|
![]() |
![]() |
АДРАС: 223335, Беларусь, Мінская вобл., в. Новіны КАНТАКТНЫ ТЭЛЕФОН: (8 017 15) 48 442 БІБЛІЯТЭКАР ІІ КАТЭГОРЫІ: Кіклевіч Галіна Іванаўна |
|
З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
|
НОВІНСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА была адкрыта ў 1960 годзе як Падваложская прыклубная бібліятэка ў вёсцы Падваложка Паплаўскага сельскага Савета. Размяшчалася бібліятэка ў прыстасаваным памяшканні мясцовага клуба. Для абагрэву памяшкання токарам Кіклевічам Міхаілам Адамавічам была зроблена печка-стаяк. Стэлажоў не было, уздоўж сцен - самаробныя драўляныя паліцы, на якіх і быў расстаўлены невылічкі фонд бібліятэкі. Першы запіс у інвентарнай кнізе зроблены 14 снежня 1960 года аб тым, што ў бібліятэку паступіла 175 экз. кніг, сярод якіх былі ў асноўным мастацкія творы. Бібліятэка састаяла на балансе сельскага Савета, работа па к амплектаванні іабслугоўванні насельніцтва кожны год заслухоўвалася на сесіях сельвыканкама. Аказвалася матэрыяльная дапамога на набыццё кніг, і выдзяляліся грашовыя сродкі на падпіску перыядычных выданняў і ўпраўленнем калгаса імя Мічурына, гаспадарка якога знаходзілася на тэрыторыі зоны абслугоўвання бібліятэкі. З кожным годам фонд бібліятэкі павялічваўся, разнастайваўся пералік перыядычных выданняў. Першапачаткова бібліятэкарам прыклубнай бібліятэкі на працягу 30-ых гадоў было загадчыца клуба Чуміла Інна Мікалаеўна. Пасля працавалі выпадковыя людзі і амаль кожны год мяняліся, што, безумоўна, адмоўна сказвалася на якасці бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва. У адпаведнасці з пастановай ЦК КПСС “Аб павышэнні ролі бібліятэк у камуністычным выхаванні працоўных і навукова-тэхнічным прагрэсе” 1974 года пачалася каранная перабудова арганізацыйнай структуры сеткі бібліятэк краіны на прынцыпах цэнтралізацыі бібліятэчнага абслугоўвання, што дазволіла аб'яднаць намаганні і матэрыяльныя рэсурсы бібліятэк, ажыццявіць адзіную палітыку камплектавання і апрацоўкі іх фондаў, аказанню кваліфікаванай метадычнай дапамогі і фарміравання бібліятэчных кадраў. Згодна плана пераводу бібліятэк на новую форму, зацверджанаму Міністэрствам культуры БССР 25 мая 1975 года Бярэзінскім райвыканкамам была падпісана пастанова аб арганізацыі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна. 20 сакавіка 1976 года Падваложская бібліятэка ў статусе сельскай увайшла ў адзіную Бярэзінскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. На той час бібліятэкай загадвала Беліновіч Вера Іванаўна. 27 жніўна 1976 года бібліятэку прыняла Путрык Ніна Пятроўна. Замяняла яе ў час дэкрэтнага адпачынку выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна Манчанка Святлана Раманаўна (02.08.1977 – 04.03.1978гг.). У верасні 1979 года бібліятэку прыняла Клімантовіч Галіна Іванаўна. 16 жніўня 1980 года загадчыцай Падваложскай сельскай бібліятэкі прызначана Кіклевіч Галіна Іванаўна, якая ў 1984 годзе завочна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна і працуе па цяперашні час. Па выніках 1980 года кніжны фонд бібліятэкі налічваў 6 317 экземпляраў рознагаліновай літаратуры, якім карысталася 360 чытачоў, у тым ліку 120 дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. Кнігавыдача за год склала 6 300 экземпляраў. У зону абслугоўвання ўваходзіла 8 населеных пунктаў з агульнай колькасцю каля 700 жыхароў. С цягам часу колькасць насельніцтва вёскі Падваложка змяншалася, цэнтр мясцовай гаспадаркі ўсё больш канцэнтрыраваўся ў вёсцы Новіны, дзе ўзводзіліся новыя жылыя дамы для працаўнікой сельскагаспадарчай вытворчасці. У лістападзе 1987 года бібліятэка пераехала ў новае памяшканне вёскі Новіны і адпаведна рашэння Бярэзінскага райвыканкама Падваложская бібліятэка перайменавана ў Новінскую сельскую бібліятэку. Праўленне