Купить антивирус касперского на Support.by        аренда виртуального cервера на Support.by

Б  Я  Р  Э  З  І  Н  С  К  А  Я  Ц Э Н Т Р А Л І З А В А Н А Я    Б І Б Л І Я Т Э Ч Н А Я   С І С Т Э М А

АДРАС: 223311, Беларусь, Мінская вобл., г. Беразіно, вул. Камсамольская, 27

КАНТАКТНЫЯ ТЭЛЕФОНЫ: (8 017 15) 54 191, 55 458 E-MAIL: Berezinolib@mail.ru

ДЫРЭКТАР: Зіноўева Святлана Уладзіміраўна

 

БЯРЭЗІНСКАЯ ЦБС

З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭК
ДА ЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ

ЛЕТАПІС ЦБС

СТРУКТУРА

БЯРЭЗІНСКАЯ ЦБ

БЯРЭЗІНСКАЯ ДБ

СЕЛЬСКІЯ ФІЛІЯЛЫ

ДЫНАМІКА ПАКАЗЧЫКАЎ

КАТАЛОГІ

ПАСЛУГІ

АМАТАРСКІЯ АБ'ЯДНАННІ

КЛУБ ТВОРЧЫХ СУСТРЭЧ

У НАС У ГАСЦЯХ

ПАЗНАЁМ БАЦЬКАЎШЧЫНУ

КАЛЕКТЫЎ

КАНТАКТЫ

МЫ Ў ДРУКУ, ДРУК ПРА НАС

НАВІНЫ

КАРТА САЙТА

 

Бярэзінская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма была арганізавана ў 1976 годзе згодна плана пераводу бібліятэк на новую форму, зацверджанага Міністэрствам культуры БССР у адпаведнасці з пастановай ЦК КПСС “Аб павышэнні ролі бібліятэк у камуністычным выхаванні працоўных і навукова-тэхнічным прагрэсе” 1974 года на тэрыторыі Бярэзінскага раёна.

Бярэзінскі раён – часцінка Мінскай вобласці з ліку 22 раёнаў ардэнаноснай Міншчыны Рэспублікі Беларусь. Дата ўтварэння раёна: 17 ліпеня 1924 года. Геральдычныя сімвалы раёна і горада Беразіно зацверджаны ў лістападзе 2007 г. У склад раёна на 1 студзеня 2010 года ўваходзіць г. Беразіно і 218 населеных пунктаў у сельскай мясцовасці.

Раён мае свае геаграфічныя адметнасці. Тэрыторыя знаходзіцца на ўсходзе Мінскай вобласці і мяжуе з Магілёўскай вобласцю. Бярэзінскі раён суседнічае з трыма раёнамі Міншчыны (Барысаўскім, Крупскім, Чэрвенскім) і трыма – Магілёўшчыны (Бялыніцкім, Асіповіцкім, Клічаўскім).

У розныя гістарычныя перыяды абласное падчыненне раёна мянялася: з лютага 1938 г . – у складзе Магілёўскай, з верасня 1944 г . – у складзе Мінскай вобласці.

Бярэзіншчына займае плошчу 1,9 тыс. кв. км. і падзелена на 9 тэрытарыяльных адзінак – сельскіх Саветаў. Раён уключае 218 сельскіх населеных пунктаў (3 вёскі маюць аднолькавую назву “Бярозаўка”). Шэсць населеных пунктаў у сельскай мясцовасці атрымалі статус аграгарадкоў. У гады вайны спалены і не адрадзіліся 3 вёскі: Тоўсціца, Клешчыца Мачаскага, Уцешына – Брадзецкага с/С. На месцы апошняй, у полі ля дарогі, як напамінак аб зніклай вёсцы 3 ліпеня 1989г. пастаўлены помнік. Насельніцтва раёна налічвае 25,0 тыс. жыхароў – працалюбівых людзей гордых патоцка-сапегаўскіх крывей. У 2007г. адзначылася павялічэнне нараджальнасці і змяншэнне смяротнасці. Гэта паказчык станоўчай медыка-дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне: такога не было з 1991 г .

