|
![]() |
![]() |
АДРАС: 223316, Беларусь, Мінская вобл., в. Косаўка КАНТАКТНЫ ТЭЛЕФОН: (8 017 15) 32 048, E-MAIL: Berezino-Kosovskaia_SB@tut.by БІБЛІЯТЭКАР: Зябко Тамара Яфімаўна |
З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
|
КОСАЎСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА была адкрыта ў 1971 годзе і размясцілася на другім паверсе двухпавярховага будынка мясцовага Дома культуры. Першай загадчыцай была Аўтуховіч Лілія Іванаўна, 1952 года нараджэння. На змену ёй, у 1973 годзе была прызначана Краснаштанава Раіса Міхайлаўна, спецыяліст з адукацыяй. 1 красавіка 1974 года Косаўскую бібліятэку ўзначаліла Слабко Надзея Рыгораўна. У перыяд дэкрэтных адпачынкаў асноўнага работніка працавалі Бандарчык Галіна Васільеўна (1974 -1976гг.), Бадрова Яўгенія Васільеўна (27.03.1980 – 25.08.1980гг.), Слабко Кацярына Аляксандраўна (01.01.1980 – 27.03.1980гг.), Гамеза Ірына Рыгораўна (06.11.1984 – 06.12.1984гг.) , Галуза Валянціна Васільеўна (06.12.1984 – 31.12.1985гг.) . Завочна скончыўшы ў 1979 годзе Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна, Слабко Надзея Рыгораўна зарэкамендавала сябе як кваліфікаваны бібліятэкар. Праяўляла адказнасць за вынікі работы. Валодала здольнасцю стварыць атмасферу добразычлівасці, карысталася аўтарытэтам сярод чытачоў. Прымала актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці вёскі. За 1979 год бібліятэку наведала 514 чытачоў, у тым ліку 110 дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. Было выдадзена 10 301 экз. рознагаліновай літаратуры, у тым ліку дзецям - 6 321 экз. Кніжны фонд бібліятэкі налічваў 6 180 экземпляраў. У 80-ыя гады быў заключаны дагавор аб творчай садружнасці бібліятэкі з кіраўніцтвам саўгаса “Бярэзінскі”. Наладжана сістэма індывідуальнага інфармавання вядучых спецыялістаў сельскай гаспадаркі, масавага інфармавання асноўных калектываў гаспадаркі. На партыйных і вытворчых нарадах бібліятэкар выступала з аналізамі чытання спецыялістаў саўгаса “Бярэзінскі”, папулярызавала літаратуру ў дапамогу сельскагаспадарчай вытворчасці. Актывізавалася работа бібліятэкі ў ідэалагічным абслугоўванні жывёлагадоўчых ферм шляхам правядзення такіх эфектыўных форм як Дні жывёлаводаў, Дні механізатараў, Дні якасці. З ліку жанчын - працаўніц сельскай гаспадаркі быў арганізаваны прыбібліятэчны фальклорны гурт вёскі Косаўка “Рэчанька”, кіраўніком якога стала бібліятэкар Надзея Рыгораўна, бо мела якасці завадатара і добрыя вакальныя здольнасці. Калектыў радаваў сваімі выступленнямі працаўнікоў сельскай гаспадаркі, мясцовае насельніцтва, выязджаў з канцэртнымі праграмамі на раённыя святы, удзельнічаў у раённых аглядах-конкурсах фальклорных калектываў Бярэзіншчыны, узнагароджваўся граматамі і дыпломамі. Дзякуючы наладжанай цеснай садружнасці з клубам і мясцовымі органамі кіравання, бібліятэка штогод прымала ўдзел у арганізацыі і правядзенні рытуалаў ушанавання перадавікоў сельскай гаспадаркі, вечароў адпачынку для аднасяльчан. У 1987 годзе загадчыца бібліятэкі прыняла актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні свята вёскі Капланцы “Святая, как хлеб, деревенька моя”, у 1990 годзе – свята вёскі Косаўка з завочным экскурсам у гісторыю вёскі, ушанаваннем доўгажыхароў, прадстаўленнем вядомых землякоў, гульнёй-віктарынай “Хто ёсць хто?”. Цікаваму і карыснаму баўленню часу аднавяскоўцаў садзейнічала арганізаванае пры бібліятэцы аматарскае аб'яднанне “Гаспадыня”, пасяджэнні якога праходзілі штоквартальна і выдзяляліся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю мерапрыемстваў у дапамогу вясковай жанчыне-працаўніцы, маці. З мэтай прыцягнення дзяцей і падлеткаў ў бібліятэку і заахвочвання іх інтарэсаў да чытання ў 1987 годзе пры бібліятэцы быў арганізаваны лялечны гурток “Алёнка”, які неаднаразова з'яўляўся дыпламантам раённых аглядаў-конкурсаў лялечных тэатраў пад дэвізам “Мы любім беларускую казку”. Ва ўмовах паглыбленай занятасці хлебаробаў эпіцэнтр масавай работы бібліятэкі пераносіўся ў працоўныя калектывы. Створаная ў 1988 годзе пры бібліятэцы літаратурна-прапагандысцкая група з ліку бібліятэкара, клубнага работніка і чытачоў-актывістаў дазваляла вырашаць праблемы развіцця і ўдасканальвання масавай прапаганды кнігі. Сустрэчы ў чырвоных кутках ферм у хвіліны адпачынку жывёлаводаў за кубкам чаю сталі нормай для ЛПГ Косаўскай бібліятэкі. Група выступіла на ўсіх жывёлагадоўчых фермах саўгаса “Бярэзінскі”, карысталася зайдроснай папулярнасцю на вёсцы.