калгаса імя Мічурына, якое ўзначальваў Красоўскі Анатоль Данілавіч, выдзеліла пад бібліятэку трохпакаёвую кватэру ў жылым доме побач з сельскім Домам культуры. Бібліятэкар фарбавала, клеіла шпалеры, завозіла абсталяванне і радавалася прастору і цеплыні бібліятэчнага памяшкання. Калгас набыў для бібліятэкі люстры, свяцільнікі, мяккую мэблю. Пасля цеснаты і холада у цёплым утульным памяшканні было прасторна не толькі кнігам і чытачам, але і новым задумкам. На базе Новінскай бібліятэкі адной з першых у вобласці была рэалізавана практыка роспісу ваконных вітражоў і сцен дзіцячага пакоя сюжэтамі вядомых мультфільмаў. У царстве дзіцячых кніг і мар размясцілася дзіцячая літаратура і чароўны казачны куфэрак. Самы вялікі пакой стаў залай абслугоўвання, дзе наведвальнікам быў забяспечаны свабодны доступ да мастацкай літаратуры. Тут жа афармляюцца ўсе выставы на актуальныя тэмы. Трэці пакой абсталяваны пад чытальную залу з фондам беларускай літаратуры і краязнаўчымі матэрыяламі. Ёсць у бібліятэцы і пакой кружкавой работы, дзе збіраюцца на свае пасяджэнні члены гурткоў фальклорна-этнаграфічнага накірунку з ліку дарослых “Крынічанька” (створаы ў 1984 годзе) і дзяцей “Лянок” (1986г.). Сама загадчыца бібліятэкі Кіклевіч Галіна Іванаўна добры знаўца фальклору, няўрымслівая натура і мае здольнасці згуртаваць вакол сябе аднадумцаў. Гэта чалавек, улюблёны ў сваю справу, у сваю вёску, у сваіх аднавяскоўцаў. У 1990 годзе Новінская бібліятэка адной з першых у раёне набыла каляровы тэлевізар і прайгравальнік, якія дазволілі разнастоіць культурны досуг вяскоўцаў, наведвальнікаў бібліятэкі. У гэтым жа годзе бібліятэка стала раённай базай для правядзення практыкумаў па пытаннях арганізацыі і выкарыстання кніжных фондаў, рабоце з даведачным апаратам, арганізацыі масавай асветніцкай работы. Прыхільнік роднай мовы, Галіна Іванаўна ўсямерна садзейнічала выкананню “Закона аб мовах”. Афармленне нагляднасці і справаздачнасці з 1991 года поўнасцю пераведзена на беларускую мову. Беларуская мова стала сродкам зносін паміж бібліятэкарам і чытачамі. Прапаганда беларускай літаратуры стала і застаецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі. Выдзелены спецыялізаваны пакой беларускай культуры, літаратуры і быта, дзе прадстаўлены фонд беларускай літаратуры, краязнаўчыя матэрыялы, вырабы народнай творчасці вяскоўцаў, прадметы сялянскага побыту. Стэлажы аздоблены разьбой па дрэву, беларускім арнаментам, фотаабоямі з беларускімі краявідамі. Вокны ўпрыгожваюць вітражы з роспісам у нацыянальным стылі. Наглядная агітацыя аформлена на беларускай мове, выдзелены палічныя падзяляльнікі персаналій класікаў нацыянальнай літаратуры вядомых сучасных пісьменнікаў, лаўрэатаў літаратурных прэмій, прадстаўлены рэкламнікі “Заснавальнік гістарычнага жанру ў беларускай літаратуры – У. Караткевіч”, “Стваральнік першага рамана ў вершах – Н. Гілевіч”, “Беларускі Пушкін – Янка Купала” і іншыя. Тут жа прадстаўлены творы і візітныя карткі вядомых пісьменнікаў Бярэзіншчыны, карта-схема “Бярэзіншчына літаратурная”. Добрымі арыенцірамі для чытачоў з'яўляюцца рэкламнікі “На беларускім літаратурным Алімпе”, “Хто ёсць хто ў беларускай літаратуры”, разгорнуты тэматычныя паліцы “Літаратурны набат”, “Літаратурны дэбют”, “Літаратурны партрэт юбіляра” і інш.. Галоўны прынцып іх афармлення – аператыўнае абнаўленне і дэталёвая рэклама. У 1991 годзе на базе Новінскай бібліятэкі прайшоў раённы семінар бібліятэчных работнікаў “Краязнаўства і бібліятэка”. Краязнаўства захапіла Галіну Іванаўну Кіклевіч, бо яна сама з павагай адносілася да нацыянальнай спадчыны і вучыла гэтаму іншых. Яе нязменна цікавіць гісторыя роднага краю: хто мы, адкуль мы, дзе нашы карані? І калі ўся Беларусь узнялася на справу Адраджэння у першых радах