|
![]() |
![]() |
АДРАС: 223311, Беларусь, Мінская вобл., г. Беразіно, вул. Камсамольская, 27 КАНТАКТНЫЯ ТЭЛЕФОНЫ: (8 017 15) 54 191, 55 458 E-MAIL: Berezinolib@mail.ru ДЫРЭКТАР: Зіноўева Святлана Уладзіміраўна |
|
З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
|
У апошнія гады Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка стала базавай установай па вывучэнні і прапагандзе літаратурнага краязнаўства, арганізацыі і правядзенні цікавых сустрэч. У 2005 годзе на яе базе дэбютаваў КЛУБ ТВОРЧЫХ СУСТРЭЧ для бібліятэкараў раёна і аматараў літаратуры і роднай мовы з запрашэннем званых гасцей -землякоў – творчых людзей і аматараў прыгожага пісьменства з прэзентацыяй іх твораў і самавыдавецкіх зборнікаў літаратурнай творчасці. Кожнае пасяджэнне клуба – гэта адкрыццё новых старонак жыцця і дзейнасці аматараў прыгожага пісьменства, таленавітых людзей. Першая сустрэча пад назвай “Жанчына – сінонім творчасці” з Аленай Лучанок, жыхаркай горада Беразіно, самабытнай казачніцай адбылася вясной 2005 года. Аўтар прэзентавала зборнік “Ідзе казачнік па свеце”, а гурток "Пятрушка" дзіцячай бібліятэкі падрыхтаваў лялечнае прадстаўленне паводле яе казкі “Пра дурных вераб'ёў і хітрага голуба”. Тэмай размовы на сустрэчы“Мужчына – сінонім творчасці” стала літаратурная творчасць Віктара Кулігіна, творы якога, народжаныя паводле назіранняў, кранаючы сваёй шчырасцю і жыццёвай праўдай, тонкім псіхалагізмам і драматызмам адлюстраваных гісторый, увайшлі ў зборнік “Варыянты шчасця”. На сустрэчы “Журналіст – сінонім таленту” супрацоўнік рэдакцыі раённай газеты “Бярэзінская панарама”, мастак і паэт-аматар Уладімір Несцяровіч прадставіў на суд гледачоў больш за два дзесяткі сваіх карцін “Гімн роднай прыродзе” і прачытаў вершы з прэзентаванага зборніка паэзіі “Жыву і дыхаю, мой край, табой!”. З вялікай любоўю ён адлюстроўвае ў сваіх работах родныя мясціны: пейзажы роднай старонкі, раку Бярэзіну, вуліцы свайго дзяцінства. Кожная сустрэча з цікавым чалавекам не проста ўносіць разнастайнасць у наша жыццё, але і ўзбагачае духоўна. Менавіта такія пачуцці ўзніклі ў чытачоў пасля сустрэчы “Ігнат Сабчук: творчы партрэт буйным планам” са знакамітым земляком, паэтам-сатырыкам Бярэзіншчыны. Паэт чытаў свае гумарыстычныя вершы і байкі, адказваў на пытанні. Слухачы не хацелі разыходзіццца, і гэта было самай лепшай узнагародай арганізатарам і ўдзельнікам сустрэчы. Жывая, зацікаўленая размова ішла ў час сустрэчы “Паэтычная хваля Бярэзіншчыны ў літаратурным моры сусвету” з вядомай зямлячкай Гертрудай Шчур, якая стала пераможцай міжнароднага літаратурнага конкурсу - 2006 “Падарожжа прыходзіць само” з прэзентацыяй зборнікаў літаратурнай творчасці “Мая сталіца” і “Свет без вайны і насілля”. Госця падзялілася сваімі ўраджаннямі ад паездкі ў Польшу, агучыла вершы. У 2007 годзе выйшаў трэцці, нажаль пасмяротны, зборнік землячкі “Чарнобыль звоніць у званы ”. На пачатку красавіка 2007 года гасцямі клуба творчых сустрэч “Землякі літаратурнага таленту” былі пісьменнік-аматар з вёскі Якшыцы Сяржук Каліта і аматарка паэтычнага слова, кіраўнік лялечнага тэатра раённага Дома культуры Таццяна Верамейчык. Кожны з іх прэзентаваў свае зборнікі твораў. Празаічныя і вершаваныя творы Сяржука Каліты, пранікнутыя любоўю і павагай да роднага краю, да роднай мовы, да сваіх продкаў, сяброў і ўвогуле да ўсіх людзей, пабачылі свет у зборніку пад назвай “Хай нас усіх яднае неба і наша родная зямля. У зборніку Таццяны Верамейчык “Давайце кахаць на гэтай зямлі” увайшлі вершы з прызнаннем любові і павагі да таго куточка, дзе яна нарадзілася, дзе прайшло яе дзяцінства і юнацкія гады, у якіх паўстаюць вобразы бацькаў, суседзяў, аднавяскоўцаў.
