|
![]() |
![]() |
АДРАС: 223322, Беларусь, Мінская вобл., в. Мачаск КАНТАКТНЫ ТЭЛЕФОН: (8 017 15) 50 709 БІБЛІЯТЭКАР ІІ КАТЭГОРЫІ: Крыштоп Святлана Генадзьеўна |
З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
|
МАЧАСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА была адчынена ў 1969 годзе ў статусе прафсаюзнай і знаходзілася ў памяшканні мясцовага Дома культуры. Загадвала бібліятэкай Рыбачонак Галіна. У адпаведнасці з пастановай ЦК КПСС “Аб павышэнні ролі бібліятэк у камуністычным выхаванні працоўных і навукова-тэхнічным прагрэсе” 1974 года пачалася каранная перабудова арганізацыйнай структуры сеткі бібліятэк краіны па прынцыпах цэнтралізацыі бібліятэчнага абслугоўвання, якая дазволіла аб'яднаць намаганні і матэрыяльныя рэсурсы бібліятэк, ажыццявіць адзіную палітыку камплектавання і апрацоўкі іх фондаў, кваліфіцыраваную метадычную дапамогу і фарміраванне бібліятэчных кадраў. Згодна плана пераводу бібліятэк на новую форму, зацверджанаму Міністэрствам культуры БССР 25 мая 1975 года Бярэзінскім райвыканкамам была падпісана пастанова аб арганізацыі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна. 20 сакавіка 1976 года 43 бібліятэкі раёна, у тым ліку і Мачаская прафсаюзная сельская бібліятэка, аб'ядналіся ў адзіную Бярэзінскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму з агульнымі асноўнымі задачамі і прынцыпамі дзейнасці пад кіраўніцтвам Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі. У першай палове 70-ых гадоў ішло значнае зніжэнне колькасці чытачоў, абслугоўваемых прафсаюзнай бібліятэкай , таму згодна загаду адміністрацыі Бярэзінскай ЦБС № 27 ад 31 жніўня 1976 года бібліятэка была пераведзена ў вёску Глінішча Высакагорскага сельскага Савета. Кніжны фонд быў пераразмеркаваны паміж Ягадскай і ўноў адчыненай Глінішчынскай бібліятэкамі. 5 верасня 1977 года Мачаская прафсаюзная бібліятэка аднавіла работу і была рэарганізавана ў сельскую бібліятэку . На пасаду загадчыка прызначана Захожая Ірына Віктараўна, аднак яна працавала толькі два месяцы. На змену ёй пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна ў лістападзе 1977 года прыйшла Жорава Раіса Пятроўна. Фонд бібліятэкі налічваў каля 5 тысяч экземпляраў кніг.
На працягу першай паловы 90-ых гадоў у выніку скарачэння сельскага насельніцтва адбылося значнае зніжэнне карыстальнікаў бібліятэкай. За 1991 год абслужана толькі 175 чытачоў (пры плане 230); выдадзена 1 549 экз. кніг (пры плане 3 680). А сноўным запытам у наведвальнікаў бібліятэкі карысталася мастацкая літаратура, гадавая выдача якой склала 92,6% ад агульнай колькасці. Толькі з 1995 года становішча бібліятэкі некалькі паляпшаецца. За год бібліятэку наведала 314 чытачоў, якім было выдана 4 044 кніг, перыядычных выданняў і іншых дакументаў. Кніжны фонд складаў 6 595 экземпляраў. Для наведвальнікаў наладжваліся кніжныя выставы і тэматычныя паліцы, праводзіліся масавыя мерапрыемствы, была наладжана цесная садружнасць са школай.