была новінскі бібліятэкар. Уся пошукавая работа сабрана ў альбомы, папкі, тэматычныя дас'е, якія прадстаўлены на краязнаўчай выставе “Мой край – зямля бярэзінская” у пакоі беларускай літаратуры, культуры і быта. Тут жа прадстаўлена “Візітная картка”, якая адлюстроўвае знамянальныя і гістарычныя даты з жыцця вёскі, сельскага Савета, калгаса па тэмах: “З гісторыі калгаса”, “Нашы юбілеі”, “Колькі нас?”, “Якія мы?”, “Як мы працуем?”, “Адкуль мы” і іншыя. Усе матэрыялы краязнаўчыга характару адлюстраваны ў краязнаўчай картатэцы з максімальнай паўнатой. Для збору звестак і матэрыялаў бібліятэкарам Кіклевіч Г.І. праводзіліся рэйды па хатах, вяліся гутаркі са старажыламі, настаўнікамі гісторыі. Вынікамі праведзеных пошукавых аперацый “Ведаць гісторыю сваёй вёскі” стала напісанне летапісу роднай вёскі “Зямля бацькоў – майго жыцця крыніца”. Матэрыялы летапісу сістэматызаваны па схеме: “Адкуль ў вёскі імя”, “Гісторыя вёскі”, “Так жылі раней”, “Гісторыі калгаснага жыцця”, “Адукацыя насельніцтва”, “У полымі вайны”, “Новая вёска - новыя людзі”, “Флора і фаўна”, “Мясцовыя абрады”. Цікавым дапаўненнем да летапісу з'яўляецца “Кніга рэкордаў Гінеса вёскі Новіны”. Якая выклікае зацікаўленасць у аднавяскоўцаў, бо там прадстаўлены неардынарныя мясцовыя матэрыялы: “Самы высокі вясковец”, “Самая шматдзетная маці”, “Самы высокі ўраджай”, “Самы працяглы шлюб”, “самая маладая бабуля”, “Самая ўдойная карова” і т.п.. Па выніках пашуковай аперацыі “Бабульчын куфэрак” сабраны і прадстаўлены ў краязнаўчым кутку матэрыялы па тэмам “Так жылі дзеці нашай вёскі раней”, “Дзіцячы фальклор” /калыханкі, лічылкі, дражнілкі, прыпеўкі, гульні/. На выснове пашуковай працы створана картатэка цікавых людзей вёскі, дзе прадстаўлены вясковыя старажылы, удзельнікі значных гістарычных падзей, вясковыя ўмельцы – знаўцы мясцовага побыту. Цікавым і значным дапаўненнем да краязнаўчага фонду з'яўляюцца матэрыялы, згуртаваныя ў папкі і альбомы па тэмах “Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны”, “З гісторыі Бярэзіншчыны”, “Вёскі нашага раёна – сведкі памятных падзей”, “Нашы славутыя землякі”, “Ніхто не забыты – нішто не забыта” і іншыя. Матэрыялы іх з'яўляюцца ўнікальнай шматтомнай краязнаўчай энцыклапедыяй мясцовай гісторыі. Штомесячна бібліятэка праводзіць краязнаўчыя суботы, дзе вядзецца прапаганда краязнаўчых ведаў. Сярод форм краязнаўча-масавай прапаганды – вусны часопіс “Пісьменнікі Бярэзіншчыны”, вечары-рэквіемы“Ніхто не забыты – нішто не забыта”, “Салдацкія ўдовы”, творчыя краязнаўчыя справаздачы перад насельніцтвам з прэзентацыяй новых матэрыялаў, экскурсіі вучняў мясцовай школы ў краязнаўчую залу бібліятэкі. Сярод школьнікаў праводзіліся конкурсы “Хто лепш ведае мясцовыя абрады”, “Знаўцы роднага краю”, аб'яўляліся конкурсы на лепшае сачыненне па тэмах “Цікавы чалавек нашай вёскі”, “Лёс адной сям'і”. Садружнасць з педкаліктывам мясцовай школы дазваляла на добрым якасным узроўні праводзіць ранішнікі і вечарыны для школьнікаў да Дня настаўніка, Дня ведаў, жаночана свята 8 Сакавіка, святы першага і апошняга званка, дні адчыненых дзвярэй бібліятэкі “Да лусты хлеба – праменчык духоўнасці”. Выхаванцы дзіцячага садка прызвычаіліся да Дзён казкі з паказам лялечных спектакляў, да экскурсій у бібліятэку. З захапленнем прымаліся гледачамі бібліятэчнага лялечныя спектаклі гуртка “Казка” (створаны ў 1992 годзе), у рэпертуары якога значыліся лялечныя інсцэніроўкі народных казак і казак беларускіх пісьменнікаў. Цесная садружнасць з мясцовым Домам культуры станоўча сказалася на якасным узроўні работы фальклорных гурткоў для дзяцей і дарослых “Лянок” і “Крынічанька”. Пры дапамозе актывістаў клубаў вялася прапаганда народных святаў, абрадаў, кірмашоў, вячорак, народнага песеннага мастацтва. Традыцыйнымі сталі