Купить антивирус касперского на Support.by        аренда виртуального cервера на Support.by

Б  Я  Р  Э  З  І  Н  С  К  А  Я  Ц Э Н Т Р А Л І З А В А Н А Я    Б І Б Л І Я Т Э Ч Н А Я   С І С Т Э М А
EditRegion1

АДРАС: 223325, Беларусь, Мінская вобл., в. Каменны Барок

КАНТАКТНЫ ТЭЛЕФОН: (8 017 15) 33 267, E-MAIL: Berezino-Kamennoborskaia_SB@tut.by

БІБЛІЯТЭКАР: Талочына Таццяна Дзмітрыеўна

 

БЯРЭЗІНСКАЯ ЦБС

З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
ДА ЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ

ЛЕТАПІС ЦБС

СТРУКТУРА

БЯРЭЗІНСКАЯ ЦБ

БЯРЭЗІНСКАЯ ДБ

СЕЛЬСКІЯ ФІЛІЯЛЫ

ДЫНАМІКА ПАКАЗЧЫКАЎ

КАТАЛОГІ

ПАСЛУГІ

АМАТАРСКІЯ АБ'ЯДНАННІ

КЛУБ ТВОРЧЫХ СУСТРЭЧ

У НАС У ГАСЦЯХ

ПАЗНАЁМ БАЦЬКАЎШЧЫНУ

КАЛЕКТЫЎ

КАНТАКТЫ

МЫ Ў ДРУКУ, ДРУК ПРА НАС

НАВІНЫ

КАРТА САЙТА

ПРАФСАЮЗНАЕ ЖЫЦЦЁ

 

КАМЕНАБОРСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА была адчынена за кошт прыбытку кааперацыі ў 1926 годзе да Дня Канстытуцыі як хата-чытальня і размяшчалася пад адным дахам з мясцовым клубам.

З 1936 года бібліятэкарам быў Берагейка Сцяпан Сяргеевіч, 1920 года нараджэння, пасля яго працаваў Мурашка Іван. У гады Вялікай Айчыннай вайны з прыходам немцаў у вёску ўсе бібліятэчныя кнігі былі схаваны мясцовымі жыхарамі на гарышчы будынка клуба, каля пячной трубы. Пасля заканчэння вайны, у час выбараў, у клубе затапілі печ і ад нагрэву трубы кнігі загарэліся і амаль усе згарэлі. Бібліятэку перасялілі ў былы будынак мясцовай пошты.

У лістападзе 1968 года загадчыцай бібліятэкі назначана мясцовая жыхарка з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй Анцыпава Фаціма Паўлаўна і ўжо с першых дзён працы праявіла сябе са станоўчага боку. Ёй праводзілася вялікая работа па прапагандзе ленінскай тэарэтычнай спадчыны, стварэнню і афармленню нагляднай агітацыі, арганізацыі бібліяграфічных аглядаў, літаратурных вечарын, чытацкіх канферэнцый і іншых масавых мерапрыемстваў. Бібліятэка, выконваючы ўзятыя сацыялістычныя абавязацельствы ў гонар юбілейных дат - 50-годдзя Савецкай улады, 50-годдзя БССР і Камуністычнай партыі Беларусі, 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна, удасканальвала сваю работу шляхам паляпшэння яе зместу і форм, стала сапраўдным цэнтрамі масава-палітычнай і выхаваўчай работы ў вёсцы, апорным пунктам партыйнай і камсамольскай арганізацый па камуністычнаму выхаванню працоўных, мабілізацыі калгаснікаў на выкананне заданняў пяцігодкі. У сувязі з падрыхтоўкай да залатога юбілею краіны ў бібліятэцы праведзены гутаркі "50 год утварэння СССР", "У братняй сям'і народаў краіны", віктарыны "Ці ведаеш ты сваю Радзіму і сваю рэспубліку?". У выніку Каменаборская бібліятэка выйшла пераможцай раённага спаборніцтва.

У пачатку 70-ых гадоў бібліятэкай абслугоўвалася шэсць населеных пунктаў, дзе налічвалася 237 двароў. Для больш шырокага ахопу насельніцтва кнігай былі адкрыты 4 перасоўкі, у тым ліку адна галіновая. Для абслугоўвання пенсіянераў і хатніх гаспадынь вылучаны 8 кніганош.