У сувязі з пагаршэннем дэмаграфічнай сітуацыі ў перыферыйнай зоне, дзе адсутнічае школьная ўстанова і пераважае насельніцтва пенсійнага ўзросту, стала змяншацца колькасць чытачоў. Па выніках работы за 1992 год бібліятэку наведала толькі 223 чытачы, якім было выдадзена 3 138 экз. кніг і перыядычных выданняў. З 1993 года бібліятэка стала працаваць на 0,5 стаўкі. З кожным годам становішча пагаршалася. Ва ўмовах слабага фінансавага становішча пагоршылася паступленне новай літаратуры: у 1994 годзе паступіла толькі 6 кніг, у 1995-2000 гадах не паступіла ні воднага экземпляра друкаваных выданняў. На канец 2001 года бібліятэкай карысталася 160 жыхароў зоны абслугоўвання, у якую ўваходзілі вёскі Косаўка і Гурэшчына. Было выдана 1 686 кніг, часопісаў і газет. Для задавальнення чытацкіх запытаў літаратура павышанага попыту, часопісы, газеты дастаўляліся з кнігасховішча Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі і блізляжачай Гарэніцкай сельскай бібліятэкі. Па рашэнню Бярэзінскага райвыканкама №12 ад 25 студзеня 2002 года Косаўская сельская бібліятэка была закрыта. Але не на доўгі тэрмін. У 2005 годзе Косаўская бібліятэка зноў гасцінна адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў пасля капітальнага рамонту. Бібліятэку ўзначаліла мясцовая жыхарка Зябко Тама Яфімаўна. Да паслуг чытачоў - 2 пакоі: у адным размешчаны кніжны фонд і дзіцячы куток, у другім - чытальная зала на 6 пасадачных месцаў. Дэталёва прадумана афармленне зон і нагляднасць. Кніжны фонд бібліятэкі налічваў каля 3 000 экз. Высокая эстэтыка арганізацыі інтэр'ера і ўмовы камфортнасці для наведвальнікаў дазволілі бібліятэцы стаць дыпламантам у намінацыі “Бібліятэка лепшага інтэр'еру” раённага агляда-конкурса – 2006 “Мая бібліятэка”.
Далейшаму росквіту культуры вёскі Косаўка спрыяла змена статуса населенага пункта. У 2007 годзе Косаўская бібліятэка атрымала статус аграгарадской. Пераход на новы тэхналагічны ўзровень (набыццё тэлевізара, камп'ютэра, прынтара, выхад у інтэрнэт) значна пашырыў магчымасці бібліятэкі аграгарадка, павысіў яе аўтарытэт, значна змяніў менталітэт. Апроч гарантаваных бясплатных паслуг, бібліятэка пашырыла дадатковы платны сэрвіс: пачала аказваць платныя паслугі па выдачы кніг з камерцыйнага фонду, наборы тэксту і афармленні тытульнага ліста на камп'ютэры, распячатцы тэксту на прынтары.