Пад час сустрэчы “Пяснярка родных краявідаў” з паэткай-аматаркай Аленай Піскун адбылася прэзентацыя зборніка паэзіі дачкі і маці “Родныя краявіды”, своеасаблівага гімна роднай Лешніцкай зямлі.
Вершы зборніка “Голас сэрца – кліч душы” Дзіны Дзмітраўны Трапянок з'явіліся шчырай споведдзю сэрца на сустрэчы “Сонечная паэзія аптымістычнага ўзросту”. Разам са сваёй спадарожніцай гітарай завітаў у госці да клуба творчых сустрэч “Талент – гэта здольнасць здзіўляць” выканаўца аўтарскіх песень і песень на словы іншых паэтаў-землякоў, жыхар вёскі Мікулічы Сяргей Верамееў – лаўрэат І ступені ІІІ фестываля-конкурса аўтарскай песні і паэзіі “Вілейская хваля – 2007”. Адбылася сустрэча з земляком, паэтам-бардам Анатолем Волкавым, які прапанаваў слухачам сваё музычна-паэтычнае прысвячэнне "Куміры свецяць праз гады". Пад гітарны перазвон аўтар выконваў песні, прысвечаныя Мулявіну, Высоцкаму і іншым творцам.
На сустрэчы "Сто дарог" - за шэсцьдзесят год" з паэтам і мастаком, земляком, членам Беларускага саюза журналістаў, супрацоўнікам рэдакцыі раённай газеты "Бярэзінская панарама" Уладзімірам Несцяровічам прэзентавалася яго кніга "Сто дарог", выдавецтва "Галіяфы" 2008 года.
Жывая, зацікаўленая размова вялася і ў час сустрэчы "Зорная дарога фантаста" з літаратарам-земляком, супрацоўнікам рэдакцыі раённай газеты "Бярэзінская панарама" Алесем Бычкоўскім. Малады літаратар развівае жанр фантастычнага апавядання і ўпэўніна рухаецца ў напрамку стварэння фант-навелы.
У 2009 годзе адбылася сустрэча "Жанчына - сінонім творчасці" з мастаком-аматарам - земляком Алай Уладзіміраўнай Семяняка і прэзентацыя персанальнай мастацкай выставы "Прыгажосць роднай зямлі - у фарбах творчасці". Яе карціны зачароўваюць маляўнічымі фарбамі роднай прыроды, прыгажосцю краявідаў, праз якія выступаюць шчырасць і пяшчота, гучыць лірычная мелодыя розных пачуццяў і захаплення сваёй справай.
У чэрвені 2010 года на сустрэчы "Зямлячка зорнага таленту" званым госцеме стала мясцовая паэтка, адказны сакратар раённай газеты "Бярэзінская панарама", член беларускага саюза журналістаў Ніна Бенікаўна Федаровіч. Творы Ніны Бенікаўны напоўнены душэўнай спагадай, любоўю, у іх гучыць заклік да чалавечай дабраты і разумення. Хвалююць журналістку і адносіны ў сям'і, праблема бацькоў і дзяцей, захавання добрага маральнага клімату.
