|
![]() |
![]() |
АДРАС: 223329, Беларусь, Мінская вобл., в. Любушаны КАНТАКТНЫ ТЭЛЕФОН: (8 017 15) 47 337, E-MAIL: Berezino-Lubushanskaia_SB@tut.by БІБЛІЯТЭКАР І КАТЭГОРЫІ: Рассека Аксана Станіславаўна |
З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
|
Да 1974 года бібліятэка тры разы мяняла сваё месца знаходжання. Гэта былі невялікія прыстасаваныя памяшканні. У 1974 годдзе бібліятэка надоўга абсталявалася ў памяшканні Любушанскага дзіцячыга садка. Маладому бібліятэкару хацелася, каб чалавек, які завітаў у бібліятэку, акрыяў тут душой, далучыўся да прыгожага, знайшоў занятак па густу. Па ініцыятыве загадчыцы перыядычна афармляліся тэматычныя выставы і арганізоўваліся цікавыя мерапрыемствы, якія абавязкова падмацоўваліся цікавымі прыкладамі з жыцця.. Сама яна з'яўлялася ўдзельніцай мастацкай самадзейнасці. Намаганнямі Маркоўскай Соф'і Васільеўны ў 1974 годзе пры ўстанове быў заснаваны жаночы фальклорны гурт “Купалінка”. Першае выступленне “Купалінкі” было прымеркавана да свята 8 сакавіка з песняй “За туманам нічога не відна”. З цягам часу “Купалінка” пабывала з канцэртамі амаль ва ўсіх клубах і Дамах культуры раёна, выступала на занальных, раённых, абласных аглядах мастацкай самадзейнасці, дарыла слухачам чароўныя беларускія песні, народныя танцы што ўзнімала настрой гледачам і слухачам. Нельга было ўявіць без “Купалінкі” ні святаў, ні будняў у Любушанах. Песня не перашкаджала бібліятэчнай рабоце, наадварот, давала маральнае задавальненне і сілы, натхняла на творчыя пошукі. Бадай не было такой знамянальнай даты, каб Соф'я Васільеўна не адгукнулася на яе цікавым мерапрыемствам.
У 1977 годзе Любушанскай бібліятэцы было прысвоена званне “Бібліятэка выдатнай работы”. Каб адпавядаць званню кваліфікаванага спецыяліста, Соф'я Васільеўна паступіла на завочнае навучанне ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна, які скончыла ў 1979 годзе. У гэтым жа годзе па ініцыятыве Маркоўскай С.Ф. упершыню ў саўгасе “Любушанскі” былі праведзены дажынкі. На свяце ўшаноўвалі лепшых камбайнёраў. Дзеці чыталі прысвечаныя ім вершы, жанчыны спявалі жніўныя песні, частавалі ўсіх духмяным караваем. Пасля рытуалы зажынак і дажынак стануць у гаспадарцы настолькі традыцыйнымі і папулярнымі, што ператворацца ўжо ў сапраўдныя святы, якія механізатары (ды і не толькі яны) будуць чакаць штогод з нецярпеннем. Як паказальнае мерапрыемства праведзена свята першага снапа “Провады хлебароба ў поле” у 1986 годзе. Метадычным аддзелам Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі абагульнены вопыт бібліятэкі па арганізацыі штогадовых святаў зажынак “Проважают в поле хлебороба”. Значная работа праводзілася па ўкараненню ў быт новых грамадзянскіх абрадаў: урачыстых рэгістрацый шлюбаў і нованароджаных, уручэнняў пашпартоў, провадаў у армію вясковых навабранцаў. Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва за 1983 год Любушанскай СБ уручаны пераходны Чырвоны сцяг аддзела культуры райвыканкама і прафсаюзнага камітэта. На той час у бібліятэцы чытала 500 чалавек, якім было выдадзена за год 10 250 экз. друкаваных выданняў. Кніжны фонд бібліятэкі складаў 11 318 экземпляраў рознагаліновай літаратуры і перыядычных выданняў. Асаблівая ўвага надавалася прапагандзе сельскагаспадарчай літаратуры. Было наладжана індывідуальнае і масавае інфармаванне вядучых спецыялістаў і калектываў гаспадаркі. Рэгулярна праводзіліся комплексныя формы “Дні спецыяліста”, “Дні інфармацыі”. Для пашыранага ідэалагічнага абслугоўвання працаўнікоў жывёлагадоўчых і малочнатаварных ферм, жыхароў аддаленых вёсак была створана агітацыйна-прапагандысцкая група, якая выступала з гадзінамі цікавых паведамленняў, аглядамі і абмеркаваннямі кніг. На працягу 80-ых гадоў бібліятэка з'яўлялася школай перадавога вопыту па прапагандзе сельскагаспадарчай літаратуры. Дзейнасць загадчыцы Любушанскай СБ Соф'і Васільеўны Маркоўскай не абмяжоўвалася абслугоўваннем насельніцтва літаратурай. Жанчына займала актыўную жыццёвую пазіцыю, знаходзілася ў самай гушчы бурлівага сучаснага жыцця. Соф'я Васільеўна – энтузіяст, творча адносілася да справы, была дэпутатам сельскага Савета, карысталася аўтарытэтам сярод калег, аднавяскоўцаў, творчай інтэлігенцыі калгаса “Любушанскі” і мясцовай школы.. Улічваючы прапановы чытачоў, бібліятэка ладзіла літаратурныя вечары. Асабліва натхнённымі, узнёслымі атрымаліся літаратурныя кампазіцыі па творчасці С. Ясеніна, У. Высоцкага. У 1985 годзе арганізаваны клуб прыхілььнікаў паэзіі “Ліра”. У літаратурнай гасціннай бібліятэкі прайшлі сустрэчы вяскоўцаў з вядомымі беларускімі паэтамі і пісьменнікамі М.Чарняўскім, П. Місько, М. Герчыкам, Р. Барадуліным, ініцыятарам якіх была Соф'я Васільеўна. Сустрэча з М. Герчыкам адбылася двойчы – у 1985 і 1990 гадах. У 1985 годзе вопыт работы абагульнены Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкай і выдадзена лістоўка “Вобразна-эмацыянальныя формы работы ў Любушанскай бібліятэцы”. Любушанская бібліятэка з'яўлялася пераможцай раённага агляда-конкурса на лепшую пастаноўку работы да 40-годдзя Перамогі. Праведзена вялікая работа па выяўленні прозвішчаў усіх загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны вяскоўцаў, запісу ўспамінаў родзічаў. Бліз бібліятэкі па ініцыятыве бібліятэкара была разбіта алея - пасаджана 26 імянных дрэўцаў у гонар тых, хто не вярнуўся з вайны.
Соф'я Васільеўна з'яўлялася краяведам першага эшалону бібліятэкараў-назапашвальнікаў матэрыялаў з гісторыі вёскі, папулярызатарам самабытнай народнай творчасці землякоў. У краязнаўчым кутку былі шырока прадстаўлены кнігі і папкі краязнаўчага характару, прадметы побыту і этнаграфіі, экспазіцыя “Я вам пішу з фронту” салдацкіх пісьмаў вяскоўцаў-франтавікоў часоў Вялікай Айчыннай вайны. У арганізацыі доўгатэрміновых прыбібліятэчных выстаў саматканых вырабаў ідэі бібліятэкара падтрымлівалі жыхары навакольных вёсак. Бібліятэка стала рэкламістам вясковага ткацтва. Шмат цікавых экспанатаў прадстаўлялі на выставы майстры-умельцы М.М. Цэдрык, Н.С. Несцяровіч, Н.І. Несцяровіч. З дапамогай А.У. Несцяровіча зроблены слайды пра цудоўныя мясціны, пра ўмелых і таленавітых людзей роднага краю, якія выкарыстоўваліся пры правядзенні мерапрыемстваў. Запамінальным атрымалася свята сяла ў 1988 годзе. Кожная вуліца імкнулася паказаць сваё майстэрства: хто пёк смачныя пірагі, булкі, хто пранікнёна спяваў песні, а хто і посцілкі прывабныя падрыхтаваў. Весела, сонечна, радасна было ў той восеньскі дзень у Любушанах. У 1989 годзе Любушанская бібліятэка была пераведзена у новы, па тыпавому праекту, адзіны ў раёне спецыяльна пабудаваны будынак з прыгожа аформленым фасадам. Узводзіўся будынак сіламі мясцовага саўгаса, але значную фінансавую дапамогу аказаў і Мачаскі сельскі Савет.