|
![]() |
![]() |
АДРАС: 223311, Беларусь, Мінская вобл., г. Беразіно, вул. Камсамольская, 27 КАНТАКТНЫЯ ТЭЛЕФОНЫ: (8 017 15) 54 191, 55 458 E-MAIL: Berezinolib@mail.ru ДЫРЭКТАР: Зіноўева Святлана Уладзіміраўна |
З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
|
З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК РАЁНА ДА ЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ З гісторыі вядома, што на самым прыканцы ХУІІІ стагоддзя ў Белічанах у Масальскіх (Масальскія – уласніцкая сям'я, самая заможная, адукаваная і інтэлігентная па тым часе) была прыватная бібліятэка – адна з першых, магчыма, першая бібліятэка на тэрыторыі Бярэзіншчыны. У ХІХ стагоддзі ва ўсёй Расіі працягвалася развіццё прыватных бібліятэк, у тым ліку і на Бярэзіншчыне. Арганізуюцца бібліятэкі і пры народных вучылішчах, якіх у раёне на той час было 16 – Арэшкавіцкае, Астроўскае, Багушэвіцкае, Белічанскае, Брадзецкае, Бярэзінскае, Гарэніцкае, Дзмітравіцкае, Дулебскае, Жорнаўскае, Міраслаўскае, Новінскае, Неганіцкае, Пагосцкае, Паплаўскае і Якшыцкае. У іх быў невялікі кніжны фонд, які камплектаваўся ў асноўным кнігамі рэлігійна-павучальнага характару. Адначасова развіваецца кніжны гандаль. Так, 4 студзеня 1901 года мешчаніну Ідальі Аксельроду за подпісам мінскага губернатара выдадзена пасведчанне аб тым, што яму дазваляецца ў мястэчку Беразіно трымаць лаўку для гандлю кнігамі. 4 лютага 1903 года пачало дзейнічаць Бярэзінскае яўрэйскае таварыства дапамогі бедным яўрэям, пры якім функцыяніравала бібліятэка. А ўжо 29 жніўня 1904 года мінскі губернатар афіцыйна дазволіў таварыству ўтрымліваць у мястэчку Беразіно публічную бібліятэку і кабінет для чытання. На той час бібліятэка лічылася адзінай культурна-асветніцкай установай на тэрыторыі цяперашняга Бярэзінскага раёна, пры тым платнай. Паслугамі бібліятэкі працоўныя масы фактычна не карысталіся, паколькі ў іх не было грошай, ды і пісьменных было зусім мала. Пра бібліятэку 15 жніўня 1907 года пісала грамадска-палітычная і літаратурная газета буржуазна-ліберальнага напрамку “Окраина”: “У культурных адносінах мястэчка Беразіно стаіць вельмі высока. Дастаткова сказаць, што тут ёсць “публічная бібліятэка і кабінет для чытання”, дзе за 10 капеек у месяц вы маеце магчымасць браць на дом кнігі. Ледзь не штомесяц бібліятэка папаўняецца новымі кнігамі”. Далей паведамляецца, што газет у бібліятэцы няма. Гэта тлумачылася тым, што ў Беразіно існаваў рознічны продаж газет, і каб не канкурыраваць з газетчыкамі, бібліятэка не выпісвала перыядычных выданняў. Дакументы сведчаць: … 12 жніўня 1914 года ў адпаведнасці з загадам мінскага губернатара прыстаў ІІІ стану Ігуменскага павета раптоўна правёў рэвізію названай бібліятэкі. Прычым аглядам кніг і часопісаў, якія ёсць у бібліятэцы, нічога забароненага не выяўлена. У час рэвалюцыі 1905 – 1907 гадоў узніклі нелегальныя бібліятэкі пры сацыял-дэмакратычных арганізацыях. Такая арганізацыя існавала і ў Беразіно. У Беразіно частка літаратуры захоўвалася таксама пры самадзейным яўрэйскім тэатры, які, у прыватнасці, ставіў п'есы Шолам-Алейхема. Адна са старэйшых жыхарак горада Раіса Рыгораўна Міклуш (дзявочае прозвішча Храновіч) пацвярджае гэта з расказаў сваіх бацькоў. Вялікі Кастрычнік абвясціў новую эру ў жыцці чалавецтва. Крайне патрэбны былі адукаваныя грамадзяне. У 1921 годзе ў Ігуменскім павеце, у які ўваходзіла тэрыторыя сучаснага Бярэзінскага раёна, налічвалася 20 хат-чытальняў, якія наведвалі 5 600 чалавек. У іх збіралася на сходы моладзь, чытала газеты і часопісы, займалася мастацкай самадзейнасцю. Сюды прыходзілі і непісьменныя ці малапісьменныя людзі сталага ўзросту. Працавалі гурткі па ліквідацыі непісьменнасці. У мястэчку Беразіно, на базе кніжнага фонду коляшняй яўрэйскай бібліятэкі і кніг, сабраных у насельніцтва, была адкрыта ў 1925 годзе пры Народным доме першая публічная бясплатная бібліятэка, кніжны фонд якой складаў 1 500 экземпляраў на яўрэйскай, польскай, беларускай і рускай мовах. Першым бібліятэкарам была камсамолка Марыя Бенцыянава. Дакументы сведчаць: … На 1 апреля 1925 года в районе существовали: 1 нардом, 3 сетевых избы-читальни и 2 ликпункта. Кроме того, при большинстве сельсоветов работали избы-читальни примитивки, которые существовали за счёт средств местных партийных, комсомольских, советских и учительских организаций. Нардом и избы-читальни обследованы по нескольку раз. Материальное положение изб-читален улучшено; все они отремонтированы. Нардом пока не достаточно оборудован, нет средств для ремонта. Культурная работа лучше всего поставлена в Беличанской и Богушевичской избах-читальнях. В Богушевичском сельсовете удалось на каждые 4 двора выписать по газете. Там же в каждый населённый пункт дана передвижная библиотека. В Беличанах в избе-читальне постоянно можно видеть крестьян, что говорит за авторитет читальни. В Дмитровичской избе-читальне работа велась слабо, отсутствовал хороший заведующий, да и та работа, которая велась, проводилась местным учителем. Бюллетень Совета Народных Комиссаров БССР, 1926. Март. С. 90-95. Даныя гадавой справаздачы Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта Барысаўскай акругі з 1 студзеня 1925г. да 1 студзеня 1926г. У часы савецкай улады асноўнымі палітыка-асветніцкімі ўстановмі на вёсцы былі хаты-чытальні, якія былі ў авангардзе ўсіх дзяржаўных спраў: змагаліся з непісьменнасцю, дапамагалі ў калектывізацыі. У сярэдзіне 30 гадоў у раёне высокімі тэмпамі вялося будаўніцтва клубаў, хат-чытальняў, школ. З году ў год паляпшалася работа культурна-асветніцкіх устаноў. Усё шырэй у жыццё працоўных уваходзілі друк, радыё, кіно, электрычнасць, тэлефонная сувязь.2 лістапада 1931 г. пачала выходзіць раённая газета “Сцяг Леніна”. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў раёне была створана шырокая сетка культурна-асветніцкіх устаноў, якую амаль поўнасцю знішчылі нямецка-фашысцкія захопнікі ў перыяд акупацыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны большасць бібліятэк раёна спалена, а кніжны фонд знішчаны. У першыя пасляваенныя гады разам з эканомікай раёна аднаўлялася і яго культура. Павялічвалася колькасць дзеючых клубаў і бібліятэк. Былі адбудаваны старыя і ўзведзены новыя памяшканні. Як вынік - пасляваенны бібліятэчны фонд у шмат разоў перавысіў даваенны.