А ў верасні гэтага года адбылася сустрэча "Талент - гэта майстэрства здзіўляць" з фотакарэспандэнтам раённай газеты "Бярэзінская панарама" Аленай Громавай. “ПАД КРЫЛАМІ ЛЮБОВІ” пад такой назвай на базе актавай залы Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі дзейнічала на працягу ліпеня - верасня персанальная фотавыстава Алены Громавай у рамках бібліятэчнага салона-галерэі “Талент. Творчасць. Энтузіязм людзей Бярэзіншчыны”. Выстава складалася з дзвюх частак: фотаздымкі людзей, якія жывуць і працуюць побач з намі і краявіды бярэзінскай зямлі. У аснове іх - выразная пазіцыя і адметны светапогляд творцы. Экспрэсію і настрой фатограф заўважае ў штодзённым жыцці, камера – толькі дакладны інструмент, што ўзмацняе ўздзеянне рэальных станаў. Фатаграфіі Алены Громавай выяўляюць тонкае разуменне, здаецца, людзей нашага раёна – вядомых і малавядомых – “злоўленых” у момант сваёй натуральнасці і міжвольнага самараскрыцця. Тут такія твары, асабліва дзіцячыя!… Творца, які валодае выдатнай мастацкай інтуіцыяй, раскрывае нам саміх сябе не толькі ў серыі партрэтаў, але і ў тэме чалавек – горад. Фотаздымкі з упэўненасцю можна назваць “кожнадзённыя архівы”. Гэта цёплы, станоўчы, з паважлівым стаўленнем да чалавека расповед пра свой край. Яны раскрываюць нам свет, які настолькі прымільгаўся, што ўжо не заўважаецца. Але з цягам часу фатаграфіі Алены Громавай стануць фактам гісторыі нашага раёна і будуць здольныя ўвасобіць сёняшні дзень для патомкаў, даць адбітак рэчаіснасці ва ўсёй яе ўнутранай паўнаце. Заключным мерапрыемствам выставы стала сустрэча з яе аўтарам у рамках пасяджэння прыбібліятэчнага клуба творчых сустрэч. Алена Громава не толькі фатограф, яна яшчэ і паэтка. У 2009 годзе ў выдавецтве “ВЭВЭР” выйшла яе першая кніжка лірычных вершаў “С любовью, Вам”, якая таксама была прадстаўлена на выставе. У зборнік увайшлі вершы і здымкі, якія друкаваліся ў беларускай прэсе. Фотапогляд аўтара – своеасаблівая фотапаэзія, сінтэз верша і мастацка-публіцыстычнага фота. Аўтар пачынала сваю працоўную біяграфію тэхнолагам раённага аб'яднання прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Вершы прывялі яе ў раённую газету. Закончыла журфак БДУ. З 1990 года працуе фотакарэспандэнтам раённай газеты “Бярэзінская панарама”. Работы Алены Громавай як фотакарэспандэнта сведчаць аб высокім узроўні прафесіяналізму аўтара і друкуюцца не толькі ў нашай раённай газеце, а і ў іншых выданнях. Неаднойчы прымала ўдзел у фотаконкурсах газеты “Рэспубліка” і выходзіла ў лік пераможцаў. Была адзначана дыпломам міжнароднай грамадскай арганізацыі “Надежда-Экспресс”, амераканскай дабрачыннай арганізацыі “СитиХоуп Интернешил” і прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь за удзел у рэспубліканскім фотаконкурсе “Таямнічасць мацярынства”. На памяць аб сустрэчы Алена Громава пакінула свае пажаданні ў ганаровай кнізе сяброў бібліятэкі, а таксама персанальныя пажаданні адрасаваныя чытачам і аўтограф на сваёй кнізе, якая ёсць у кожнай бібліятэцы раёна. А сама атрымала цэлы стос незласлівых дасціпных шаржаў-эпіграм адрасаваных ёй і кветкі ад ўдзячных слухачоў. 19 мая 2011 года на базе раённай бібліятэкі адбылося свята-прэзентацыя зборніка публікацый народнага журналіста Ніны Мацвееўны Бурко “Сонца майго дня людзі” выдавецтва Бярэзінскай ЦБ з удзелам герояў публікацый і сталічных журналістаў (галоўнага рэдактара часопіса “Алеся” Т. Бунто і заг. аддзела пісьмаў, аўтара рубрыкі “Алё, народ на провадзе!”, конкурса творчасці чытачоў “Хто каго”, аўтара кнігі “Праз каханне” В. Доўнар).
30 чэрвеня прайшла сустрэча з землячкай, аўтарам зборніка “Неба ззяе промнямі душы” выдавецтва Бярэзінскай ЦБ Галінай Антонаўнай Яблонскай пад назвай “Пявучая родная мова гімнам скажа пра родны кут слова”.
|