Суседам бібліятэкі па будынку стаў Любушанскі фельдшарска-акушэрскі пункт. Зусім іншы выгляд набыла Любушанская бібліятэка як Пастаянныя наведвальнікі бібліятэкі - дарослыя і дзеці. Ды і не толькі з мэтай выбраць цікавую кнігу. Тут праводзяцца розныя мерапрыемствы, экспануюцца выставы. Цікава прайшоў вусны часопіс для дарослых “Праблемы Беларусі - мае праблемы”. Добрае ўражанне пакінула ў наведвальнікаў выстава пад назвай “Лепш за ўсё мне мясціна тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос”. У 80 – 90-ыя гады бібліятэка стала рэкардменкай па колькасці масавых мерапрыемстваў клубнага характару. Соф'я Васільеўна – таленавітая асоба, чытальнік вершаў і гумарэсак, самадзейная спявачка народных песень і прыпевак, тамада бібліятэчнай гасцёўні, тварэц-сцэнарыст бібліятэчных святаў, тэатравед дзіцячага лялечнага тэатра. 30 верасня - 1 кастрычніка 1997 года Любушанскую бібліятэку наведалі ўдзельнікі абласной школы метадыста на тэму “Рэклама магчымасцей бібліятэкі – адна з умоў стварэння яе пазітыўага іміджу”, дзе азнаёміліся з інтэр'ерам сучаснай сельскай бібліятэкі і прэзентацыяй слайд-фільма “Вёска мая – я часцінка твая”. Цікава праходзяць заняткі гурткоў літаратурна-адораных дзяцей сярэдняга ўзросту “Зараначка” і малодшага “Буслікі”, якія былі заснаваны ў 1998 і 1999 гадах. Кіраўнік клубаў – творчы партнёр бібліятэкі – настаўніца беларускай літаратуры і мовы Любушанскай школы Яблонская Г.А. сама валодае паэтычным дарам, публікуе вершы і эсэ на старонках раённай газеты. Дзеці не толькі слухаюць вершы знакамітых паэтаў, а і спрабуюць свае здольнасці ў напісанні вершаў, казак, легенд. Для цікавага баўлення карыстальнікаў бібліятэкай у 1999 годзе набыты першы і адзіны відэамагнітафон сярод бібліятэк раёна, што палепшыла аснашчэнне бібліятэчных мерапрыемстваў. У канцы 90-ых – пачатку 2000 гадоў Любушанская бібліятэка вызначана базавай бібліятэкай па экалагічнаму выхаванню і адукацыі насельніцтва. Характэрнымі былі такія экалагічныя навацыі, як афармленне пакоя экалогіі “Экалогія. Прырода. Чалавек” з шэрагам прадуманых рэкламна-асветніцкіх форм нагляднасці, шырокі набор масавай работы па экалагічнаму выхаванню: экалагічныя завочныя экскурсіі для школьнікаў “Сцяжынкамі роднага краю” з дэманстрацыяй гербарыяў траў і раслін вясковых ваколіц; урокі замілавання прыродай з дэманстрацыяй “пейзажнай карціннай галерэі” мастака-земляка У. Несцяровіча і вершаў кіраўніка і членаў клубаў літаратурна-выхаваўчага накірунку “Зараначка” і “Буслікі”; пасядзелкі жанчын-знаўцаў мясцовых абрадаў, звязаных з прыродай і юных любушанцаў цыкла “Старым не забыцца – малым навучыцца”; вечарыны легендаў і казак з прэзентацыяй узорных казак, складзеных таленавітымі любушанскімі дзецьмі па намінацыях “Птушка шчасця”, “Дрэва жаданняў”, “Папараць-кветка”, “Крынічка з жыватворнай вадзічкай”; трыбуны Гонару з дэманстрацыяй цуда-кошыка “Любушанскія Мічурыны”, рэкламніка “Любушанскія дубы – помнікі рэспубліканскага значэння”, слайд-фільма “Мілей за ўсё мясціны родныя”; сустрэчы з вясковымі умельцамі, удзельнікамі выставы народнай творчасці “Лес і фантазія”; конкурсы сяброў прыроды “Звярыны парламент” з падрыхтоўкай дзецьмі дакладаў “Самы дастойны звер” і выпускам агітлістовак “Галасуй за мяне!”, “Выбяры мяне!”