За першыя дзве пасляваенныя пяцігодкі адбыліся істотныя зрухі ў справе аднаўлення бібліятэк раёна. Аднак колькасны стан і склад бібліятэчных фондаў заставаўся ўсё яшчэ кепскім. У рабоце бібліятэк асаблівая ўвага была звернута на моладзь, гарадскую і сельскую інтэлегенцыю, на павышэнне культурнага ўзроўню вясковага насельніцтва. Бібліятэкі выкарыстоўвалі розныя формы і метады масавай работы з чытачамі: выставы, гучныя чытанні, літаратурныя вечарыны, чытацкія канферэнцыі і г.д. У далейшым важную ролю ў разгортванні бібліятэчнага руху адыграла вераснёўская (1959 года) Пастанова ЦК КПСС “Аб стане і мерах паляпшэння бібліятэчнай справы ў краіне”. Значны ўклад зроблены ў бібліятэчную справу ў пачатку 60-ых гадоў. У 1960 годзе ў вёсцы Чыжаха адкрыта сельская бібліятэка. У першай палове верасня 1961 года ў вёсцы Высокая Гара на зберажэнні акадэміка У.М. Перцава распачалося будаўніцтва васьмігадовай школы на 280 вучнёўскіх месцаў з бібліятэкай.
У чэрвені 1962 года ў раёне налічвалася 62 бібліятэкі, у тым ліку хаты-чытальні, прафсаюзныя і школьныя. На базе Паплаўскай бібліятэкі прайшоў семінар бібліятэчных работнікаў раёна. На пачатак красавіка 1964 года сетка масавых бібліятэк раёна была прадстаўлена раённай, дзіцячай і 15 сельскімі бібліятэкамі. У студзені 1964 года Дзмітравіцкай і Пагосцкай сельскім бібліятэкам прысвоена ганаровае званне “Бібліятэка выдатнай работы”. У канцы 60-ых гадоў бібліятэкі раёна праводзілі вялікую работу па прапагандзе ленінскай тэарэтычнай спадчыны, стварэнню і афармленню нагляднай агітацыі, практыкуючы кансультацыі, бібліяграфічныя агляды, літаратурныя вечары, кніжныя выстаўкі, агіт-плакаты. Бібліятэкі, выконваючы ўзятыя сацыялістычныя абавязацельствы ў гонар юбілейных дат - 50-годдзя Савецкай улады, 50-годдзя БССР і Камуністычнай партыі Беларусі, 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна, удасканальвалі сваю работу шляхам паляпшэння яе зместу і форм, сталі сапраўднымі цэнтрамі масава-палітычнай і выхаваўчай работы на сяле, апорнымі пунктамі партыйных і камсамольскіх арганізацый па камуністычнаму выхаванню працоўных, мабілізацыі калгаснікаў і рабочых саўгасаў на выкананне заданняў пяцігодкі. Пераможцамі спаборніцтва выйшлі раённая дзіцячая бібліятэка, Пагосцкая, Паплаўская, Перавозская, Каменаборская, Лагаўская сельскія бібліятэкі. Абмен вопытам работы бярэзінскіх бібліятэкараў з калегамі Бялыніцкага раёна адбыўся на абласным семінары ў Бялынічах у 1969 годзе.
На канец 1969 года ў раёне працуе 40 масавых і 80 школьных бібліятэк, 85 бібліятэк-перасовак і філіялаў, у якіх налічваецца больш як паўмільёна экземпляраў кніг, часопісаў і брашур. Чытаюць іх каля 30 тысяч чалавек. У 1970 годзе перад бібліятэкамі раёна паўсталі адказнейшыя задачы па прапагандзе рашэнняў ліпеньскага Пленума ЦК КПСС. Прымяняючы самыя розныя формы масавай работы - гутаркі і гучныя чыткі, плакаты і кніжныя выстаўкі, лекцыі і даклады, тэматычныя вечары, канферэнцыі, сустрэчы з удзельнікамі грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, ушанаванне перадавікоў сельскай гаспадаркі і прамысловасці, ленінскія чытанні бібліятэкі імкнуліся давесці гэтыя рашэнні да самых шырокіх мас працоўных і мабілізаваць людзей на паспяховае вырашэнне тых задач, якія паставіў Пленум перад працаўнікамі калгасаў і саўгасаў. Многа карыснага