Вялікую ўвагу загадчыца бібліятэкі ўдзяляла прапагандзе грамадска-палітычнай літаратуры. Сумесна з арганізацыяй таварыства "Веды" былі распрацаваны канкрэтныя мерапрыемствы па прапагандзе рашэнняў ХХІУ з'езда КПСС, згодна з якімі аформлены кніжныя выстаўкі "Рашэнні ХХІУ з'езда партыі - у жыццё!", "Краіна выходзіць на новыя рубяжы", аформлены стэнд "Калгас "Рассвет" у пяцігодцы", плакат "Ленінскім курсам", картатэка "ХХІУ з'езд КПСС - з'езд ленінскай партыі!", рэкамендацыйныя спісы літаратуры "Праграма міру і стварэння" і іншыя. Пры бібліятэцы працаваў даведачна-кансультацыйны пункт, членамі якога праведзены гутаркі "Права на спадчыну і яго афармленне", "Членства ў калгасе, правы і абавязкі членаў калгаса", "Як дапамагчы дзецям вучыцца". Вялася картатэка газетных і часопісных артыкулаў па розных тэмах.

Значная ўвага надавалася прапагандзе атэістычнай літаратуры: былі аформлены кніжныя выставы, сумесна з мясцовым клубам праведзены гутаркі аб паходжанні і сутнасці рэлігіі, канферэнцыя чытачоў па аповесці Львова "Выратуйце нашы душы".

Адным з накірункаў работы была прапаганда сельскагаспадарчай літаратуры. У бібліятэцы былі аформлены стэнды "Майстрам высокіх ураджаяў", "Для вас, жывёлаводы", "Гэтыя кнігі - механізатарам", якія пастаянна абнаўляліся. Ладзіліся частыя выступленні па прапагандзе кніжных навінак на машынна-трактарным двары, на фермах і палях калгаса “Памяць Леніна”. Сваю работу бібліятэкар строіла па прынцыпу “Кожнай кнізе – свой адрас”. Гэта азначала, што просьба кожнага аматара кнігі бібліятэкар імкнулася максімальна задаволіць. У бібліятэцы заўсёды падтрымліваўся належны парадак. Каменаборская сельская бібліятэка стала сапраўдным культурна-асветніцкім цэнтрам у вёсцы. Штодзённа яе наведвала шмат чытачоў. За доўгія гады працы бібліятэкар Анцыпава Фаціма Паўлаўна вывучыла густ сваіх чытачоў, і гэта дапамагала ей параіць і падабраць наведвальніку кнігу па яго густу. Па выніках 1979 года ў бібліятэцы чытала 511 чалавек, якім было выдана 9 258 экз. кніг. Кніжны фонд складаў 10 788 экз. рознагаліновай літаратуры. За старанную і шматгадовую работу Фаціма Паўлаўна не раз узнагароджвалася граматамі і падзякамі аддзела культуры Бярэзінскага райвыканкама, адзначана медалём “Ветэран працы”.

У 1983 годзе па выніках сацыялістычнага спаборніцтва сярод бібліятэк раёна Каменаборская бібліятэка заняла трэццяе месца і ёй быў уручаны пераходны чырвоны вымпел аддзела культуры райвыканкама і прафсаюзнага камітэта.

На працягу 80-ых гадоў павысіўся ўзровень масава-палітычнай работы, змянілася якасць афармлення нагляднай прапаганды: штомесячна абнаўляліся выстаўкі “Час. Падзеі. Людзі.“, “Знамянальныя і памятныя даты“, “У ЦК КПСС“, “Сёння ў друку“, “Часопіс расказвае“, “Цікавы артыкул“ і іншыя. У пачатку 90-ых бібліятэка пачала паступовы пераход афармлення нагляднасці на беларускую мову. Адзін дзень у нядзелю – чацвер - адводзіўся для ўзмоцненай прапаганды беларускай кнігі. Значна пашырылася краязнаўчая работа па рэалізацыі абласных праграм “Спадчына”, “Памяць Міншчыны”. Сіламі бібліятэчных краяведаў-аматараў пачалася пошукавая работа па выяўленню і назапашванню краязнаўчых матэрыялаў, якія былі згрупаваны па тэмах і прадстаўлены ў краязнаўчым кутку бібліятэкі, выкарыстоўваўся пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.