Краязнаўства непарыўна звязана з адраджэннем і развіццём патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, дзеля чаго выкарыстоўваліся мастацкая і навукова-пазнавальная літаратура, разнастайныя формы работы. Патрыятычнаму выхаванню дзяцей і падлеткаў служылі ўрок мужнасці “І памятаць страшна, і забыцца нельга”, вечары-сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, гадзіны памяці. Пастаянную прапіску атрымала добраўпарадкаванне помнікаў. Штогод бібліятэкарам удакладняюцца спісы ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, каб потым разам з удзельнікамі клуба “Спадчына” наведаць іх, даставіць кнігі ці часопісы, выканаць тую ці іншую просьбу, пажаданне, павіншаваць са святам ці з днём нараджэння. Галоўная мэта работы ў накірунку патрыятычнага выхавання - не даць забыць, данесці да свядомасці і сэрца подзвіг старэйшага пакалення, выхоўваць пачуццё любові да сваёй Радзімы. З-за адсутнасці належных умоў у бібліятэцы (плошча памяшкання 50 квадратных метры) асноўнай базай правядзення мерапрыемстваў стала школа. Станоўчую ацэнку ў 1999 годзе атрымалі радыёперадачы цыкла “Каляндар памятных дат”, “Віншавальная паштоўка” з удзелам членаў клуба “Юны дыктар”. Матэрыял загадзя запісваўся на магнітафонную стужку, а затым агучваўся на ўсю школу ў назначаны тэрмін. Праводзілася работа бібліятэкі і ў рамках абласной праграмы “Міласэрнасць”. У зоне абслугоўвання бібліятэкі - 13 населеных пунктаў з агульнай колькасцю пражываючых звыш 930 чалавек, з іх 356 жыхароў пенсійнага ўзросту. Безумоўна, асабліва ўвага надавалася людзям сталага ўзросту, жыхарам 9 аддаленых вёсачак і асобам, патрабуючым сацыяльнай рэабілітацыі, якім бібліятэчныя кнігі і перыядычныя выданні дастаўляліся на дом кніганошамі з ліку вучняй мясцовай школы і непасрэдна самім бібліятэкарам. Пастаянная ўвага надавалася і “цяжкім падлеткам” – тым, хто стаяў на уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і ўнутрышкольным уліку. Такія падлеткі запрашаліся на масавыя мерапрыемствы, з імі праводзілася прафілактычная групавая і індывідуальная работа. На кожнага састаўлялася дэталёвая характарыстыка. Асаблівасці характару падапечных улічваліся пры індывідуальнай гутарцы, інтарэсы і праблемныя пытанні – ў тэматыцы масавых мерапрыемстваў. Удзялялася ўвага і праблемам сямейнага чытання: у бібліятэцы былі прадстаўлены візітныя карткі лепшых чытацкіх сем'яў, лепшых чытачоў года, у тым ліку сярод дзяцей, спіс літаратуры “Кніжнае меню школьніка”, паштовыя скрынкі з экспрэс-апытаннямі “Аб чым я хачу пачытаць?”, “За што я люблю бібліятэку?”. У 2000 годзе ў рамках конкурса сельскіх бібліятэк на лепшае мерапрыемства па праграме “Міласэрнасць” Мачаская сельская бібліятэка стала пераможцай у намінацыі “Самы творчы план сельскай бібліятэкі”, а прыкладам творчай яго рэалізацыі стала справаздача – паказ дня прафілактыкі і правапарушэнняў падлеткаў. Такая форма на той час яшчэ не практыкавалася масава іншымі сельскімі бібліятэкамі, у зоне якіх былі школьныя ўстановы.
Сістэматычная работа са школай дала добры плён. Кожны дзень у бібліятэку прыходзяць навучэнцы мясцовай школы пачытаць, абменяцца ўражаннямі аб прачытаным. Гутаркі-дыялогі з бібліятэкарам і між равеснікамі ўзнікаюць самі сабой і на самыя розныя тэмы і маюць высокі выхаваўчы эфект: “Хто з табакай дружбу водзіць, той здароўю свайму шкодзіць”, “Недалёка і няблізка ходзяць людзі з “групы рыска”, “Хто з прыродаю сябруе, той здароўе ўмацуе”, “Чытач, не ляніся – фізкультураю займіся!” і іншыя. Масавыя мерапрыемствы, якія праводзіць бібліятэка, цікавыя і запамінальныя. Напрыклад, урок здароўя “Каб хваробу папярэдзіць – трэба вельмі многа