|
![]() |
![]() |
АДРАС: 223316, Беларусь, Мінская вобл., в. Гарэнічы КАНТАКТНЫ ТЭЛЕФОН: (8 017 15) 32 474 БІБЛІЯТЭКАР ІІ КАТЭГОРЫІ: Слабко Надзея Рыгораўна |
З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
|
ГАРЭНІЦКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА мае сваім годам нараджэння пасляваенны 1955 год. Першай загадчыцай Гарэніцкай хаты-чытальні была Францкевіч Марыя Іванаўна, 1927 года У 1966 годзе ў вёсцы Гарэнічы быў узведзены новы будынак клуба, у якім адзін пакой з асабным уваходам быў адведены пад бібліятэку. Памяшканне бібліятэкі мела плошчу 92 кв.м. У верасні загадчыцай Гарэніцкай бібліятэкі была назначана Несцяровіч Дзіяна Іванаўна з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Дзіяна Іванаўна шмат увагі надавала прапагандзе беларускай літаратуры сярод юных чытачоў. Для таго, каб дзеці і падлеткі больш чыталі кніг беларускіх пісьменнікаў, быў складзены сумесна з мясцовай школай каардынаваны план чытання кніг па класах, праводзіліся канферэнцыі, літаратурныя вечары, кніжныя агляды новых паступленняў, афармляліся кніжныя выставы, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў і прымеркаваныя да іх юбілеяў. Рэгулярна праводзіліся гучныя чытанні па кнігах з наступным іх абмеркаваннем. Не заставалася па-за ўвагай і дарослае мясцовае насельніцтва. Сумесна з мясцовым клубам арганізоўваліся святочныя праграмы і вечарыны. У 1970 годзе Дзіяна Іванаўна стала стваральнікам і першым кіраўніком фальклорнага калектыва “Лучына”, на рэпетыцыі якога збіраліся жанчыны – працаўнікі мясцовага калгаса “Бярэзінскі” Соф'я Сцяпанаўна Барысевіч, Марыя Карпаўна Несцяровіч, Соф'я Рыгораўна Дзімідчык, Ганна Емельянаўна Раманоўская. Паступова павялічвалася, з 8 да 14 чалавек, колькасць яго ўдзельнікаў. Год ад году пашыраўся рэпертуар, які на канец 1982 года налічваў звыш сотні самабытных песень. Акрамя вышэй названых самадзейных артыстаў-ветэранаў, удзельнікамі ансамбля з'яўляліся Еўдакія Іванаўна Сакалоўская, Соф'я Мацвееўна Шахваростава, Вера Уладзіміраўна Гоман, Любоў Андрэеўна Рахманька, Лідзія Паўлаўна Аўтуховіч, Валянціна Фёдараўна Бурая, Ніна Мартынаўна Мілёхіна, Марыя Іванаўна Гарошка, Алена Андрэеўна Лаўцова. Цёпла прымалі калектыў у родным калгасе “Бярэзінскі”, на раённых святах, ён неаднойчы выступаў у Мінску, Маладзечна, Пухавічах і іншых гарадах вобласці і рэспублікі. Двойчы пабываў у Маскве, выступаў на ВДНГ, запісаўся ў фірме грамзапісу на пласцінку. Неаднаразовы пераможца раённых аглядаў-конкурсаў “Глыбокія крыніцы”, лаўрэат УІ рэспубліканскага конкурсу фальклорных калектываў ансамбль “Лучына” не раз выступаў на Беларускім тэлебачанні – у праграме для жанчын “Алеся” і перадачы “Чароўны куфэрак бабкі Маланні”. У верасні 1982 года Несцяровіч Дзіяна Іванаўна перайшла з бібліятэкі працаваць у школу, але ўсё яшчэ заставалася кіраўніком фальклорнага калектыву, толькі ў 1985 годзе перадала кіраўніцтва гуртом загадчыцы мясцовага клуба Ніне Іванаўне Бурай. Калектыў папоўніўся новымі ўдзельнікамі - старшакласніцамі Гарэніцкай школы Ірынай Лукашэвіч, Людзмілай Цюхай, Таццянай Шмэрка, Таццянай Іванаўнай і Таццянай Яўгенаўнай Бурымі. Па выніках раённага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці 1996 года калектыву “Лучына” прысуджана першае месца, кіраўніком якога з 1992 года ўжо стаў Сяргей Валянцінавіч Сакалоўскі. Шчодра дорыць людзям сваё мастацтва этнаграфічны ансамбль “Лучына” і сёння, у састаў якога ўваходзіць 7 жанчын пенсійнага ўзросту пад кіраўніцтвам цяперашняга бібліятэкара Гарэніцкай сельскай бібліятэкі Слабко Надзеі Рыгораўны, якая прыйшла працаваць у бібліятэку 1 лютага 1993 года. Да