У сувязі са значным памяншэннем колькасці насельніцтва зоны абслугоўвання Каменаборскай бібліятэкі знізіліся і планавыя паказчыкі. На канец 1996 года ў бібліятэцы чытала 200 чалавек, з іх 96 дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. Кнігавыдача склала ўсяго 1 717 экземпляраў кніг і перыядычных выданняў. Бібліятэчны фонд налічваў 7 506 экз. кніг і іншых друкаваных выданняў. Ад бібліятэкі не працавала ні воднага бібліятэчнага пункта. У зону абслугоўвання ўваходзіла 4 населеныя пункты: Каменны Барок, Вязькуціна, Дубраўка, Васілеўка, у якіх пражывала крыху больш за 500 чалавек.

З выхадам на заслужаны адпачынак Анцыпавай Ф.П. у жніўні 1997 года бібліятэку прыняла Кудзіна Алена Лявонаўна. Пашырылася творчая садружнасць бібліятэкі з мясцовым клубам, са школай, сумесна з якімі праводзіліся разнастайныя масавыя мерапрыемствы: святы, вечары адпачынку, конкурсы, літаратурныя, паэтычныя і краязнаўчыя гадзіны. Найбольш яркімі былі віктарына па гісторыі роднага краю “Міншчына ў мінулым і сёння”, свята паэзіі да 200-годдзя А. Міцкевіча, свята ўраджаю, фальклорныя святы “Каляды”, “Пакровы”, “Гуканне вясны”, “Купалле”, конкурс “А ну-ка, мамы”, вечарыны “Пагавары са мною, мама”, “Хоть частицу тепла унесите с собой”, ранішнікі “Сустрэча з казкай”, “Кніга добрая к нам у госці завітала” і іншыя. Напрыканцы 2000 года пры бібліятэцы пачынае дзейнічаць клуб “Светлячкі” для падлеткаў. У праграме клуба шмат цікавых мерапрыемстваў: заняткі па этыкету, рыторыцы, конкурсы, віктарыны, урокі духоўнасці, дні казкі, экалагічныя гадзіны, урокі дабрыні, вусныя часопісы па здароваму ладу жыцця. Аб'яўляюцца кампаніі па яднанні дзяцей па-за межамі клуба, у паўсядзённых кантактах (дні ўдзячнасці бацькам і настаўнікам, дні узаемнай культуры, тыдні добрых спраў, дні ветлівасці). Частыя госці клуба – бацькі, настаўнікі, старэйшыя браты і сёстры, бабулі і дзядулі членаў клуба. Прадугледжваліся мерапрыемствы па развіццю творчых здольнасцей дзяцей, іх уласных якасцей, павышэнню культуры дзяцей, усваенню асноў этыкету, пры гэтым кожны – не старонні назіральнік, а ўдзельнік. Практыкаваліся гадзіны шчырасці дзяцей “Мой любімы верш”, “Я і мая сям'я”, “Мая любімая пара года” і іншыя. Высокі маральна-выхаваўчы патэнцыял неслі урокі дабрыні “Сэрца маці”, “Воздастся вам по делам вашым”. На станоўчай рабоце клуба сказваліся ўласныя якасці кіраўніка Кудзінай А. Л.: уменне знайсці кантакт з дзецьмі, здольнасць захапіць іх, нефармальны падыход да справы, паэтычныя і музычныя здольнасці бібліятэкара. Рыхтаваліся інсцэніроўкі, праводзіліся музычныя рынгі. Бібліятэкар знаёміла дзяцей з уласнымі вершамі, што служыла ўзорам для юных. Сярод юных артыстаў – Собаль Насця, Аўтуховіч Каця, Шаграй Насця. У рабоце клуба ўлічваліся вядучыя каляндарныя святы года. Так, да Дня 8 сакавіка, да Дня Мацм, да Дня Настаўніка, да Дня хлебароба пасяджэнні клуба праходзілі па-святочнаму ўрачыста, з запрашэннем гасцей. Толькі за 2001 год праведзена: у форме ранішніка “Настаўніца першая мая” з запрашэннем любімых настаўнікаў, выпускам “жывой віншавальнай газеты” з песеннымі і гумарыстычнымі нумарамі мастацкай самадзейнасці. На пасяджэнне, прысвечанае жаночаму дню, члены клуба прыйшлі з бабулямі, якім адрасаваўся дзень удзячнасці з конкурсамі для дзяцей “Раскажы пра сваю бабулю”, “Скажы бабулі камплемент”, конкурсамі для бабуль “Казачніца”, “Кулінар”, “Спрытныя рукі” і іншыя. Да дня Маці была падрыхтавана інсцэніроўка “Зайка” з асноўным лейтматывам: “Мая мама – лепш за ўсіх!”. Да дня хлебаробаў удзельнікі клуба падрыхтавалі інсцэніроўку казкі “Рэпка” на сучасны лад, да Навагодняга свята – канцэрт-казку С. Маршака “12 месяцаў”.