абрадныя святы Каляды, Купалле, Тройца, Багач. Не мае аналагаў у вобласці абрад “Каляду на дуб”, якое. Неаднаразова прадстаўлялася на старонках абласнога, рэспубліканскага друку і ў сродках тэлерадыёвяшчання. Хутка прыйшло прызнанне самабытнага краязнаўчага профілю бібліятэкара Галіны Іванаўны Кіклевіч не толькі ў раёне, а і на больш высокім узроўні. Бібліятэка адной з 1-ых бярэзінскіх бібліятэк стала дыпламантам рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” у 1995 годзе, што яшчэ больш замацавала плён спецыялізацыі як краязнаўчай хаты-чытальні з 1991 года. У 1996 годзе Новінская сельская бібліятэка вызначана пераможцай раённага агляду-конкурсу на творчую індывідуальнасць. Далучэнне вяскоўцаў да культурнай спадчыны вядзецца пад дэвізам “Культура пачынаецца з Кнігі”. Ва ўмовах складанага фінансавага становішча ў рамках дабрачыннай акцыі “Дапамажы бібліятэцы” з 1996 года бібліятэкарам з поспехам практыкуецца добраахвотная акцыя “Лепшыя кнігі з уласнай бібліятэкі – у часовае карыстанне чытачоў”. Шмат увагі у рабоце бібліятэкі надаецца прапагандзе лепшых чытачоў “Чытач года”, “Самая чытаючая сям'я”, “Юбіляр года”, “Падзея года”. На занятках абласной школы метадыста на базе Бярэзінскага раёна на тэму “Рэклама магчымасцей бібліятэкі – адна з умоў стварэння яе пазітыўага іміджу” 30 верасня - 1 кастрычніка 1997 года бібліятэкар Новінскай бібліятэкі Кіклевіч Г.І. пазнаёміла калег з работай установы “Нагляднасць як форма бібліятэчнай прапаганды і рэкламы: прэзентацыя новых форм нагляднасці”. У лютым 1998 года загадчыцы Новінскай бібліятэкі Галіне Іванаўне Кіклевіч выпаў гонар прадстаўляць лепшых нашых землякоў у тэлеперадачы “Землякі”, якая па ініцыятыве Прэзідэнта РБ Аляксандра Лукашэнкі паявілася на Беларускім тэлебачэнні. Дзеці прыходзяць у Новінскую бібліятэку не толькі за кнігамі, часопісамі і газетамі, але і чамусьці навучыцца, асвоіць набыткі жыцця вышыўкі, вязання, авалодання тэхнікай макрамэ. Пры гэтым яны ахвотна знаёмяцца з народнымі рамёствамі і слухаюць парады з “Бабульчанага куфэрка” – “Юным майстрыхам на заметку”, наведваюць ветэранаў, аказваюць пасільную дапамогу састарэлым. У 1999 годзе для дзяўчынак сярэдняга школьнага ўзросту быў створаны клуб дзіцячай творчасці “Умеліца”. Творчасць юных талентаў дэманстравалася на выставе “З народных арнаментаў”, а таксама гурткоўцы прымалі ўдзел у выставах “Прыгажосць уласнымі рукамі”, “Хатняя вясёлка”, у конкурсе сувеніраў “Валянцінкі” да Дня закаханых. Аформлена ў бібліятэцы і пастаяннадзеючая выстава дзіцячай творчасці “Крылы творчасці дорыць “Умеліца”, якая з году у год дапаўняецца новымі вырабамі, з'яўляецца творчай візітоўкай бібліятэкі. Штогадовыя краязнаўчыя пошукавыя аперацыі “Быць гісторыкам сваёй вёскі” прыадчыняюць новыя пласты, даюць магчымасць папоўніць краязнаўчую скарбонку бібліятэкі. Пошукавую дзейнасць Галіна Іванаўна пачынала з невялічкай групы энтузіястаў-школьнікаў “Пошук”. Тыя яе першыя краязнаўцы ўжо даўно сталыя людзі. За гэты час змянілася шмат пакаленняў юных аматараў гісторыі роднага краю. У 2001 годзе група “Пошук” рэарганізавана ў клуб юных краяведаў “Радзімічы”. Падлеткі займаюцца паглыбленай пошуковай краязнаўчай дзейнасцю, прапагандай гістарычнага мінулага і культурнай спадчыны вёскі. Дзякуючы намаганням пашукоўцаў, краязнаўчы куток штогод папаўняецца цікавымі матэрыялам з гісторыі вёсак Паплаўскага сельсавета, аб Бярэзіншчыне. У ходзе краязнаўчых экспедыцый у аддаленыя вёскі сабраны побытавыя рэчы: лапці, калаўрот, прасніца, бёрды, чаўнакі, прас, цымбалы, матавіла, гільза ад снарада часоў вайны, лялькі ў беларускім нацыянальным адзенні, якія прадстаўлены на пастаяннадзеючай выставе прадметаў-рэліквій вясковага побыту “Новінская скарбніца”. На працягу 2001 года ў бібліятэцы дзейнічала выстава хатняй калекцыі геральдыка Джугана Віктара Васільевіча. Было прадстаўлена 697 экземпляраў значкоў з выявай гербаў гарадоў, а таксама авіяцыйнай, ваеннай, спартыўнай тэматыкі. Сабіралася калекцыя 25 гадоў. Утрымальнік калекцыі значыцца лепшым чытачом Новінскай бібліятэкі-2001, прачытаў 140 экз. кніг. Вялікую цікавасць сярод вяскоўцаў і наведвальнікаў бібліятэкі вызвала калекцыя грашовых знакаў мінулых стагоддзяў “Ад “Каценькі” – да “зайчыка” з хатняга архіву краяведа-аматара, жыхара горада Беразіно І.