў. Кніжныя экспазіцыі “Здароўе – мудрых ганарар”, “Прырода дапаможа” прадстаўляюць “Дрэва жыцця” з залатымі яблычкамі здароўя, “Венік здароўя” з рэкламай лячэбных уласцівасцей венікаў з галінак розных дрэў, “Каляндар здароўя” і шматлікія рэкламнікі і даведнікі. Цікава вырашана афармленне выстаўкі-пратэста “Пісьменнікі супраць шкодных звычак”, дзе прадстаўлены інфармацыйны лісток “Бяры прыклад з пісьменніка”, рубрыкі “Партрэты загаварылі”, “Пісьменнік – лекар”, кнігі-разаблачэнні з яркімі вытрымкамі з тэкстаў літаратурных твораў і інш.. Куток музыкатэрапіі “Лечымся музыкай” прадстаўляе кожнаму наведвальніку пакоя народнай медыцыны магчымасць самааздараўлення шляхам праслухоўвання грамзапісаў спецыяльных мелодый са спіса лекавай музыкі, састаўленага медыцынскімі свяціламі. Пастаянную прапіску ў бібліятэцы атрымалі акцыі: “Усёй грамадой – супраць п'янства”, “Діцячы (сямейны) байкот курэнню (п'янству)”, “Мір у сям'і – за кубкам чаю”, “За жыццё без наркотыкаў” і інш. У арсенале форм масавай работы бібліятэкі па прапагандзе здаровага ладу жыцця прапісаліся ўрокі здароўя “Азбука здароўя”,, “Парады доктара Айбаліта”, гадзіны карысных парад “Здароўе – мудрых ганарар”, “Куфэрак лекавых раслін”, “Уплыў музыкі на здароўе чалавека”, інфарміны “Чарка ўсё на свеце робіць”, “100 грамаў смерці, або Кропля алкаголю – смерць жывому”, літаратурны хіт-парад “Сцвяржае мудрых кніжак рад: курэнне смерць, а тытунь – яд!” і інш..

6 кастрычніка 2004 года на базе Пагосцкай сельскай бібліятэкі – школы здароўя і народнай медыцыны адбыўся раённы семінар бібліятэчных работнікаў “Бібліятэкар – папулярызатар здаровага ладу жыцця”. Вопыт работы абагульнены аддзелам маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі “Мовай нагляднасці – пра галоўнае: з практыкі Пагосцкай сельскай бібліятэкі – папулярызатара здаровага ладу жыцця, пераможцы раённых аглядаў-конкурсаў “Новы твар бібліятэк – 2003” , “Залатая кніжная выстава – 2004” . Бібліятэкар Пагосцкай бібліятэкі стала канкурсанткай абласнога конкурса “Прафесіянальзм і наватарства – шлях да поспеху – 2003” . Была абрана дэлегатам першага з'езда бібліятэкараў Міншчыны ў 2004 годзе, у дакладзе прадстаўляла новы профіль бібліятэчнай установы “Бібліятэка, запатрабаваная грамадствам”.

Дэбютам 2005 года стала стварэнне пры бібліятэцы аматарскага аб'яднання “Траўнічак”. На сваіх пасяджэння мясцовыя жыхары сталага ўзросту вядуць дасціпныя і правераныя практыкай жыцця размовы аб уласцівасцях лекавых раслін, правілах нарыхтоўкі, прыгатавання ў хатніх умовах лекавых збораў, травяных настояў і адвараў. Ад бібліятэкара яны заўждымогуць пачуць цікавыя паведамленні, карысныя парады з кніг і часопісаў. Удзельнікі клуба дэгусціруюць прыгатаваныя па сваіх фірменных рэцэптах напоі з лекавых раслін, прымаюць удзел у гульнях “Пакаштуй і адкажы”, знаёмяцца з навінкамі літаратуры пра лекавыя расліны і матэрыяламі інфармдасье “Сенсацыі ў медыцыне”. Тут ладзяцца сустрэчы з цікавымі людзьмі – народнымі лекарамі і траўнікамі, пчалаводамі, праводзяцца літаратурна-музычныя, тэматычныя вечары, на якіх людзі пенсійнага ўзросту забываюцца на свае гады і спяваюць, танцуюць, чытаюць вершы вядомых паэтаў.