Раённы цэнтр – горад Беразіно знаходзіцца амаль на “залатой сярэдзіне” ажыўленага раздарожжа двух абласных гарадоў – Мінск-Магілёў. Па меркаванні віцэ-прэзідэнта АН Беларусі Гарэцкага геаграфічны цэнтр Еўропы знаходзіцца ў сярэдзіне трохкутніка Чэрвень-Асіповічы-Клічаў у 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Чыжаха Бярэзінскага раёна, што ў паўгадзіны язды ад горада, пагэтаму дасведчаныя людзі, у прыватнасці доктар гістарычных навук, прафесар Э.Р.Іофэ, з гонарам называюць Беразіно “Горадам цэнтра Еўропы”.

Дакладнай даты ўзнікнення мястэчка няма. Вядома толькі, што яно ўзнікла як гандлёвае селішча на беразе р. Беразіна, якая гістарычна з'яўлялася часткай вялікага воднага шляха “з вараг у грэкі” .

Згодна з пісьмовымі крыніцамі, першым уладальнікам Беразіно быў Канстанцін Іванавіч, князь Астрожскі. Гэтая постаць добра вядома ў беларускай гісторыі. Астрожскія – княжацкі род герба “Астрога”, прадстаўнікі якога займалі высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Паходзілі з пінскіх і тураўскіх князёў.

7 чэрвеня 1501г. уладальнікам Беразіно стаў князь Мікалай Сямёнавіч Вішнявецкі. Менавіта гэтая дата і з'яўляецца першым упамінаннем мястэчка ў афіцыйных дакументах. З сярэдзіны ХУІ стагоддзя Беразіно перайшло да князёў Сапегаў. У другой палове ХУІ ст. найбольш вядомым прадстаўніком гэтага роду быў Леў Іванавіч Сапега (1557-1633), пісар вялікі літоўскі, падканцлер Літоўскі, пад кіраўніцтвам якога было скончана складанне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г . Пры маршалку надворным літоўскім Казіміру Льву (Лявоне) Сапегу (1609-1656) у Беразіно ў 1641 г . быў пабудаваны драўляны касцёл, які згарэў у 1914г .

З 1668г. мястэчка Беразіно мела прывілей караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра на гандаль і штогадовы кірмаш. З 1671г . яно належала магнацкаму роду Тышкевічаў. Гэта быў графскі род у Беларусі, на Украіне і Літве, прадстаўнікі якога займалі дзяржаўныя і ваенныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.

У час Паўночнай вайны, у 1708 годзе Беразіно і яго наваколле сталі арэнай дзеянняў паміж Швецыяй і Расіяй. Так, пры ўварванні швецкіх войскаў Карла ХІІ у Расію рускія меркавалі затрымаць або адцягнуць пераправу шведаў праз Бярэзіну . З гэтай мэтай фельдмаршал граф Шарамецьеў адправіў да Барысава атрад колькасцю ў 8 тыс. Але Кар л ХІІ, пазнаўшы аб гэтым, вырашае аб хітрыць рускіх . Ён пасылае ў Барысаў генерала Спарэ з невялікім войскам , а сам рухаецца н а Ігумен і ў абыход Барысава ідзе да мястэчка Беразіно, дз е 16-17 ліпен я 1708г. перапраўляецца праз раку Бярэзіна .

З 1793г . Беразіно ўжо ў складзе Расійскай імперыі. Яно ўвайшло у Пагосцкую воласць Ігуменскага павета. Належала буйнейшым магнатам Патоцкім. Гэта быў шляхецкі род герба “Пілава”.

Падчас вайны 1812г. тэрыторыя Беразіно і яго наваколле сталі адным з месцаў канчатковага разгрому войскаў Напалеона. Штаб кватэра Кутузава знаходзілася ў вёсцы Жукавец, дзе перапраўлялася праз Бярэзіну і галоўнае расійскае войска. Праслаўлены герой вайны 1812г . Дзяніс Давыдаў таксама ваяваў на тэрыторыі Беразіно і Бярэзінскага раёна.