Л. Жукоўскага. Спадабаліся наведвальнікам бібліятэкі выставы мясцовых умельцаў “Бляск залацістай саломкі”, “Ручнік – свяцілішча жыцця”, фотавернісаж “У культурнай палітры – толькі яркія фарбы” і іншыя. Членам клуба адрасаваліся: свята беларускай хаты “Хата, ты маё свята”, інфарміны “Беларускія скарбы: цікавыя выпадкі знаходжання”, “Абрады роднай вёскі”, гадзіна-рэквіем “Крывавы след Афганістана на бярэзінскай зямлі”, гадзіны шчырасці “Мы – галінкі мацярынскага дрэва”, трыбуны памяці “У рабства ў Германію” па ўспамінах былой выгнанніцы на прымусовыя работы ў Германію, ураджэнкі вёскі Новіны В.А. Пшанічнік, “Пралёг Чарнобыль мне праз сэрца” – па ўспамінах перасяленцаў з забруджанай зоны. Члены гуртка дапамагаюць бібліятэкару ў зборы краязнаўчых матэрыялаў, іх афармленні, правядзенні мерапрыемстваў, зборы экспанатаў для краязнаўчага пакоя. Аформлена дрэва-радавод “Мы з роду Кіклевічаў”. Правераны гадамі факт: патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення становіцца больш дзейсным, калі мае краязнаўчыя карані і мясцовыя арыенціры. Нагляднае адлюстраванне гэтага – цыкл бібліятэчных рэкламнікаў і лістоў гонару: “Бярэзінская зямля ўзрасціла”, “Беларусь – на карце свету”, “Гісторыя вёсак у асобах”, “Беларускія карані сусветных знакамітасцей”. Галіна Іванаўна стала канкурсантам У абласнога агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы бібліятэкар Мінскай вобласці- 2001” , адзначана ў намінацыі “Бібліятэчны эрудыт”. У лістападзе 2004 года прадставіла бярэзінскую дэлегацыю на І з'ездзе бібліятэкараў Міншчыны, вытупала перад калегамі з абменным вопытам “Краязнаўства – сродак патрыятычнага выхавання моладзі і падлеткаў”. У 2005 годзе, дзякуючы дапамозе раённага цэнтра занятасці зроблены касметычны рамонт бібліятэкі. Прылягаючая тэрыторыя заўжды добраўпарадкавана і творча ўвасоблена: разбіты кветнікі і з ранняй вясны да позняй восені цвітуць кветкі і радуюць вока наведвальнікаў бібліятэкі і проста прахожых міма. У 2007 годзе бібліятэка адзначана ў раённым аглядзе “Бібліятэчны кветнік”, а яе імправізаваныя лебедзі з прыстасаваных матэрыялаў сталі узорам карыснага выкарыстання адходаў вытворчасці машынных колаў для эстэтызацыі кветніковага прыстасавання. У 2005 годзе бібліятэкай апрабіравана практыка выдачы кніг павышанага попыту з камерцыйнага фонду, які пастаянна абнаўляецца з набыткаў раённай бібліятэкі. У сваей рабоце Кіклевіч Г.І. трымала цесную сувязь з грамадкасцю, мясцовымі органамі кіравання, са школай, СДК, сродкамі масавай інфармацыі. Бібліятэка па-праву стала месцам еднасці прыхільнікаў кніжнай духоўнасці, чытачоў-актывістаў, кнігалюбаў усіх узростаў. Створаны ўмовы для задавальнення духоўных патрэб сяльчан, адраджэння культурнай спадчыны вёскі. Прадуманая і сістэматычная масавая работа па месцы жыхарства замацавала за Новінскай бібліятэкай імідж інфармацыйна-прапагандысцкага, культурна-асветніцкага і краязнаўчага цэнтра. Творчая садружнасць бібліятэкі і Дома культуры– станоўчы прыклад узаемадзеяння і якаснага вырашэння культурнай арганізацыі вольнага часу сяльчан. Сумесна з СДК ладзяцца народныя і фальклорныя святы, святы і кірмашы вёсак, вечары адпачынку да Дня пажылых людзей, да Дня маці, Дня сям'і, Дня жанчын і