У 2002 годзе ў сувязі з закрыццём блізляжачай Мацевіцкай сельскай бібліятэкі пашырылася зона абслугоўвання Каменаборскай бібліятэкі з дадатковым уключэннем чатырох населеных пунктаў Галынка, Людзвікава, Мацевічы, Масцішча. Агульная колькасць насельніцтва ў зоне абслугоўвання сельскай бібліятэкі перавысіла 700 чалавек. Па выніках года Каменаборскай бібліятэкай абслужана 250 наведвальнікаў, якім выдадзена 3 420 экз. кніг і іншых друкаваных выданняў.

У верасні 2003 года бібліятэкарам Каменаборскай бібліятэкі стала Талочына Таццяна Дзмітрыеўна. Чалавек творчы, ініцыятыўны, яна падоўжыла творчую эстафету папярэдняга работніка, імкнучыся ўнесці свой уклад у выхаванне чытачоў, да якіх з першых дзён працы ставілася з асаблівай цеплынёй і шчырасцю, імкнулася перадаць любоў да друкаванага слова. Таму заўсёдна ў бібліятэцы шматлюдна і весела. Прапаганду кнігі Таццяна Дзмітрыеўна ажыццяўляе пры дапамозе самых сучасных форм і метадаў.

 

 

Пераступіўшы парог бібліятэкі, наведвальнікі трапляюць у незвычайны свет кніг. Бібліятэчная прастора арганізавана такім чынам, каб зняць у чытачоў адчуванне скаванасці. Гэтаму спрыяе і прадуманы інтэр'ер бібліятэкі, дзе няма нічога выпадковага, і пануе асаблівая ўтульнасць, якую можа стварыць толькі ўлюбёны ў сваю справу бібліятэкар. Шмат увагі надаецца фітадызайну. Круглы год тут цвітуць пакаёвыя кветкі, расце высокая пальма, а пад клёнікам, які разгарнуў свае зялёныя лісточкі ва ўсе бакі, можна ўтульна размясціцца і пагартаць кнігу, газету або часопіс. Няма пустых лакун – усё асяроддзе запоўнена дзіцячымі малюнкамі, вырабамі з прыроднага матэрыялу, кветкамі. Таццяна Дмітрыеўна лічыць, што культура чалавека адлюстроўваецца ў яго паводзінах. Таму этычнае выхаванне з'яўляецца прыярытэтным накірункак дзейнасці Каменаборскай сельскай бібліятэкі. Распрацавана і плённа рэалізоўвалася доўгатэрміновая этычна-асветніцкая і выхаваўчая праграма для падлеткаў Каменаборскай бібліятэкі “Этыкет і мы”, якая прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў па этычнаму выхаванню на 2003 – 2006 гады. Дзеля гэтага ў бібліятэцы аформлена кніжная выстава-энцыклапедыя “Этыкет-ка”. якая з'яўляецца візітнай карткай бібліятэкі. Карысную інфармацыю даносяць наведвальнікам бібліятэкі выставы “Мы і наш дом”, “Мы – беларусы, мы народ такі”, “Зямля бацькоў – майго жыцця крыніца”. Данесці да разумення падлеткаў праўду пра шкодныя звычкі, правапарушэнні, аказаць дапамогу падлеткам у пераадоленні цяжкасцей падлеткавага ўзросту, арыентаваць на здаровы лад жыцця, прапагандаваць літаратуру аб правах і абавязках дзяцей і падлеткаў дапамагае кніжная выстава “Мы выбіраем здароўе”. Аб цудоўным свеце прыроды, яе прыгажосці і як усё гэта зберагчы, як сябе