. Наглядныя экспанаты - чучалы птушак, муляжы садавіны і гародніны, гербарый траў – дапаўняліся рэкламнікамі арыгінальнай формы (у выглядзе макетаў кветкі-рамонка, ягады-велікана, грыба, дубовага ліста і інш.) “Мясцовыя назвы птушак (траў, грыбоў, ягад, урочышчаў, балотаў, рэк)”; краязнаўча-экалагічны пашпарт раёна; “Запісная кніжка аматара прыроды” з крылатымі выказваннямі, парадамі, як весці сябе ў лесе, на рыбалцы, у лузе, чым і як лячыцца, калі параніўся ў паходзе. Бібліятэкарам была наладжана цесная сувязь з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якая ацаніла экалагічны патэнцыял бібліятэкі і аказвала фінансавую падтрымку ў набыцці кніг, у правядзенні падпіскі на перыёдыку экалагічнай арыентацыі, закупцы дэкаратыўных хатніх кветак і кашпо. Бібліятэка стала першаадкрывальнікам спецыялізаванага экалагічнага пакоя пры бібліятэцы (2000г.) Любушанская сельская бібліятэка заняла ў ІІ абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку работы па экалагічнай адукацыі і інфармацыі насельніцтва ў 2000 – 2001 гадах 1-ае месца ў намінацыі “Лепшая сельская бібліятэка” і 2-ое месца ў адпаведным рэспубліканскім конкурсе. Гэта яшчэ раз пацвярдзіла, што любушанскі вопыт па экалагічнай адукацыі не меў аналагаў у рэспубліцы і не капіраваўся з чужых напрацовак, а быў народжаны самабытнай творчасцю і наватарствам бібліятэкара. У 2000 годзе Любушанскай бібліятэкай сумесна з ФАПам наладжана работа Сямейнай акадэміі з місіяй здароўя з цыклам гадзін карысных парад і паказам відэафільмаў серыі “Выжыць пасля Чарнобыля”, сустрэчамі з вясковымі доўгажыхарамі, прыхільнікамі здаровага ладу жыцця і тымі, хто здолеў перамагчы шкодныя звычкі са споведамі шчырасці вяскоўцаў “Як я кінуў курыць”, “Заклінаю не піць!”, “Усе – у лазню!”, “Холад – сястра тым, хто целам молад”, “Мы харчуемся, каб жыць”, “Бясплатныя лекі з градкі і луга”. На пасяджэннях акадэміі вяскоўцы вучыліся адзін ад аднаго або наводле рэкамендацый медыка ці папулярнай кнігі асновам здаровага ладу жыцця, самааздараўлення, пераадолення заганных звычак, арганізацыі карыснага для здароўя сямейнага баўлення часу, уменню браць ці паказваць станоўчы прыклад для пераймання. Пастаяннымі наведвальнікамі бібліятэчнай акадэміі з місіяй здароўя былі сем'і Шкудровых, Несцяровічаў, Паўрозаў, якія па-праву значацца на вёсцы сем'ямі здаровага ладу жыцця. У 2003 годзе ў сувязі з закрыццём блізляжачай Дулебскай сельскай бібліятэкі пашырылася зона абслугоўвання Любушанскай бібліятэкі з дадатковым уключэннем пяці населеных пунктаў Баравіца, Дашніца, Дулебы, Задор'е, Падвосава. Агульная колькасць насельніцтва ў зоне абслугоўвання сельскай бібліятэкі перавысіла 960 чалавек. У 2003 годзе Любушанскай сельскай бібліятэкай абслужана 354 наведвальнікі, якім выдадзена 4 904 