Бібліятэка жыве ў рытме сёняшняга дня. Радуе вока сваім сучасным выглядам і ўтульнасцю. Гэта ўстанова – прыклад таго, як адраджэнне вёскі ўзнаўляе закрытыя раней установы. Закрыта ў 2002, адноўлена ў 2005 годзе – і цяпер уваходзіць у лік лепшых устаноў культуры ў раёне, якія задавальняюць наведвальнікаў рознага ўзросту – дзяцей, моладзь, сталых людзей. У яе зону абслугоўвання ўваходзяць 2 населеныя пункты - Косаўка і Гурэшчына, на тэрыторыі якіх размешчаны цэнтр праўлення СВК “Бярэзінскі”, Дом культуры, КПП, ФАП, пошта, магазін, сталовая. Колькасць мясцовага насельніцтва складае звыш 300 чалавек, шмат прыезжых працоўных з горада Беразіно. Штогод бібліятэкай абслугоўваецца звыш 250 чытачоў, якім выдаецца каля 3,5 тыс. экз. кніг і перыядычных выданняў. Значнае месца ў арганізацыі работы бібліятэкі займае абслугоўванне сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва. Складзены банк дадзеных жыхароў зоны абслугоўвання, якія патрабуюць сацыяльнай увагі і апекі. Бібліятэкар ажыццяўляе індывідуальнае абслугоўванне на даму тых чытачоў, якія па стану здароўя не могуць самастойна наведваць бібліятэку. Не застаюцца без увагі і спецыялісты аграгарадка. Вядзецца групавое інфармаванне калектываў і абанентаў індывідуальнай інфармацыі. Работа скіравана на задавальненне духоўных запатрабаванняў жыхароў аграгарадка і гараджан, якія прыязджаюць у аграгарадок на працу, а таксама арганізацыю іх вольнага часу, чаму спрыяе той фактар, што бібліятэка знаходзіцца ў адным будынку з Домам культуры і практыкуе сумесныя мерапрыемствы па адпачынку вяскоўцаў. Новы тэлевізар збірае прыхільнікаў на бібліятэчныя прагляды папулярных тэлеперадач па аздараўленні (“Малахаў +” і т.п.) і сямейным праве (“У зале суда”), а зручная мэбля спрыяе камфортнасці такіх “бібліятэчных тэлесеансаў”. Тут жа фонд перыядычных выданняў. У гадавой падпісцы бібліятэкі – 16 назваў газет, 16 назваў часопісаў, з іх 5 – дзіцячых. Штогод папаўняецца кніжны фонд. За 2007 – 2008 гады папоўніўся на 277 экз. кніг.
Асноўнымі накірункамі дзейнасці бібліятэкі з'яўляюцца краязнаўства, патрыятычнае, экалагічнае і сямейнае выхаванне, прапаганда здаровага ладу жыцця.
Косаўская бібліятэка стала базай правядзення міжрэгіянальных творчых сустрэч бярэзінскіх бібліятэчных работнікаў у рамках узаеманаведванняў “Бібліятэчны прагрэс – у садружнасці ЦБС” з калегамі Бялыніцкай ЦБС Магілёўскай вобласці (2007г.), Чэрвеньскай ЦБС Мінскай вобласці (2008г.). У маі 2008 года бібліятэка прыемна ўразіла гасцей Бярэзінскай ЦБС - загадчыкаў аддзелаў абслугоўвання Мінскай вобласці ўдзельнікаў абласнога семінара “Роля бібліятэкі ў фарміраванні здаровага ладу жыцця” не толькі яркім і прыцягваючым вока выглядам, але і добра арганізаванай работай па выхаванню здаровага ладу жыцця і прафілактыцы шкодных звычак. Напачатку 2009 года бібліятэка гасцінна вітала з творчай справаздачай калег па рабоце Бярэзінскай ЦБС на занятках выязной школы прафмайстэрства “Бібліятэка – інфармацыйна-культурны цэнтр аграгарадка”.
Цікавымі мерапрыемствамі 2012 года сталі тэатралізаванае прадстаўленне "Ідзе Каляда калядуючы", фальклорная вечарына "Побытавыя танцы", верар адпачынку "Любовь или влюлённость", літаратурна-музычныя кампазіцыі "Служу Айчыне", "Пусть тебя мой добрый ангел хранит", гумарыстычная вечарына "Просто цырк", конкурс "Мур-мур шоу". У рамках Года кнігі бібліятэкай аформлены выстава "Кніга крочыць па планеце" і тэматычныя паліцы, прымеркаваныя да юбілеў беларускіх класікаў Я. Коласа, Я. Купалы і М. Танка, праводзяцца мерапрыемствы па прапагандзе беларускай кнігі.
|