ведаць!”, інсцэніраваныя прадстаўленні “Пастка для прастакоў” з маналогам Забойцы-Цыгарэты з уражваючымі падлеткаў атрыбутамі яе экіпіроўкі, вершаванай казкі “Пра ката Мурзіка, які курыў”. У сваёй рабоце бібліятэкар імкнецца знайсці цікавыя формы прапаганды кнігі для дзяцей усіх узростаў. Асаблівая ўвага надаецца рабоце з дзецьмі малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Па-ранейшаму папулярнымі сярод дзяцей Дні казкі. Сустрэча з казкай пачынаецца не толькі з праслухоўвання – тут маленькія чытачы могуць паспрабаваць свае сілы ў віктарынах, літаратурных гульнях, пабываць у завочных гасцях у вядомых казачнікаў. Да юбілеў казачнікаў у рамках Дзён казкі ладзяцца выставы і агляды кніг, цікавыя інфарміны “Малавядомае пра вядомага казачніка”. У 2007 годзе апроч гарантаваных бясплатных паслуг бібліятэка пачала аказваць платныя паслугі за выдачу кніг павышанага запыту з камерцыйнага фонду . У бібліятэцы вядзецца пастаянная работа па набліжэнні беларускай кнігі да чытачоў, афармляецца літаратурны каляндар пісьменнікаў-юбіляраў года. Праводзіцца значная работа па раскрыццю фонду: афармляюцца тэматычныя паліцы, падборкі. Традыцыйнымі сталі ў бібліятэцы “Беларускія літаратурныя чацвяргі”, на якіх чытачы знаёмяцца з творчасцю пісьменнікаў, сустракаюцца з іх літаратурнымі героямі, пазнаюць шмат новага і цікавага. Так, да 85-годдзя з дня нараджэння І. Мележа была праведзена літаратурная гадзіна “Духоўны свет жанчыны вачыма І. Мележа”, да 75-годдзя П. Місько – “І дум, і мар дзіцячых капітан” і іншыя. Па выніках раённага агляду-конкурсу -2007 “Бярэзінскія бібліятэкі – Я. Купалу і Я. Коласу” Мачаская бібліятэка стала пераможцай у намінацыі “Лепшая аматарская работа “Юбілярам прысвячаецца”. Бібліятэкара Крыштоп С.Г. заўсёды вылучала сярод калег яе творчая неардынарнасць і асабістае амплуа. На канец 2010 года кніжны фонд бібліятэкі налічвае 4 208 экз. друкаваных выданняў, якім карысталася 292 чытачы. Кнігавыдача склала 4 572 экз. кніг і перыядычных выданняў. У зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзіць 15 населеных пунктаў, дзе пражывае 482 чалавекі, у асноўным людзі пенсійнага ўзросту. У 2011 годзе пошукава-экспедыцыйны атрад Мачаскай СБ “Дзеці сонца” і члены гуртка “Званочкі” ажыццявіў рэйды па аддаленых вёсках і запісаў успаміны вясковых старажылаў, сярод якіх асаблівую каштоўнасць прадстаўляюць успаміны старэйшага педагога раёна М.Л.Смарговіч, якая ўзгадала перыяд ліквідацыі непісьменнасці дарослага насельнітцва раёна, ваенныя падзеі ў акупіраваным немцамі Магілёве, дзе яна навучалася ў педінстытуце, піянерскае і камсамольскае юнацтва маладых сяльчан і самыя яркія эпізоды свайго ўдзелу ў першым з'ездзе настаўнікоў Беларусі. Патрыятычнаму выхаванню моладзі спрыяла краязнаўчая гадзіна “Рэха афганскай вайны ў лёсах землякоў” Мачаскай СБ з удзелам маці афганца С.Гаркушы Ганны Рыгораўны, якая падзялілася ўспамінамі пра дзіцячыя і юнацкія гады сына Сяргея. Удзельнікам былі прадстаўлены фотаздымкі школьных гадоў і гадоў службы ў Афганістане мачаскага хлопца. Верш зямлячкі “Дагнала афганца вайна”, прысвечаны С.Гаркушу, адлюстраваў трагічны лёс салдата. Мачаская СБ – база клуба для школьнікаў “Званочкі”, творчы партнёр мясцовай школы – даводзіла юным вяскоўцам інфарамцыю аб прыняцці закона аб забароне ўжывання піва ў грамадскіх месцах акцыяй пратэсту са сплюшчваннем бляшанак з-пад піва са скандзіраваннем “Пиву – три веселых буквы НЕТ!”. Па выніках раённага агляда-конкурса “Бібліятэка – збіральніца гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю” работа Мачаскай СБ адзначана ў намінацыі “За пашырэнне аматарскага краязнаўчага руху”.
|