ў гэтым накірунку рабілася Паплаўскай, Лагаўской, Пагосцкай і Крапівеньскай бібліятэкамі. Лепшыя бібліятэкі і іх работнікі за добрасумленныя адносіны да працы былі ўзнагароджаны дыпломамі, граматамі, дабіліся павагі і аўтарытэту ў насельніцтва. Аднак, у рабоце бібліятэк было яшчэ шмат сур'ёзных недахопаў. Такія сельскія прыклубныя бібліятэкі, як Лешніцкая, Падваложская, Мацевіцкая, Шавярніцкая працавалі нездавальняюча, без належнай ініцыятывы, не сталі цэнтрамі выхаваўчай работы ў вёсцы. Памяшканні гэтых устаноў няўтульныя, брудныя, не вабяць вока чытачоў і наведвальнікаў. Работнікі раённай бібліятэкі мала бываюць у сельскіх бібліятэках, не кантралююць іх работу і не прад'яўляюць патрабаванняў за дапушчаныя недахопы ў дзейнасці сельскіх бібліятэк. Жыццё няўмольна рухалася наперад. Яшчэ нядаўна ўстановы культуры рыхтаваліся да 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна, а прыспеў час рыхтаваць працоўныя падарункі ХХІУ з'езду КПСС. Работнікам бібліятэк належыла падняць ідэйны ўзровень работы, зрабіць бібліятэкі сапраўднымі ачагамі культуры на сяле, памочнікамі партыйных і камсамольскіх арганізацый па выхаванню насельніцтва ў духу ленінскіх ідэй. Выкананне намечаных мерапрыемстваў, актыўны ўдзел у сацыялістычным спаборніцтве, атэістычная прапаганда, укараненне ў быт савецкіх грамадзянскіх святаў і абрадаў, распаўсюджванне перадавога вопыту ў вытворчасці - неадкладная тагачасовая задача кожнага работніка бібліятэк раёна. Сетка бібліятэчных устаноў раёна ўзбуйнілася: адкрыліся дзве бібліятэкі - Пуцькаўская і Ягадская. У першай палове 70-ых гадоў, ажыццяўляючы рашэнні ХХІУ з'езда КПСС і Пастанову ЦК КПСС "Аб падрыхтоўцы да 50-годдзя ўтварэння СССР", у раёне вялася значная работа па паляпшэнню зместу і павышэнню ўзроўню дзейнасці культасветустаноў, умацаванню іх матэрыяльнай базы. Пагосцкая, Паплаўская, Каменаборская, Гарэніцкая, Дзмітравіцкая, Арэшкавіцкая, Лагаўская, Брадзецкая, Перавозская і Лешніцкая сельскія бібліятэкі сталі сапраднымі цэнтрамі і апорнымі пунктамі партарганізацый у правядзенні ідэйна-выхаваўчай, масава-палітычнай і культурна-асветніцкай работы. Паплаўскай бібліятэцы прысвоена, а Пагосцкай падцверджана званне "Бібліятэка выдатнай работы". Замацоўваючы і развіваючы свой накоплены вопыт, яны актывізавалі сваю работу, пастаянна ўзбагачаючы яе новымі формамі і больш глыбокім зместам, праводзілі масавыя мерапрыемствы, прысвечаныя працаўнікам вёскі, чалавеку працы, перадавіку новай пяцігодкі. Вялікая работа праводзілася бібліятэкамі раёна па прапагандзе і пераўтварэнню ў жыццё матэрыялаў ХХІУ з'езда КПСС і ХХУІІ з'езда КПБ, Дырэктыў партыі па пяцігадоваму плану развіцця народнай гаспадаркі СССР. Разам з таварыствам "Веды" распрацаваны цыклы лекцый, тэматычныя вечары "Партыя, слухай, родная", "Працоўны поступ пяцігодкі", "Праграма новых здзяйсненняў", "Планы партыі - планы народа", "Саюз непарушны рэспублік свабодных", "Пад сонцам Радзімы", якія расказвалі аб шматнацыянальнай Радзіме, пра баявое і працоўнае братэрства савецкіх людзей. Праводзіліся вусныя часопісы, вечары пытанняў і адказаў, вечары сустрэч з удзельнікамі войнаў і ветэранамі працы, вечары адпачынку, ушанавання перадавікоў сельскай гаспадаркі, провады ў Армію. Паўсюдна ў бібліятэках аформлены плакаты "Планы партыі - планы народа", "Вышэйшая