паводзіць у полі, лесе, на лузе, рэчцы расказвае выстава “Наш сябар - прырода”. У бібліятэцы праводзіцца значная работа па адраджэнні нацыянальных традыцый і культуры, вяртанні гістарычнай памяці, прапагандзе беларускай літаратуры, творчасці пісьменнікаў-землякоў. Яна пастаянна пашыраецца, узбагачаецца новымі знаходкамі і падыходамі ў справе далучэння дзяцей да спазнання сваёй “малой Радзімы”. Таццяна Дзмітрыеўна вучыць дзяцей праз прыгажосць разумець жыццё і людзей, прыроду і сусвет, але перш-наперш яна прывівае ім правілы этыкету, як паводзіць сябе ў тых ці іншых абставінах. Бібліятэкар Каменаборскай сельскай бібліятэкі плённа падаўжае работу клуба “Светлячкі”, заснаванага папярэднікам, і цяпер гэта аматарскае аб'яднанне - сапраўдная Школа пазакласнага выхавання і этыкету. Асноўны напрамак яе дзейнасці – маральна-этычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Дзеці з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі не толькі пасяджэнняў клуба, а і ў іншых самых розных масавых мерапрыемстваў бібліятэкі.

Цеснае супрацоўніцтва бібліятэкі са школай, сельскім Домам культуры і ФАПам дазваляе агульнымі намаганнямі шмат зрабіць дзеля таго, каб свой вольны час вяскоўцы праводзілі цікава і з карысцю. Сіламі падлеткаў – актывістаў ладзяцца мерапрыемствы па наладжванні адпачынку пажылых вяскоўцаў, пашырэнні іх суадносін з моладдзю.

З мэтай паляпшэння ўмоў камфортнасці для чытачоў у 2003 годзе ад бібліятэкі на базе магазіна вёскі Мацевічы арганізаваны пункт выдачы, а ў 2005 – у вёсцы Васілеўка. Шырока выкарыстоўваюцца нестацыянарнымі чытачамі не толькі кнігі з бібліятэчнага фонду і фонду кнігасховішча ЦБ, але і перыядычныя выданні. Таццяна Дзмітрыеўна разам з юнымі кнігалюбамі наведвае жыхароў аддаленых вёсак. У бібліятэцы 15 абанентаў надомнага абслугоўвання. Наведванне на даму дае магчымасць пажылым людзям хоць часткова наталіць прагу простых чалавечых зносін, якіх яны пазбаўлены адзінотай і хваробамі. Навучэнцы “Бібліятэчнай школы міласэрнасці” аказваюць розныя сацыяльныя паслугі людзям сталага ўзросту: набыццё лекаў, прадуктаў харчавання. Яны дапамагаюць па гаспадарцы: пры неабходнасці прыносяць дровы, ваду, вымыюць падлогу, вокны, прыбяруць на падворку, даставяць кнігі і перыядычныя выданні, прачытаюць услых, павіншуюць з днём нараджэння і іншымі святамі. Гэта садзейнічае выхаванню ў падлеткаў пачуцця міласэрнасці, дабрыні, спачування.

Дзякуючы дзейснай асветніцка-выхаваўчай рабоце, Каменаборская бібліятэка стала трывалым звяном у выхаванні дзяцей і падлеткаў, цэнтрам чытання, крыніцай інфармацыі і месцам сяброўскіх зносін большасці дзяцей вёскі. Тут кожны знаходзіць справу па душы. Тут пануе атмасфера даверу, творчасці і дабрыні.