гэтага часу працавалі Слабко Марыя Іванаўна (20.09.1982 – 19.08.1983гг.) і выпускніцы Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна Мазанік Ірына Уладзіміраўна (02.08.1983 – 11.11.1990гг.), Цыбулька Алена Леанідаўна (03.08.1988 – 01.09.1991гг.), Пшанічнік Таццяна Рыгораўна (08.08.1991 – 01.02.1003гг.). У 1992 годзе ў бібліятэцы быў зроблены рамонт. Маладыя спецыялісты ўносілі сваю лепту ў работу бібліятэкі па прапагандзе кнігі, ад іх і прыняла эстафету цяперашні бібліятэкар, бібліятэка стала месцам еднасці прыхільнікаў кніжнай духоўнасці, чытачоў-актывістаў, кнігалюбаў усіх узростаў. Наладжана цесная садружнасць з мясцовым клубам, са школай, мясцовымі органамі кіравання, што паклала пачатак правядзенню штогадовых рытуалаў ушанавання перадавікоў сельскай гаспадаркі, вечароў адпачынку для аднасяльчан, агульных бібліятэчна-школьных вечарын і літаратурных гасцёвень. У 1997 годзе, у рамках дабрачыннай акцыі “Дапамажы бібліятэцы” калгасам “Бярэзінскі” выдаткавана Гарэніцкай бібліятэцы 2,7 млн. рублёў на набыццё новай літаратуры. У зоне абслугоўвання бібліятэкі 5 населеных пунктаў: Гарэнічы, Аўгустова і маланаселеныя вёскі Даўгалессе, Чырвоны Бор, Чырвоны Вугал. На канец 90-ых гадоў колькасць насельніцтва складала 600 чалавек. Штогод Гарэніцкай бібліятэкай абслугоўвалася каля 350 чытачоў, якім выдавалася звыш 4,5 тыс. экз. кніг, перыядычных выданняў і іншых дакументаў. Кніжны фонд налічваў каля 10 000 друкаваных выданняў. З мэтай паляпшэння камфортнасці чытачоў на базе вёскі Аўгустова была наладжана работа бібліятэчнага пункта, дзе абслугоўвалася каля 50 чалавек і выдавалася звыш 400 экз. кніг, газет, часопісаў. У полі пастаяннай увагі бібліятэкара і сацыяльна неабароненая катэгорыя насельніцтва: інваліды і адзінокія састарэлыя людзі, якія не маюць магчымасці асабіста наведаць бібліятэку, пагэтаму кнігі дастаўляюцца ім на дом.
Адным з асноўных накірункаў дзейнасці бібліятэкі было і застаецца краязнаўства. Гэта бачна адразу, як заходзіш у бібліятэку, дзе наведвальнікам прапануецца выстава “Цвіці, каласуйся, мой край!”, дзе прадстаўлены кнігі, матэрыялы пра гістарычнае і сучаснае жыццё раёна, вырабы мясцовых умельцаў і візітныя карткі пісьменнікаў Бярэзіншчыны. Акрамя назапашвання матэрыялаў і экспанатаў, звязаных з гістарычным мінулым краю, бібліятэка актыўна займаецца і іх прапагандай сярод насельніцтва. Далучэнню чытачоў, асабліва падрастаючага пакалення да гісторыі Бацькаўшчыны, да яго духоўнай скарбніцы ўсямерна спрыяюць праводзімыя бібліятэкай цыклы краязнаўчых урокаў “Край, адкуль мы родам”, “Яны жывуць сярод нас”, “Славутыя людзі Бярэзіншчыны”. З асаблівай увагай адносіцца Надзея Рыгораўна Слабко да народнай спадчыны. Знаходзіць час, каб абысці вяскоўцаў, паразмаўляць са старымі, запісаць з іх слоў успаміны пра былое, народныя песні, абрады, каб захаваць іх у бібліятэчнай скарбонцы, папулярызаваць на імправізаваных святах абраднасці, якія ўвойдуць у побыт. Сярод якіх, асабліва каларытныя”Калядныя варожбы”, “Сватанне” і “Вяселле”. Сама Надзея Рыгораўна, маючы добрыя вакальныя здольнасці, з'яўлялася пастаяннай і актыўнай удзельніцай фальклорнага гурта “Лучына”, а з 2007 года - кіраўнік фальклорнага гурта “Лучына” вёскі Гарэнічы. Асабістымі намаганнямі Слабко Н.