іншыя. Сумесна праведзены конкурсы “Міні-міс”, “Мама, папа, я – дружная сям'я”, дні адпачынку выхаднога дня “Адпачываем усёй сям'ёй”. У рамках 2006 Года вясковай культуры прайшло свята вёскі Новіны “Жыве мая вёска”. У гэтым жа годзе на базе культурных устаноў вёскі Новіны прайшоў раённы семінар бібліятэчных работнікаў “Садружнасць бібліятэкі і клубнай ўстановы: пазітыўны імідж сельскай культуры”, у ходзе яго ўдзельнікі азнаёміліся з сумеснай работай новінскіх сельскай бібліятэкі і Дома культуры. Бібліятэкар , маючы добрыя вакальныя здольнасці, з'яўляецца пастаяннай і актыўнай удзельніцай фальклорнага гурта “Радзіна” мясцовага Дома культуры, аснову якога саставілі ўдзельнікі прыбібліятэчных клубаў “Крынічанька” і “Лянок”. Новінскіх самадзейных артыстаў радушна прымаюць не толькі у родных вёсках, а і на раённых, абласных і рэспубліканскіх святах і фестывалях . Фальклорная група прымала ўдзел на творчай справаздачы “Міншчына – сэрца Беларусі”, прымеркаванай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Рэспубліканскім Палацы мастацтва, ініцыяваным Прэзідэнтам краіны А.Г. Лукашэнкам. Калектыў неаднаразова быў пераможцам фальклорных конкурсаў і злётаў, узнагароджваўся граматамі, дыпломамі, падзячнымі лістамі і каштоўнымі падарункамі. Кожная песня ў выкананні гурта “Радзіна” сапраўдны тэатралізаваны абрад. На пачэсным месцы прадстаўлены малавядомы пісьменнік Беларусі Янка Цвік (Іван Бабіновіч), ураджэнец вёскі Падваложка, месца былой дыслакацыі вясковай бібліятэкі. Факты біяграфіі земляка ўдалося ўзнавіць, дзякуючы ўспамінам родзічаў: дачкі Бабіновіч Валянціны Іванаўны, сястры Няхай Міланні Зіноўеўны, пляменніка Путрыка Мікалая Андрэевіча і набыткам членаў краязнаўчага клуба “Радзімічы” пад кіраўніцтвам бібліятэкара Новінскай бібліятэкі Кіклевіч Галіны Іванаўны. Па назапашаных матэрыялах аддзелам маркетынгу Бярэзінскай ЦБС у 2007 годзе выдадзены даведнік “Патрыёт бацькаўшчыны і роднай мовы (І. Бабіновіч)” серыі “Малавядомае імя земляка”. Кожны з наведвальнікаў новінскага літаратурна-краязнаўчага міні-музея можа на ўласныя вочы пабачыць асабістыя рэчы слыннага земляка, фотаздымкі з роднымі, сябрамі, вядомымі творчымі людзьмі Беларусі, сярод якіх слынны Якуб Колас. У ліку рарытэтаў міні-музея - выданне паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” 1928 года з даравальным надпісам аўтара і памятная паштоўка Івану Бабіновічу ад Максіма Гарэцкага,з якім лёс звёў земляка ў Сібіры, арыгінал адзінага друкаванага выдання твораў Я. бабіновіча ў часопісе “Чырвоны сейбіт” за 1928 год. На асобных стэндах прадстаўлены візітныя карткі з партрэтамі пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў, казачнікаў – выхадцаў з Бярэзінскага краю і тых, чый лёс так ці інакш быў связаны з Бярэзіншчынай: Юзафа Масальскага, Мельхіёра Ваньковіча, Сары Рабіновіч, Янкі Цвіка, Рыгора Няхая, Міхася Скрыпкі, Якуба Ермаловіча, Яўгена Курто, Міколы Прашкевіча, Рыгора Ігнаценкі, Алеся Бычкоўскага, Янкі Туміловіча, Івана Маркевіча, Ігната Сабчука, Людзмілы Беляковай, Якава Герцовіча, Паўла Дзюбайлы, Міхаіла Няхая, Паўла Акулевіча, Пятра Рунца. Тут жа размешчаны іх творы і інфармдаведнікі, выдадзеныя Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкай да юбілеяў пісьменнікаў з максімальным адлюстроўваннем жыццёвага і творчага шляхоў слынных землякоў. Цікавасць наведвальнікаў выклікаюць каштоўныя экспанаты-кнігі “Кнігі з аўтографам – нашчадкам на памяць” з даравальнымі надпісамі беларускіх пісьменнікаў спецыяльна для бібліятэкі. На асобным стэлажы пад назвай “Аматары прыгожага пісьменства бярэзінскай зямлі” змешчаны візітоўкі і выдадзеныя Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкай зборнікі літаратурнай творчасці маладых і пачынаючых аўтараў-аматараў, якія дэбютавалі ў “Літаратурнай старонцы” раённай газеты “Бярэзінская панарама”. Краязнаўчы аспект прысутнічае ва ўсіх формах масавай работы Новінскай бібліятэкі. А бібліятэкар Кіклевіч Галіна Іванаўна заўсёды імкнецца зацікавіць наведвальнікаў бібліятэкі, стварае для іх кожны раз нешта новае, своеасаблівае, адметнае і запамінальнае - як у афармленні, так і ў правядзенні экскурсій, аглядаў літаратуры, святаў, вечарын, дзён пісьменнікаў-юбіляраў, літаратурна-краязнаўчых гадзін, гадзін паэзіі, абмеркаванняў твораў і інш.. Асабліва шмат увагі бібліятэкар удзяляе сваім юным наведвальнікам, імкнучыся каб кожны жыхар быў неабыякавым да лёсу сваіх землякоў, свайго краю. “Жаданне – гэта мноства магчымасцей”, а не жаданне – мноства прычын”, - любіць паўтараць Галіна Іванаўна. Мэтанакіраваная краязнаўчая дзейнасць удала вылучыла Новінскую сельскую бібліятэку сярод бібліятэчных устаноў Бярэзіншчыны на раённым аглядзе-конкурсе – 2007 “Масавае мерапрыемства – візітная картка бібліятэкі”, па выніках якога бібліятэкар адзначана ў намінацыі “Лепшае мерапрыемства краязнаўчага накірунку”. Вопыт работы бібліятэкі шырока прапагандаваны на старонках раённага, абласнога і рэспубліканскага перыядычнага друку, чутны далёка за межамі раёна і вобласці, рэкламныя сюжэты неаднаразова змяшчаліся на каналах Нацыянальнага тэлебачання. Новінская сельская бібліятэка стала базай правядзення міжрэгіянальных творчых сустрэч бярэзінскіх бібліятэчных работнікаў у рамках узаеманаведванняў “Бібліятэчны прагрэс – у садружнасці ЦБС” з калегамі Бялыніцкай ЦБС Магілёўскай вобласці (2007г.), Чэрвеньскай ЦБС Мінскай вобласці (2008г.). У маі 2008 года Новінская бібліятэка прыемна ўразіла гасцей Бярэзінскай ЦБС - загадчыкаў аддзелаў абслугоўвання Мінскай вобласці ўдзельнікаў абласнога семінара “Роля бібліятэкі ў фарміраванні здаровага ладу жыцця” не толькі яркім і прыцягваючым вока выглядам, але і добра арганізаванай работай па выхаванню здаровага ладу жыцця і прафілактыцы шкодных звычак. Для дарослых наведвальнікаў бібліятэкі наладжана выстава кантрастаў “Святло і цені”, для дзяцей у імправізаваным казачным пакоі прадстаўлены тэатр адной кнігі “Папялушка, або Тытунёвая прынцэса” цыкла “Старая казка на новы лад” з блокам цікавай малавядомай інфармацыі аб заганных шкодных звычках, аб старадаўніх беларускіх традыцыях ужывання напояў, аб прыкладах ЗЛЖ вядомых пісьменнікаў і маладзёэжных куміраў, творах-агітатарах цвярозасці. Арыенцірам для вясковых кнігалюбаў служыць выстава “Адзначаны нобелеўскай прэміяй”, рэкламнікі твора К. Паўстоўскага “Тэлеграма”, названага лепшым і самым узрушаючым, знакамітай М. Дзітрых, выстава-плакат твораў В. Быкава “Міфы і праўда аб вайне”. Новінская сельская бібліятэка забяспечвае абслугоўванне бібліятэчнай кнігай 8 вёсак Паплаўскага сельскага Савета з агульнай колькасцю каля 400 жыхароў. Ахоп мясцовага насельніцтва па выніках 2008 года складае 63,5% . 253 вяскоўцаў з 398 карыстаюцца паслугамі бібліятэкі. Абслугоўванне вядзецца ў асноўным стацыянарнымі формамі, так як большасць населеных пунктаў размешчана ў радыўсе 3 км. ад бібліятэкі. Толькі 2 населеныя пункты – Жабіхава і Костаўшчына аддалены ад бібліятэкі на 5 км., але гэта маланаселеныя вёскі: у Жабіхава пражывае толькі 2 чалавекі, у вёсцы Костаўшчына - 9 чалавек. Абслугоўванне жадаючых карыстацца бібліятэкай жыхароў гэтых аддаленых вёсак вядзецца індывідуальна, практыкуецца пры неабходнасці дастаўка кніг праз кніганошаў, чытачоў-актывістаў. Наладжана надомнае абслугоўванне вяскоўцаў з абмежаванымі магчымасцямі перамяшчэння. Кожны чалавек, кожная падзея ў вёсцы навідавоку. З асаблівай тактоўнасцю Галіна Іванаўна ставіцца да кожнага селяніна паважанага ўзросту і вучыць гэтаму сваіх юных наведвальнікаў. Кожны вясковы юбіляр – аб'ект асаблівай увагі