экз. кніг і іншых друкаваных выданняў. Кніжны фонд бібліятэкі налічваў 8 965 экземпляраў кніг, перыядычных выданняў і іншых дакументаў. Базавай гаспадаркай Любушанскай бібліятэкі з'яўляецца філіял ТАА “Мінскі завод кузавоў “Купава-Агра”, адміністратыўным цэнтрам якога з'яўляецца вёска Любушаны. У 2005 годзе вясковы населены пункт рэалізаваны ў новую адмістарцыйную адзінку – аграгарадок – першы ў раёне. Зараз у зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзіць 13 населеных пунктаў. Самымі буйнымі з іх па плошчы і насельніцтву з'яўляюцца вёскі Любушаны і Дулебы. Астатнія вёскі маланаселеныя, а адна з іх – вёска Падвосава, у 2007 годзе засталася без пастаянных жыхароў. Агульная колькасць насельніцтва зоны абслугоўвання складае прыблізна 800 чалавек. Стварэнне ў 2005 годзе аграгарадка значна паляпшыла сацыяльна-бытавыя ўмовы пражывання ў любушанцаў, паспрыяла аптымізацыі ўзроўню культурнага абслугоўвання насельніцтва. Бібліятэка першага ў раёне аграгарадка Любушаны істотна змяніла свой твар, чым парадавала сваіх пастаянных чытачоў і простых вяскоўцаў. Інтэр'ер культурнай установы – яе візітоўка. Аграгарадская бібліятэка атрымала цудоўныя магчымасці камфортнага абслугоўвання чытачоў, памяшканне стала больш утульным і прыгожым: паклеены шпалеры, пафарбаваны рамы акон, на падлозе пакладзены лінолеум, зроблена падвесная столь і на паўсцяны панэль. З раённага бюджэту выдаткавана 8 985 000 рублёў на набыццё новай мэблі: стэлажоў, камп'ютэрнага стала, бібліятэчнай кафедры, мяккага кутка, камп'ютэра, прынтара. На вокнах з'явіліся сучасныя жалюзі, радуе новы дэкор афармлення бібліятэкі. Цяпер усе кампазіцыі аформлены метадам камп'ютэрнай графікі і больш ярка адлюстроўваюць плыні сучаснага жыцця. Новыя кніжныя выставы і экспазіцыі раскрываюць праблемы экалогіі, прапагандуюць асновы здаровага ладу жыцця, прадстаўляюць гістарычнае мінулае і дзень сённяшні любушанцаў, іх таленты і захапленні. Цэлы стэлаж аддадзены для рэкламы аграгарадка Любушаны: яго сацыякультурнай базы, рашэнняў мясцовых улад, сацыяльных стандартаў, гісторыі СВК, базавай школы і т.п.. Дастаткова пераступіць парог бібліятэкі, і ўсюды вас сустракаюць кветкі. Арганічна дапаўняюць інтэр'ер сельскай бібліятэкі карціны таленавітага земляка, ураджэнца вёскі Карбаўское, супрацоўніка раённай газеты Уладзіміра Несцяровіча, а таксама дарагія для бібліятэкі экспанаты – падарункі да 25-ці, 30-ці і 35-ці гадовых юбілеяў бібліятэкі. Уражвае і краязнаўчы пакой, дзе шмат нагляднасці і мноства матэрыялаў, самаробны манекен жанчыны (у натуральную велічыню) у нацыянальным адзенні за прасніцай з кудзеляй. Гэта своеасаблівы помнік вясковай жанчыне-працаўніцы, носьбіту самабытнай абраднасці і культуры, знаўцы народных песень, які адлюстроўвае лёс жанчыны-беларускі. Слаўныя традыцыі, назапашаныя за столькі гадоў працы, любоў і прызнанне вяскоўцаў да сваёй бібліятэкі, гісторыі вёскі робяць установу крыніцай новых спраў і сапраўдным астраўком асветы, ужо ў статусе бібліятэчнага цэнтра аграгарадка. За гады існавання бібліятэкі сабраны багаты краязнаўчы матэрыял, заведзены спецыяльныя рубрыкі “Мы ў газеце і газета пра нас”, “Гісторыя калгаса”, “Гісторыя Бярэзіншчыны”, “Вёска ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Папулярныя кулінарныя стравы нашай вёскі”, “Фальклорная скарбонка вёскі”, “Пісьменнікі-землякі” і інш. Асобны дзіцячы пакой дае магчымасць прадставіць фонд літаратуры для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту і раскрыць яго з улікам асаблівасцей гэтай катэгорыі карыстальнікаў. Тут прадстаўлена выстава-гульня “Тэатр на кніжнай паліцы” арыгінальнага афармлення “Рэпка, або Трагедыя нямоглай старасці”, “СНІДоўк і сямёра казлянят”, “Калабок у эпоху рызыкі” цыкла “Старая казка на новы лад”, літаратурная “Школа дабрыні”. Мягкая мэбля і гульнятэка прадстаўляе маленькім наведвальнікам магчымасць задаволіць непасрэдна ў бібліятэцы свае патрэбы ў калектыўных гульнях, у сумесным праглядзе новых кніжак. Ёсць сярод нас людзі, якім лёсам наканавана быць ўзорам, добрым прыкладам для тых, хто з імі працуе і разам крочыць па жыцці. З тагой кагорты ветэран бібліятэчнай справы з 33-гадовым стажам Соф'я Васільеўна Маркоўская, сапраўдны энтузіяст, улюблёны ў сваю справу чалавек. Актывіст бібліятэчных спраў арыгінальнага творчага почырку. Праца з кнігай заўсёды прыносіла ёй задавальненне, напаўняла яе жыццё глыбокім сэнсам. Як гаворыць сама жанчына “Будзеш работу любіць – знойдзеш, што рабіць”. Сапраўды, шлях да такога прызнання і пашаны пракладзены сумленнай працай і творчым пошукам сапраўднага прафесіянала, апантанага любімай справай. Бібліятэкар свае гады не лічыла, шчодра аддавала іх выбранай справе, роднай зямлі, землякам. У 2005 годзе Соф'я Васільеўна Маркоўская атрымала падзячны ліст ад старшыні Бярэзінскага райвыканкама за шматгадовую работу па развіццю бібліятэчнай справы ў раёне і ў сувязі з 35-годдзем Любушанскай СБ. Трывала замацаваны імідж “цёплага дома”, дзе традыцыйна прапісаліся формы індывідуальнай і масавай работы з сервісам хатняга абслугоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі і ветэранаў, цікавымі мерапрыемствамі ў форме “бібліятэчных пасядзелак” працягваецца. На сёняшні час у зоне абслугоўвання аграгарадской бібліятэкі размешчаны Любушанскі сельскі Дом культуры, тры магазіны, пошта, філіял “Беларусбанка”, камбінат бытавога абслугоўвання, кантора, баня, гасцініца і машынны двор базавай гаспадаркі “Купава-Агра”, пажарны аварыйна-выратавальны пост. Большая частка дарослых чытачоў знаходзіцца ў працаздольным узросце. Цікавасць да чытання праяўляюць і людзі пенсійнага ўзросту, у тым ліку і інваліды, і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Чытачам гэтай катэгорыі па іх жаданню прадстаўляецца паслуга надомнага абслугоўвання. Такую ж паслугу бібліятэка аказвае і жыхарам іншых 12 населеных пунктаў. Да паслуг жыхароў аддаленай вёскі Дулебы ў 2007 годзе пачаў дзейнічаць бібліятэчны пункт. У гэтым жа годзе, а проч гарантаваных бясплатных паслуг дадаткова ў ведзены платны сэрвіс: бібліятэка пачала аказваць платныя паслугі па выдачы кніг з камерцыйнага фонду, наборы тэксту і афармленні тытульнага ліста на камп'ютэры, распячатцы тэксту на прынтары. За 2008 год бібліятэка абслужыла 336 чытачоў, з іх 110 дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў і 34 чалавекі сталага ўзросту. Выдадзена 5 177 экземпляраў