|
![]() |
|
НЯМІРКА ЛЮДЗМІЛА АНАТОЛЬЕЎНА - дырэктар Бярэзінскай ЦБС з 10.05.1995г. па 12.11.1998г. |
З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
|
Нарадзілася 15 ліпеня 1957 года ў горадзе Быхаве Магілёўскай вобласці. У дзіцячыя гады разам з бацькамі пераехала ў вёску Саланы Жлобінскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1964 годзе пайшла ў Салонскую СШ. У сувязі з пераездам бацькоў у 1969 годзе ў г.п. Круглае Магілёўскай вобласці скончыла ў 1974 годзе Круглянскую СШ. Спрабавала паступіць у Калінінградскі тэхналагічны інстытут. Не паступіўшы, засталася ў Калініградзе, дзе год працавала на сударэмонтным заводзе. У 1975 годзе паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна, які скончыла ў 1977 годзе і па размяркаванню прыехала ў Бярэзінскі раён. 2 жніўня 1977 года была прызначана бібліятэкарам Сялібскай сельскай бібліятэкі. Добра заявіла сябе ў правядзенні масавай работы, выявіўшы навыкі публічнага выступлення, валоданне прыгожай правільнай мовай з уключэннем эмацыянальных прыёмаў уплыву на аўдыторыю. 31 кастрычніка гэтага ж года пераведзена метадыстам у структуры раённай бібліятэкі. Была пастаянным вядучым пасяджэнняў гарадскога клуба прыхільнікаў паэзіі, актывістам бібліятэчнай агітбрыгады па ахопу вытворчых сельскагаспадарчых участкаў, аддаленых вёсак, школ раёна і асноўных працоўных калектываў горада Беразіно. Была вядучай І раённага конкурсу маладых бібліятэкараў Бярэзіншчыны. Праявіла здольнасці ў напісанні і рэалізацыі сцэнарыяў масавых мерапрыемстваў па прапагандзе творчасці вядомых паэтаў, на тэмы маралі і этыкі. Метадычныя распрацоўкі Нямірка Л.А. у дапамогу падрыхтоўкі і правядзення канкрэтных работ у бібліятэцы (арганізацыя выстаў, правядзенне масавых мерапрыемстваў) вылучаліся высокай якасцю з прымяненнем арыгінальна-творчых прыёмаў: кожная прапанова, парада, рэкамендацыя былі метадычна абгрунтаванымі. З 15 кастрычніка 1987 года па 9 чэрвеня 1990 года працавала бібліятэкарам у Бярэзінскай СШ № 2. З 11 чэрвеня 1990 года была сакратаром Бярэзінскага горсавета, удасканаліўшы навыкі работы з людзьмі, вядзеннем справаводства. 10 мая 1995 года прызначана дырэктарам Бярэзінскай ЦБС. За перыяд работы на пасадзе дырэктара праявіла сябе высокакваліфікаваным спецыялістам і ўмелым кіраўніком, здатным мабілізаваць калектыў на выкананне агульных творчых задач. Па выніках работы за 1997 год Бярэзінская ЦБ стала пераможцам УІ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Метадычная служба ЦБС лічылася лепшай ў вобласці, аб чым сведчыць правядзенне на базе Бярэзінскага раёна заняткаў абласной школы метадыстаў “Рэклама магчымасцей бібліятэкі – адна з умоў стварэння яе пазітыўнага іміджу” у 1997 годзе (на той час базай правядзення абласных семінараў выбіраліся толькі самыя перадавыя ЦБС) . Бярэзінская ЦБС слыла наватарам цікавых новаўвядзенняў у абслугоўванні чытачоў і арганізацыі масава-асветніцкай работы, рэкламы лепшых чытачоў-кнігалюбаў, адаронай моладзі і падлеткаў, рэкламе краязнаўчых напрацовак бібліятэк “Бібліятэчнае падвор'е – краязнаўчых навінак сузор'е”. Пад час дырэктарства Нямірка Л.А., цэнтральная бібліятэка расшырыла сегментацыю рынка інфармацыйных паслуг за кошт дастаўкі ў кабінеты работнікаў райвыканкама спецыяльнай літаратуры ў дапамогу рабоце. ЦБ актывізавала дзейнасць па ўстанаўленні і падтрымцы сувязяў з грамадскасцю. Для дырэктара Нямірка Л.А. быў характэрны дэмакратычны ліберальны стыль кіравання з прадстаўленнем абсалютнай свабоды вядучым спецыялістам, часам, без належнага кантролю з боку адміністрацыі. Калегіяльнасць кіравання забяспечваў Савет пры дырэктары. На перыяд дырэктарства Нямірка Л.А. прыйшоўся самы складаны час 90-ых з катастрафічна нізкімі выдаткаваннямі мясцовага бюджэта на камплектаванне кніжнага фонда і падпіску перыядычных выданняў, што стала дадатковым выпрабаваннем для кіраўніцтва ЦБС. 12 лістапада 1998 года па ўласным жаданні Нямірка Л.А. пераведзена бібліятэкарам І катэгорыі Бярэзінскай дзіцячай бібліятэкі, дзе працуе і зараз. |