Зручнае геаграфічнае становішча мястэчка садзейнічала развіццю тут прамысловасці і гандлю, росту яго насельніцтва. У першай палове ХІХ ст. у Беразіно працавала суконная мануфактура, якая ў 1840 г. вырабіла 7740 аршын сукна. У 1858 г . у мястэчку налічвалася 459 дамоў і 1086 жыхароў. Праз 22 гады – у 1880г. – насельніцтва Беразіно склала 3 181 чалавек, з якіх 2 940 былі яўрэі. Сярод іх былі купцы, якія мелі самыя багатыя ва ўсёй Мінскай губерніі фірмы. З мястачковай прыстані адпраўлялася 5 млн. 500 тысяч пудоў грузаў, а прыбывала – звыш 70 тысяч пудоў.

Адмена прыгоннага права садзейнічала пераўтварэнню Беразіно ў прамыслова-гандлевы цэнтр не толькі Ігуменскага павета, але і ўсей Мінскай губерні.

У 1864г . у Беразіно адкрылася народнае вучылішча. Меліся дзве прыватныя навучальныя установы, аптэка, паштова-тэлеграфная кантора. Паводле дадзеных 1904г., у мястэчку дзейнічала адна бібліятэка, якая ўтрымлівалася мясцовым дабрачынным таварыствам. Кнігі можна было браць за невялікую плату. У Беразіно была бальніца на 10 ложкаў, дзе працаваў земскі ўрач.

У 1914г. у мястэчку адбыўся вялікі пажар, згарэла больш за 500 хат і пабудоў, дзве прыстані , пошта.

17 ліпеня 1924г . быў створаны Бярэзінскі раён, які ўвайшоў у склад барысаўскай акругі. У той час у Беразіно дзейнічала 13 прамысловых прадпрыемстваў і 17 млыноў – 6 дзяржаўных і 11 прыватных.

2 лістапада 1931г. выйшаў першы нумар раённай газеты, надрукаванай ў Магілеве, у Беразіно сваёй друкарні не было. Спачатку газета называлася “Калгаснік”, затым “За сацыялістычную жывёлагадоўлю”, а з 26-га нумара – “Сцяг Леніна”. З 2003 года - "Бярэзінская панарама".

З 15 студзеня 1938г. Бярэзінскі раён ўвайшоў у склад Магілёўскай вобласці, а 27 верасня 1938 г. мястэчка Беразіно было ператворана ў гарадскі пасёлак. У 1939г. у мястэчку налічвалася 4800 жыхароў.

З 3 ліпеня 1941г. па 3 ліпеня 1944г . Беразіно было акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На адной з вуліц Беразіно – Інтэрнацыянальнай па загаду нямецкага каменданта было створана гета. 1 лютага 1942 г . быў апошнім днем для 900 з лішнім жыхароў гета. На месцы гібелі ў 1960г. быў пастаўлены помнік ахвярам. За гады вайны ў Беразіно загінуў 1381 чалавек, з іх 206 на франтах, было спалена 517 жылых дамоў. У Беразіно і раёне дзейнічалі падпольныя райкомы КП(б)Б (20.07.1942-2.7.1944) і ЛКСМБ (ліпень-жнівень 1941; 3.9.1942-2.7.1944), выходзіла падпольная газета “Сцяг Леніна”.

З 20 верасня 1944г . Беразіно – цэнтр Мінскай вобласці, а з 1968г . мае статус горада, аднаго з 24 гарадоў вобласці. Гарадская тэрыторыя налічвае 902 га, працягласцю з поўдня на поўнач звыш 6 км, з усходу на захад звыш 3 км. У горадзе больш 105 вуліц і перавулкаў. Гарадское насельніцтва перавышае 13 тысяч жыхароў. 16 снежня 2008 года Беразіно наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, у сувязі з урачыстым адкрыццём газаправода ў горадзе і завяршэннем газіфікацыі гарадоў Беларусі. 8 ліпеня 2011 года гасцінна адчыніў свае дзверы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр "Лазурный".