Вясковая бібліятэчная ўстанова заваявала аўтарытэт бібліятэкі патрэбнай грамадству, арыентаванай на запыты і патрэбы сваіх карыстальнікаў, месца карысных суадносін з кнігай, з цікавымі людзьмі. У зону абслугоўвання ўваходзіць 4 населеныя пункты: цэнтр сельскага Савета, адна з буйных вёсак раёна - Пагост, дробныя вёскі Гаруні, Лісітнік, Хватаўка з агульнай колькасцю жыхароў на 1 студзеня 2005 года 772 чалавекі. З іх 354 чытаюць у бібліятэцы. Не застаюцца па-за ўвагай бібліятэкара людзі, патрабуючыя сацыяльнай рэабілітацыі. Ім кнігі дастаўляюца на дом, ініцыявана акцыя “Ты не адзін!”. У сувязі са слабым паступленнем у бібліятэку новых кніг, бібліятэкар выкарыстоўвае паслугі ўнутрысістэмнага кнігаабмена, каб задаволіць запыты чытачоў дастаўляе кнігі павышанага попуту з кнігасховішча раённай бібліятэкі. Апроч гарантаваных бясплатных бібліятэка ў 2006 годзе пачала аказваць платныя п аслугі п а выдач ы кніг з камерцыйнага фонду . Даход за год склаў 85 000 рублёў.

У 2007 годзе Пагосцкая бібліятэка атрымала статус аграгарадской. Пераход на новы тэхналагічны ўзровень значна пашырыў магчымасці бібліятэкі аграгарадка. Набыццё камп'ютэра, прынтара, выхад у інтэрнэт дазволілі стварыць камфортныя ўмовы для карыстальнікаў бібліятэкі і разнастаіць сэрвіс платных паслуг па наборы тэксту і афармленні тытульнага ліста на камп'ютэры, распячатцы тэксту на прынтары.

1 раз у месяц працягваюцца ўзаеманаведванні-візіты да калег-бібліятэкараў Пагоскага сельскага Савета з абменным вопытам, калектыўнай работай над сцэнарнымі матэрыяламі ЛПГ “ЛІРА” для максімальнага ахопу масава-асветніцкай работы школы і вытворчых участкаў Пагосцка-Вяшэўска-Васілеўшчынскай зон сельскага Савета. У 2008 годзе ЛПГ адзначыла сваё 20-годдзе, тым самым зацвердзіўшы жыццяздольнасць і запатрабаванасць такой формы масавай работы з насельніцтвам. Па выніках раённага агляду-конкурсу “Аматарскае аб'яднанне: імідж бібліятэкі – 2008” ЛПГ “ЛІРА” стала заслужаным пераможцам у намінацыі “Лепшае творчае аб'яднанне бібліятэкараў”.

Вопыт работы Пагосцкай бібліятэкі шырока прадстаўлены на старонках раённага, абласнога і рэспубліканскага перыядычнага друку, чутны далёка за межамі раёна і вобласці. Бібліятэка стала базай правядзення міжрэгіянальных творчых сустрэч бярэзінскіх бібліятэчных работнікаў у рамках узаеманаведванняў “Бібліятэчны прагрэс – у садружнасці ЦБС” з калегамі Бялыніцкай ЦБС Магілёўскай вобласці (2007г.), Чэрвеньскай ЦБС Мінскай вобласці (2008г.).

У 2009 годзе ў сувязі з разшырэннем плошчы мясцовага Цэнтра культуры бібліятэка пераселена ў былое адрамантаванае памяшканне. Пачынаецца новы творчы радок бібліятэкі ў кампаніі “Новы твар бібліятэкі – для пастаянных наведвальнікаў”.

Запатрабаванай формай работы на працягу 2011 года заставалася пасяджэнне клуба самааздараўлення “Траўнічак” для людзей сталага ўзросту, якія збіраюцца на пасяджэнні цыкла “Сам сабе доктар” за кубкам напояў з лекавых траў, абменьваюцца рэцэптамі здароўя, ладзяць сустрэчы з вяскоўцамі карысных заняткаў і хобі – пчалярамі, траўнікамі, кветкаводамі пакаёвых кветак лячэбных уласцівасцяў, праходзяць сеансы музыкатэрапіі з праслухоўваннем запісаў лячэбнай музыкі і смехатэрапіі “Смех + музыка = здароўе” (з выступленнем ЛПГ творчай садружнасці бібліятэкараў Пагосцкага с/Савета).