мэта КПСС - дабрабыт народа", "Маладым будаваць камунізм", "Ленінскім курсам", "50 гадоў утварэння СССР" і іншыя, арганізаваны выстаўкі “Камуністычная партыя Савецкага Саюза – партыя Леніна”. На выстаўках прадстаўлены першыя выданні прац Уладзіміра Ільіча, дакументы і рашэнні партыйных з'ездаў, канферэнцый, Пленумаў ЦК КПСС. Экспанаты выставак стваралі яркую карціну гераічнага шляху, пройдзенага за сем дзесяцігоддзяў, якія мінулі з часу ІІ з'езда Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Ва ўсіх бібліятэках аформлены куткі баявой і працоўнай славы. Вялася шырокая інфармацыя насельніцтва аб новай літаратуры, выпускаліся інфармацыйныя бюлетэні, для кожнай групы чытачоў складаліся планы чытання. Ад Пагосцкай, Паплаўскай, Каменаборскай і Гарэніцкай бібліятэках працавалі галіновыя перасоўкі. Кніжны фонд бібліятэк раёна складаў каля паўмільёна экзэмпляраў. Больш як 30 тысяч жыхароў раёна з'яўляліся чытачамі масавых бібліятэк. Дзіцячая бібліятэка стала абласной школай перадавога вопыта. У сакавіку 1973 года на яе базеі праходзіў семінар інстытута павышэння кваліфікацыі загадчыкаў дзіцячых бібліятэк рэспублікі. Аднак разам з вялікай арганізатарскай работай многія бібліятэкі яшчэ працавалі слаба і не задавальнялі ўсё ўзрастаючых патрабаванняў і культурных запытаў насельніцтва. Паводле пастановы ЦК КПСС “Аб павышэнні ролі бібліятэк у камуністычным выхаванні працоўных і навукова-тэхнічным прагрэсе” 1974 года ўся ўвага бібліятэк раёна была звернута на актыўную прапаганду палітыкі Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, дзейсную дапамогу партыйным арганізацыям у камуністычным выхаванні савецкіх людзей, павышэнні іх культурнага і навукова-тэхнічнага ўзроўню. Перад работнікамі бібліятэк была пастаўлена задача – ахапіць сваім абслугоўваннем прадпрыемствы і арганізацыі ўсіх галін народнай гаспадаркі, кожны населены пункт, кожную сям'ю. Бібліятэчным работнікам належыла бываць з кнігай непасрэдна на працоўных месцах - полі, і ў час абеду ці кароткачасовага адпачынку праводзіць з хлебаробамі і механізатарамі гутаркі, гучныя чытанні, дапамагаць рэдкалегіям насценных газет выпускаць “баявыя лісткі”, “маланкі”, “сатырычныя бюлетэні”, “Календары працоўнай славы”. У нагляднай агітацыі сельскіх бібліятэк былі прадстаўлены вынікі выканання вытворчых заданняў і ўзятых абавязацельстваў работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці – усімі, хто працуе на полі, таку, сушыльнай пляцоўцы, на зернаскладзе. Сумесна з клубнымі работнікамі арганізоўваліся спецыяльныя агітбрыгады, якія выязжалі на палявыя станы з канцэртамі мастацкай самадзейнасці. Бібліятэкі сталі глыбей вывучаць і паўней задавальняць запатрабаванні чытачоў. Павысіўся аўтарытэт бібліятэк сярод насельніцтва, умацавалася сувязь з працоўнымі калектывамі. У 1-ай палове 70-ых гадоў у раёне працуе 41 бібліятэка, з якіх 39 – на сяле. У бібліятэках паўсюдна практыкаваўся адкрыты доступ да кніжных фондаў, што дазваляла чытачу самому выбіраць па густу кнігу, глыбей вывучаць кніжны фонд, які налічваў 331290 экземпляраў. Па выніках дзейнасці за першае паўгоддзе 1974 года раённай, дзіцячай і сельскіх бібліятэк, асноўныя паказчыкі бібліятэчнай работы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павысіліся. Колькасць чытачоў на сяле ўзрасла на 1 776 і дасягнула