бібліятэкара. Сіламі бібліятэчнага гурта “Умеліца” персанальна для іх рыхтуюцца памятныя падарункі, складаюцца рыфмаваныя віншаванні, фальклорная група рыхтуе песенны калаж. Так прапісалася ў бібліятэцы новая форма - краязнаўчая агіт-кватэра, а акцыя “Падарунак юбіляру (ветэрану)” стала правераным сродкам выхавання падлеткаў. Уручэнне падарункаў і лісткоў удзячнасці ветэранам на свята Перамогі – лепшы паказчык таго, што ніхто не забыты. Бібліятэчныя атрады міласэрнасці з ліку чытачоў-актывістаў сталі запатрабаванай формай паўсядзённых зносін сталых людзей, якія востра адчуваюць патрэбу ў падтрымцы, і маладых, якія вучацца з шанасцю ставіцца да мудрага ўзросту. У 2010 годзе на базе створанага ў 2007 годзе літаратурна-краязнаўчага міні-музея "Літаратурнае сузор'е Бярэзіншчыны" з персанальнай экспазіцыяй, прысвечанай ураджэнцу вёскі Падваложка Янку Цвіку (Івану бабіновічу) адбыліся здымкі дакументальнага фільма пра малавядомага беларуса - літаратара і асветніка. Працягваюць вучацца лепшым традыцыям народнага мастацтва, знаёмяцца з гісторыяй саломапляцення, вышывання, выцінанкі, рыхтуюць падарункі сваім родным, знаёмым людзям, юбілярам-вяскоўцам члены прыбібліятэчнага клуба “Умеліца”. У чэрвені члены клуба прымалі ўдзел у конкурсе “Калыска талентаў” у г. Клецку. Вярнуліся з дыпломамі Траццякова Н., Верына Н., Аўдзеянка К., Шукан С., Чыстап'ян А. З работамі ўмеліц можна было пазнаёміцца на выставах бібліятэкі “Елачка, елачка – сябар наш вясёлы”, “Валянцінкі”, “Вялікоднае яечка”, “Крылы творчасці дорыць Умеліца”. У 2011 годзе стартаваў цыкл краязнаўчых гадзін “Сем цудаў Беларусі: Бярэзінскі раён”. Запатрабаванай у мясцовага насельніцтва па-ранейшаму заставалася агіт-кватэра “Вітаем з юбілеем” па ўшанаванні вясковых юбіляраў года. Сумесна з ДК штогод праводзіцца цыкл “Калядныя вечары” з 7 па 13 студзеня. Завяршае святочны калядны тыдзень свята “Цягнуць Каляду на дуба”. Гэты самабытны абрад в.Новіны, вядомы на Бярэзіншчыне яшчэ з 90-х гадоў, у гэтым годзе атрымаў статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі. У практыцы Новінскай краязнаўчай хаты-чытальні – цыкл інфармін “Цвярозыя традыцыя нашых продкаў”, “Застольныя маршалкі часоў Усяслава Чарадзея – місія кантролю за цвярозасцю”. Наведвальнікам дзіцячага пакоя казак Новінскай СБ адрасуецца казка на новы лад “Папялушка, або Дзяўчына, якая курыць” паводле казкі Ш.Перо. У рамках агіт-кампаніі “За цвярозы Новы год” да навагодняга свята ўдзельнікі гуртка “Умеліца” Новінскай СБ вырабілі вялікую елку, у рост чалавека, з пластыкавых бутэлек зялёнага колеру з надпісам “Адзіная карысць ад алкагольнай бутэлькі – матэрыял для навагодняй елкі”. На базе бібліятэкі была наладжана вечарына “Шчаслівая тая вёска, дзе жыў такі адметны зямляк” з удзелам першых выпускнікоў Падваложскай школы, былых вучняў настаўніка Бабіновіча І.З. (Янкі Цвіка), які адзін час настаўнічаў не толькі ў вясковай школе, але і вучыў роднай мове і літаратуры дзецей беларусаў-перасяленцаў у Сібіры, сябраваў з М.Гарэцкім, меў перапіску з Я.Коласам, пісаў нататкі, замалёўкі пра жыццё ў далячыні ад радзімы. У кастрычніку 2011 года бібліятэка прымала ўдзельнікаў абласной школы дырэктара – кіраўнікоў цэнтральных бібліятэк Міншчыны, прадстаўніцтва ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама і абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна.
Бібліятэка праводзіць пэўную работу па розных накірунках, але краязнаўчая скарбонка – тут галоўная старонка. Краязнаўства і надалей застанецца трывалым падмуркам усёй бібліятэчнай дзейнасці Новінскай бібліятэкі, якая стала самабытным тварам роднай вёскі. Спадчына прыходзіць да нас промнямі вышняга святла. Важна не разгубляць гэтыя промні, у іх наша духоўная моц, наша адметнасць і самабытнасць.
|