Блакітная жамчужына раёна – адна з буйнейшых рэк Беларусі – Бярэзіна працякае па тэрыторыі раёна на працягу 104 км. Горад Беразіно – адзін з трох гарадоў на Бярэзіне ў 50-60 гады меў рачныя цеплаходныя зносіны з гарадамі Бабруйск і Барысаў. Мост праз Бярэзіну пабудаваны ў 1933 годдзе, на адкрыцці прысутнічаў старшыня Саўнаркама Галадзед Л. Спалены ў 1944г. пры вызваленні Беразіно ад нямецкіх акупантаў, мост быў адрамантаваны ў рэкордныя тэрміны – за 45 сутак! Удзельнікі крыжовага паходу па водах трох вялікіх рэк – Волгі, Дняпра, Зах. Дзвіны ў жніўні 2000 года сустракаліся ў Беразіно з мітрапалітам Філарэтам усея Беларусі. Водную сетку раёна, апроч Бярэзіны складаюць 34 ракі, 42 ручаі, возера Вокунь (20 га).

Бярэзіншчына – лясны край. Плошча лясоў складае 49 % тэрыторыі. Асноўныя віды дрэў – сасна (30% лясных угоддзяў), бяроза (27%). Дуб - сімвал раёна вынесены на герб. На Бярэзіншчыне 2 дубы з'яўляюцца помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння 200 і 400-гадовага ўзросту.

Асноўны профіль раёна – сельскагаспадарчы. У 1985г. Бярэзінскі раён стаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па вытворчасці малака з атрыманнем пераходнага Чырвонага Сцяга. Перадавы калгас “Ленінскія дні” ў 1978г. наведваўся польскай дэлегацыяй з абменам перадавым вопытам, а ў 1979г. атрымаў Дыплом гонару ВДНГ СССР за поспехі ў бульбаводстве, аўтамабіль ГАЗ і каляровы тэлевізар.

Будаўнічы рэнесанс даводзіцца на пасляваенныя гады. Самыя буйныя аб'екты ўзведзены ў 70-пач. 80-ых гадоў. У 2007г . здадзена ў эксплуатацыю 8 711 кв. м. агульнай жылой плошчы.

На тэрыторыі раёна 110 абеліскаў і манументаў, 68 помнікаў археалогіі, 3 помнікі архітэктуры, сярод якіх сядзіба Патоцкіх забудовы 1858г., галоўны корпус спіртзавода (забудова 1862г.), Багушэвіцкі касцёл.

Бярэзінская зямля ўзрасціла 2 Герояў Савецкага Саюза, 6 Герояў Працы, 12 пісьменнікаў-літаратараў, 4 артыстаў, 2 міністраў, 8 мастакоў, 17 вучоных, 1 кампазітара, 1 Заслужанага майстра спорта СССР. У нас ёсць бярэзінскі Сухамлінскі, бярэзінская Паша Ангеліна, бярэзінскі прарок, маёр з Байканура, бярэзінскі Прышвін і бярэзінская Маці Тэрэза. Лепшыя людзі раёна канца 90-х сталі героямі 3-га выпуска тэлеперадачы “Землякі” Нацыянальнага тэлебачання (1998г.). За 50-гадовую традыцыю ўручэння жанчынам ордэна “Мацярынская слава” і “Медаля Мацярынства” ганаровымі ўзнагародамі адзначана 253 бярэзінскіх жанчын-маці.

За 70 гадоў Бярэзіншчынай дасягнуты відавочныя змены ўмоў жыцця і працы жыхароў. Поўная электрафікацыя раёна завершана ў 1966г., у 1979г. раён уключаны ў абласную тэлефонную сетку. Першы гучнагаварыцель на Бярэзіншчыне з'явіўся ў 1926г. у в.Багушэвічы, а ў 1928г. – у Беразіно. Першы камбайн з'явіўся ў 1936г. ., першы тэлевізар - 50 гадоў назад, першы аўтобус па трасе Беразіно-Мінск быў пушчаны 80 гадоў назад. Зараз аўтатранспартным рухам звязана 207 з 218 населеных пунктаў раёна (94,9 %), сетка грамадскага транспарту ўключае 17 прыгарадных і 4 межгародных маршрутаў. Усе школы аснашчаны сучаснымі камп'ютэрамі.