Апроч гарантаваных бясплатных паслуг, у 2006 годзе бібліятэка пашырыла дадатковы платны сэрвіс: пачала аказваць паслугі па выдач ы кніг з камерцыйнага фонду.

У 2007 годзе бібліятэка аснашчана камп'ютэрам з выхадам у інтэрнэт.

Дзякуючы ўласным кантактам бібліятэкара з прадстаўніком дабрачыннага італьянскага фонда “Казалія Мансерата”, на грашовыя ахвяраванні гэтай ГА набыта ў 2007 годзе 130 экз. дзіцячай і мастацкай літаратуры, у 2009 - 49.

У 2007 годзе Каменаборская сельская бібліятэка стала пераможцай раённага агляду-конкурсу “Мерапрыемства – візітная картка бібліятэкі” у намінацыі “Лепшае мерапрыемства выхаваўчага характару”. У гэтым жа гаду, па выніках раённага агляду-конкурсу “Бярэзінскія бібліятэкі – Янку Купалу і Якубу Коласу”, прымеркаванага да 125 гадовага юбілею класікаў і абвяшчэннем 2007 года – годам Купалы і Коласа, Каменаборская бібліятэка вылучана ў намінацыі “За асабісты ўклад у справу папулярызацыі творчасці Я. Купалы і Я. Коласа”. Па выніках раённага-агляду-конкурсу 2008 года “Аматарскае аб'яднанне: імідж бібліятэкі” кіраўнік школы пазакласнага выхавання і этыкету “Светлячкі” Каменаборскай СБ Талочына Т.Д. адзначана ў намінацыі “Лепшае аматарскае аб'яднанне для дзяцей”.

Кожны дзень ідуць у бібліятэку дарослыя і дзеці. І гэта лепшае сведчанне таго, што Каменаборская сельская бібліятэка не губляе сваёй прыцягальнасці для чытачоў, бо тут можна атрымаць патрэбную кнігу, знайсці адказы на хвалюючыя пытанні, цікава і з карысцю правесці вольны час, папрацаваць за камп'тэрам. У зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзіць 8 вёсак. Колькасць жыхароў на 1 студзеня 2009 склала 561 чалавек. На тэрыторыі вёскі размешчаны школа, Дом культуры, магазін, пошта, упраўленне СВК “Мацевічы”. Па выніках мінулага 2009 года бібліятэку наведала 260 чытачоў, якім было выдана 4 173 экз. кніг, перыядычных выданняў і іншых дакументаў. Кніжны фонд налічваў 3 438 экз.

У 2011 годзе на базе Каменнаборскай СБ, якая ў гэтым годзе адзначыла свой 85-гадовы юбілей, прайшла выязная школа прафмайстэрства на тэму “Місія партнёрства і садружнасці ўстаноў культуры і асветы па стварэнні спрыяльных умоў для развіцця гарманічна развітай асобы жыхароў вёскі”. У праграме: прэзентацыя форм нагляднасці і трыбуна прафмайстэрства базавай бібліятэкі па рэалізацыі доўгатэрміновай этычна-асветніцкай і выхаваўчай праграмы для падлеткаў “Этыкет і мы”, акно рэкламы бібліятэчнага клуба “Светлячкі”: серыя рэкламнікаў, лістовак, буклетаў “Самы культурны жыхар вёскі”, “Самы, самы, самы сярод членаў клуба”, “10 самых цікавых мерапрыемстваў года”, паказам гумарыстычнага міні-спектакля “Этыкет і этыкетка”, рэкламнае шоў узорных форм мерапрыемстваў прыбібліятэчнай школы пазакласнага выхавання і этыкету, агіттрыбуна “Каменнаборская школа этыкету працуе нават летам!”.

Работа Каменнаборскай СБ адзначана на раённым аглядзе-конкурсе “Бібліятэка – збіральніца гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю” у намінацыі “За асабісты ўклад у справу папулярызацыі роднай мовы і культуры” .

Наперадзе ў Таццяны Дзмітрыеўны шмат цікавых спраў і задумак. Яна з аптымізмам глядзіць у будычыню і робіць усё магчымае, каб кніга і бібліятэка сталі неад'емнай часткай жыцця жыхароў вёскі.