Р. пры бібліятэцы ў 2000 годзе створаны ў традыцыях пераемнасці фальклорны гурт для старшакласнікаў “Крынічка” – сапраўдная абноўленая крнынічка для фальклорнага гурта “Лучына”. Гурткоўцы на сваіх пасяджэннях знаёмяцца з беларускімі народнымі святамі і абрадамі, спяваюць песні, адраджаюць гульні сваіх бабуль і дзядуль, удзельнічаюць у сумесных бібліятэчн-школьных масавых мерапрыемствах, прысвечаных знамянальным і памятным датам чырвонага каляндара. Практыкуюцца сустрэчы фальклорных калектываў моладзі “Крынічка” з дарослымі ўдзельнікамі гурта “Лучына”, якія нясуць выхаваўча-патрыятычны запал, спрыяюць еднасці пакаленняў, бо так падлеткі спазнаюць спадчыну роднага краю з вуснаў паважаных на вёсцы людзей-знаўцаў і прыхільнікаў былых вясковых абрадаў і традыцый, каб потым адрадзіць, прапісаць у побыце і культурна-абрадавым святочным календары вёскі. Сярод іх “Сватанне”, “Вяселле”, “Гуканне вясны”, “Купалле”, “Тройца”, “Каляды” і інш.. Сапраўднай школай папулярызацыі вясковай фальклорнай скарбонкі сталі пасядзелкі членаў фальклорных гуртоў “Крынічка” і “Лучына” “Усе дарогі – ад парога”, “Жыццё – праспяваная песня”, “Песня з кнігай пераклікаецца”, “Старым – не забыцца, малым – навучыцца”, “Матуліны песні і калыханкі”,, “Песня душу грэе”, “Бабульчын куфэрак”, “Сярпок – бабулін памагаты вітае жніўні час”, “Старадаўнія дзіцячыя гульні” і інш.. Атрымалі пастаянную прапіску гадзіны абраднасці да святаў народнага каляндара “Калядкі – добрыя святкі”, “Вялікдзень”, “Сёння ў нас Купалле”, “Зіму замыкаці, вясну загукаці” (Масленіца), “Зялёнае свята : Тройца!”, фальклорныя інфарміны “Беларускія тосты”, “Віруе гарэніцкі кірмаш”, “З гісторыі вясковых кірмашоў”, “Вясковыя кірмашы – святы душы” і іншыя. У 2002 годзе ў сувязі з закрыццём блізляжачай Косаўскай сельскай бібліятэкі пашырылася зона абслугоўвання Гарэніцкай бібліятэкі з уключэннем двух населеных пунктаў Гурэшчына і Косаўка. Агульная колькасць насельніцтва ў зоне абслугоўвання сельскай бібліятэкі перавысіла 900 чалавек. На базе вёскі Косаўка быў адкрыты бібліятэчны пункт. У 2002 годзе Гарэніцкай сельскай бібліятэкай абслужана 322 наведвальнікі, якім выдадзена 4 446 экз. кніг і іншых друкаваных выданняў. За кошт закрытай Косаўскай бібліятэкі, павялічыўся і кніжны фонд установы вёскі Гарэнічы. Ён склаў 11 590 экз.. У 2005 годзе, па прычыне ўзнаўлення работы Косаўскай бібліятэкі, зона абслугоўвання Гарэніцкай бібліятэкі набыла першапачатковы варыянт. Паказчыкі за год склалі 264 чытачоў і 3 954 кнігавыдач.
Прадуманая і сістэматычная работа Надзеі Рыгораўны замацавала за Гарэніцкай сельскай бібліятэкай імідж інфармацыйна-прапагандысцкага, культурна-асветніцкага і краязнаўчага цэнтра на вёсцы, дзе вялікая ўвага надаецца назапашванню, захаванню культурнай спадчыны роднай вёскі, зберагаецца і з шанасцю перадаецца ад пакалення да пакалення. Прыбібліятэчныя клубы “Крынічка” і “Лучына” выхоўваюць у вяскоўцаў любоў і павагу да народных традыцый, народнай творчасці і масцеравітасці. Пошукава-краязнаўчая дзейнасць дапамагае членам клуба ўнесці асабісты ўклад у справу зберажэння сельскага
Напрацоўкі мінулых гадоў і накоплены вопыт бібліятэкара Слабко Надзеі Рыгораўны замацавалі ў сучасным грамадстве, у сацыяльна-культурным жыцці раёна за Гарэніцкай сельскай бібліятэкай уласную місію як бібліятэка-скарбонка мясцовага фальклору.
У 2011 годзе Гарэніцкая СБ падрыхтавала цыкл “Вячоркі ў сялянскай хаце”, свята “Паспяшайся на кірмаш” з удзелам фальклорнага калектыву “Лучына”, удзельніцы якога адрадзілі гісторыю вясковых кірмашоў. Лялечныя тэатралізаваныя прадстаўленні “Зайка”, “Непаслухмяная Насця”, “Бабіна навука”, “Лясныя сваты” ладзяць удзельнікі лялечнага гуртка “Аленка” Гарэніцкай СБ для выхаванцаў дзіцячага садка і наведвальнікаў летняй пляцоўкі пры школе. Бібліятэка працягвае пачэсную справу Адраджэння Духоўнасці вяскоўцаў праз Кнігу, праз Традыцыйную Культуру, падцвярджаючы дэвіз: “Песня з Кнігай пераклікаюцца, у адзіную жыватворную Крыніцу зліваюцца!”. |