рознагаліновай літаратуры, перыядычных выданняў і іншых дакументаў. Кніжны фонд налічваў 6 807 экземпляраў. На 1 студзеня 2009 года ў зоне абслугоўвання бібліятэкі пражывала 773 жыхары. Аксана Станіславаўна падоўжыла работу Сямейная акадэмія з місіяй здароўя. У маі 2008 года бібліятэка прыемна ўразіла гасцей Бярэзінскай ЦБС - загадчыкаў аддзелаў абслугоўвання Мінскай вобласці ўдзельнікаў абласнога семінара “Роля бібліятэкі ў фарміраванні здаровага ладу жыцця” не толькі яркім і прыцягваючым вока выглядам, але і добра арганізаванай работай па выхаванню здаровага ладу жыцця і прафілактыцы шкодных звычак. Рэарганізаваны прыбібліятэчныя аматарскія аб'яднанні: фальклорны клуб “Купалінка” - у клуб вясковых майстрых “Калаўрот”, які спрыяе адраджэнню народнай культуры і далучэнню да яе маладых вяскоўцаў; клубы для літаратурна-адораных дзяцей “Буслікі” і “Зараначка” - ў адзін – “Любушанскія жаўроначкі”, які працягвае прывіваць вучням мясцовай школы любоў да Бацькаўшчыны, да роднай мовы і літаратуры, садзейнічае пашырэнню, паглыбленню і замацаванню ведаў, набытых у школе. Творчым партнёрам бібліятэкара застаецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы, паэтка-аматарка Г. Яблонская. Далейшае развіццё атрымала работа па выяўленні і падтрымцы таленавітых дзяцей і стварэнні ўмоў для творчай самарэалізацыі падрастаючай асобы. Гэта красамоўна падцвердзіў ХУІ злёт “Юныя таленты Міншчыны- 2008” , у якім вучаніца 5-га класа Любушанскай базавай школы Макарэвіч Вераніка была адзначана ў намінацыі “Пераможца”. Заслужанае прызнанне паэтычнага таленту прынёс дзяўчынцы лірычна-патрыятычны верш “Шпак”. У 2011 годзе Любушанская сельская бібліятэка аграгарадка практыкавала дастаўку бібліятэчнай друкаванай прадукцыі ў Дулебскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання састарэлых і інвалідаў. Паход-ушанаванне землякоў, якія загінулі ў гады вайны, да помнікаў у вёсках Дашніца, Дулебы быў наладжаны Любушанскім бібліятэкарам для ўдзельнікаў клуба “Жаўроначкі”. Майстрыхі клуба народных рамёстваў “Калаўрот” Любушанскай бібліятэкі аграгарадка падарылі вяскоўцам выставу-сюрпрыз “Рукатворная вясёлка” вышываных работ А.Гарбар – удзельніцы клуба “Калаўрот”, рэтра-выставу прадметаў сялянскага побыту “Бабулін куфэрак”. Яркім атрымаўся вечар “Пакуль Чарнобыль у душу глядзіць” у Любушанскай СБ, на якім прагучалі сапраўдныя гісторыі з вуснаў перасяленцаў Краснопольскага і Хойніцкага р-наў. Вучні прадставілі інсцэніроўку верша С.Законнікава “За калючым дротам”. Мясцовы паштальён, шматдзетная маці, самадзейны артыст І.Цюхай прачытала ліст-споведзь ліквідатара “Нас радыяцыя прагнала з зямелькі роднай”. Па выніках раённага агляда-конкурса - 2011 “Бібліятэка – збіральніца гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю” Любушанская СБ адзначана ў намінацыі “За адраджэнне этнакультурнай спадчыны роднага краю”. Бібліятэка паказала сродкамі бібліятэчных формаў новае аблічча вёсак – краязнаўчы экалагічны маршрут “Святыні нашай вёскі” . Гасціннасць Любушанскай бібліятэкі не мае межаў: была і з'яўляецца базай для правядзення раённых, абласных семінараў; міжрэгіянальных творчых сустрэч бярэзінскіх бібліятэчных работнікаў у рамках
|