амаль 16 тысяч. У гэтай справе нямала зроблена Шавярніцкай, Лешніцкай, Багушэвіцкай, Дулебскай, Капланецкай бібліятэкамі, якімі загадваюць Марыя Мігуцкая, Ніна Гамеза, Валянціна Няхай, Жана Маркоўская і Аляксандра Семяняка. З колькасным ростам чытачоў адпаведна павялічылася і колькасць кнігавыдач на 21190 экзэмпляраў. Але ў раёне заставаліся бібліятэкі, якія рэзка знізілі колькасць чытачоў: Вязькуцінская (заг. Вольга Гаравік), Мачаская (заг. Галіна Рыбачонак), Брадзецкая (заг. Валянціна Габец) і некаторыя іншыя. Усе сельскія бібліятэкі раёна састаялі на балансе сельскіх Саветаў. Камплектаванне і работа бібліятэк пастаянна знаходзілася пад іх кантролем і кожны год заслухоўвалася на сесіях сельвыканкамаў. Па неабходнасці аказвалася матэрыяльная дапамога. У адпаведнасці з пастановай ЦК КПСС “Аб павышэнні ролі бібліятэк у камуністычным выхаванні працоўных і навукова-тэхнічным прагрэсе” 1974 года пачалася каранная перабудова арганізацыйнай структуры сеткі бібліятэк краіны па прынцыпах цэнтралізацыі бібліятэчнага абслугоўвання, якая дазволіла аб'яднаць намаганні і матэрыяльныя рэсурсы бібліятэк, ажыццявіць адзіную палітыку камплектавання і апрацоўкі іх фондаў, кваліфіцыраваную метадычную дапамогу і фарміраванне бібліятэчных кадраў. Бярэзінская дзіцячая бібліятэка, нароўні з Несвіжскай і Маладзечненскай, стала рэспубліканскай базай вывучэння пытання аб мэтазгоднасці цэнтралізацыі бібліятэк. У пачатку 1974 года дзіцячая бібліятэка, Паплаўская і Любушанская сельскія бібліятэкі былі наведаны з гэтай мэтай групай бібліятэчных спецыялістаў начале з дырэктарам Усесаюзнай бібліятэкі імя У. І. Леніна (г. Масква). Па выніках была выдадзена брашура з выкладаннем практыкі рэгіянальных бібліятэк, у тым ліку дзіцячай горада Беразіно. Згодна плана пераводу бібліятэк на новую форму, зацверджанаму Міністэрствам культуры БССР 25 мая 1975 года Бярэзінскім райвыканкамам была падпісана пастанова аб арганізацыі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна. У гэтай сувязі было намечана правесці вялікую падрыхтоўчую работу. А іменна: ачысціць кніжныя фонды сельскіх бібліятэк ад састарэлай па зместу і прыйшоўшай у непрыгоднасць літаратуры, стварыць алфавітныя і сістэматы чныя каталогі, на аснове якіх належыла ствар ыць генеральны каталог на ўвесь фонд раёна, комплекс картатэк, адзіны каштарыс на камплектаванне цэнтральнай бібліятэкі і яе філіялаў. Розны ўзровень работы сельскіх бібліятэк, цякучасць кадраў, адсутнасць каталогаў, слабая матэрыяльная база ўскладнялі работу па падрыхтоўцы і пераходу на цэнтралізацыю. Найбольш складанымі і працаёмкімі з'яўляліся падрыхтоўка да аб'яднання кніжнага фонда бібліятэк, арганізацыя сістэмы каталогаў і картатэк. Неабходна было вызначыць у кожнай бібліятэцы няпрофільную, дублетную і невыкарыстоўваемую літаратуру, выявіць, па якіх тэмах не хапае кніг, ці ўсе яны ўлічаны і апрацаваны, ці адпавядае ўлік наяўнасці кніжнага фонду. Усе непатрэбныя кнігі былі перада дзены праз цэнтральную бібліятэку ў абменны фонд рэспубліканскай і абласной бібліятэк. Праведзена значная работа па далейшаму развіццю бібліятэчнай справы ў раёне. Добра падрыхтаваліся да пераходу на новую сістэму абслугоўвання Лешніцкая, Паплаўская, Каменаборская, Котаўская, Падваложская, Брадзецкая, Лагаўская, Любушанская, Прыборская бібліятэкі. |