На Бярэзіншчыне атрымаў прапіску з 10-гадовай традыцыяй правядзення (1 раз ў 2 гады) абласны фестываль народных тэатраў "Бярэзінская рампа". У 1993 годзе ў в.Капланцы на радзіме Міколы Равенскага творчай групай “Беларусьфільм” зняты дакументальны фільм, прысвечаны знакамітаму кампазітару сусветнага маштабу. У гонар аднаго з заснавальнікаў беларускага жывапісу - Валенція Ваньковіча ў в.Новая Калюжыца, па месцы нараджэння славутага земляка ўстаноўлены памятны знак, а ў Ушанскай бібліятэцы прадстаўлена міні-галерэя фотарэпрадукцый мастака.

10 гадоў на ніве Адраджэння культуры працуе Любушанскі Цэнтр традыцыйнай культуры, адкрыты адным з першых у вобласці.

Жыхары раёна плённай працай уносяць пасільную лепту ў далейшае развіццё, умацаванне і росквіт свайго раёна і Міншчыны, памнажаюць багацце і прэстыж нашай любімай Беларусі. Кожны год упісвае новыя радкі ў летапіс раёна, вобласці і краіны.

Значны ўклад у скарбонку культурнай спадчыны раёна ўносяць і супрацоўнікі бібліятэк Бярэзінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. На канец 2011 года бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва забяспечвалі 26 публічных бібліятэчных устаноў, у тым ліку 24 у сельскай мясцовасці. Кніжны фонд сістэмы налічваў 187 221 экземпляраў кніг, перыядычных выданняў і іншых дакументаў, якім карысталася 12 218 чытачоў. Кнігавыдача склала 189 683экз. За бягучы год паступіла 13 717 экз. кніг і іншых дакументаў. Бярэзінская ЦБС займае адметнае месца ў структуры бібліятэчных устаноў вобласці і рэспублікі. Цэнтральная бібліятэка – тройчы дыпламант рэспубліканскага краязнаўчага конкурса “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” (за 1997, 2007, 2009гг.), пераможца абласнога конкурса “Прафесіяналізм і наватарства – шлях да поспеху”(2005г.), заняла першае месца ў Рэспубліканскім конкурсе веб-сайтаў бібліятэк і ўстаноў бібліятэчнай адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Лепшы сайт гарадской (раённай) цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы” (2009г.), лаўрэат І ступені абласнога фестывалю бібліятэчнай творчасці-2010 “Сэрцам да подзвігу дакраніся” . У ранзе дыпламантаў рэспубліканскіх і абласных конкурсаў па краязнаўству і экалогіі – 3 сельскія бібліятэкі: Новінская, Багушэвіцкая, Любушанская. Сёння бярэзінскія публічныя бібліятэкі з'яўляюцца неад'емнай састаўной часткай культурнай прасторы раёна, яе надзейным рухавіком далейшага развіцця і творчага ўзбагачэння, уносяць свой уклад у справу ідэйна-эстэтычнага выхавання, умацавання маральных, гуманістычных, патрыятычных ідэй і каштоўнасцей у грамадстве, спрыяюць паглыбленню і пашырэнню нацыянальнай свядомасці бярэзінцаў, узбагачэнню духоўнага патэнцыяла землякоў, павышэнню ўзроўню прэстыжнасці адукацыі і грамадскай свядомасці.

Тым, хто цікавіцца гісторыяй і сучаснасцю Бярэзінскага краю дапамогуць самавыдавецкія выданні Бярэзінскай ЦБ:

Пра бярэзінскі край: Спіс фондаўтвараючай літаратуры краязнаўчага ядра бібліятэк Бярэзіншчыны. 2-ое выд. перапрац. і дапоўн. / Склад. Н.М. Маеўская.– Беразіно: БРЦБС, 2007. - 26 с.

Міншчына мая, я - часцінка твая: [Бярэзінскі раён у суквецці Мінскай вобласці]: Бібліяграфічны паказальнік / Склад. В.В. Багадзяж, Т.М. Круталевіч. - Беразіно: БРЦБС, 2008. - 47с.